Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стыхійны бунт на вуліцы Гамарніка


Палітыка “ўшчыльненьня” гарадзкой забудовы прыводзіць да ўсё больш частых стыхійных пратэстаў. Жыхары дамоў, якія заціскаюць скрыні новых шматпавярховых гмахаў, спрабуюць бараніцца.


Учора і сёньня ў менскім мікрараёне “Зялёны Луг” людзі пратэставалі супраць пабудовы паміж домам № 20 і гандлёвым цэнтрам “Віцебск” на вуліцы Гамарніка 12-павярховага жылога дому. Акцыя скончылася затрыманьнем адной з актывістак кампаніі непадпарадкаваньня, адна з удзельніц мае засьведчыць зьбіцьцё ў паліклініцы.

Жыхары вуліцы Гамарніка пратэстуюць супраць новабудоўлі. Апроч таго, што пад новыя дамы адыходзяць ходнікі, дзіцячыя пляцоўкі ды іншая інфраструктура, жыхары падазраюць шэрыя схемы ў працэсе допуску фірмы-заказчыка да будаўніцтва. Два дні тут ладзіліся стыхійныя акцыі пратэсту. Сёньня міліцыянты ўзялі паказаньні ў адной з удзельніц акцыі Ніны Нарубай, якая разам зь іншымі спрабавала перагарадзіць дарогу будаўнічай тэхніцы. Яшчэ адна ўдзельніца, Марына, зьбіраецца ў паліклініку, каб засьведчыць сьляды зьбіцьця, атрыманыя на будпляцоўцы:

“Трымалі, прыціснулі мяне да гэтых кратаў, якімі агароджаная будоўля. Прычым трымаў сам генэральны дырэктар будаўнічай кампаніі. У мяне нават здымак ягоны ёсьць, пасьпела зьняць яго на тэлефон. Ужылі сілу толькі таму, што я хацела перагарадзіць дарогу, каб туды не заехаў кран. Атрымалася так, што маму маю трымала міліцыя, адвяла яе ўбок ад дарогі, а я спрабавала спыніць кран. Але што зробіш супраць двухмэтровага шыракаплечага мужчыны? Натуральна, што ён мяне да гэтай сьцяны прыціснуў і машына спакойна праехала. Я ўжо вырашыла, што сёньня паеду здымаць пабоі. А там будзь што будзе”.

Дзьмітрый Нарубай, сын затрыманай спадарыні Ніны, расказвае, што ніводная з зацікаўленых структураў ня хоча пайсьці на перамовы з абуранымі жыхарамі дамоў, якія суседзяць з будаўнічай пляцоўкай:

“Мы некалькі разоў спрабавалі запрасіць прадстаўнікоў адміністрацыі нашага раёну, заказчыка будаўніцтва — прадпрыемства “Карповіч”. Але з намі папросту ня хоча размаўляць ніхто ўвогуле. Атрымаў сёньня адказ зь Дзяржаўнага нагляду, у якім яны канкрэтна напісалі: ня маюць паўнамоцтваў, каб вырашыць нашы праблемы. То бок гэта вырашаюць на ўзроўні ці Савету міністраў, ці Менгарвыканкаму. А гарвыканкам спасылаецца на ўшчыльненьне будаўніцтва, то бок на забудову тэрыторыі большай колькасьцю жыльля. Я вельмі не хачу, каб гэта ўсё набыло палітызаваны падтэкст, але, мяркуючы па ўсім, менавіта да гэтага ўсё ідзе”.

Дзьмітрый дадае, што сілавымі акцыямі жыхароў запалохаць ня ўдасца, таму акцыі — ужо не стыхійныя, а мэтанакіраваныя — будуць працягвацца.

Адзін з ініцыятараў кампаніі супраць “ушчыльненьня” гарадзкой забудовы ў мікрараёне “Зялёны Луг” Глеб Рубанаў цяпер займаецца тым, што вывучае законнасьць нормаў, у адпаведнасьці зь якімі вядзецца забудова паміж гандлёвым цэнтрам “Віцебск” і домам № 20:

“Сапраўды, у нас ёсьць палітыка ўшчыльненьня. Але яна фармальна скіраваная на тое, каб у першую чаргу будавалася жытло даступнае. Я вывучаў гэтае дзейнае палажэньне, і рэальна палітыка зараз выглядае так: калі фірма хоча пабудаваць дом, які яна пазыцыянуе як звычайны і не падвышанай камфортнасьці, ледзьве не сацыяльнае жытло, то перад ёй запальваецца “залёнае сьвятло”. Калі няма ўжо зусім вялікіх супярэчнасьцяў, гэтую зямлю даюць. Праверылі пляцоўку на адсутнасьць ракетных шахтаў, умоўна кажучы, і аддаюць. Калі ж будуецца элітнае жытло, то там зусім іншы парадак. І з тых дакумэнтаў, якія ў нас зараз ёсьць, мы бачым: “Карповіч”, мякка кажучы, схітрыў. Хутчэй за ўсё, сытуацыя такая, што “Карповіч” тут плянуе будаваць элітнае жытло: з эскізу абсалютна відавочна, што гэта дом элітны. Але сам участак ён атрымаў па згаданай схеме “зялёнай вуліцы”. То бок без аўкцыёну, з хуткім узгадненьнем”.

Жыхары патрабуюць ад дзяржаўных органаў праверкі сваіх падазрэньняў наконт не зусім законнага адводу зямельнай дзялянкі пад будаўніцтва. Узаемнасьці ў зацікаўленых структурах яны пакуль не знаходзяць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG