Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Параненыя спадзяюцца на кампэнсацыю <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


У 312-й палаце менскага шпіталю №6 жанчыны, параненыя падчас канцэрту
У 312-й палаце менскага шпіталю №6 жанчыны, параненыя падчас канцэрту

У менскіх шпіталях знаходзяцца каля 40 пацярпелых ад выбуху на канцэрце да Дня незалежнасьці, трое зь іх у цяжкім стане. Пацярпелыя спадзяюцца на кампэнсацыю.

Усяго па мэдычную дапамогу пасьля выбуху зьвярнуліся 54 грамадзяне. Было шпіталізавана 47 чалавек, сярод іх двое дзяцей. Лекары падкрэсьліваюць, што самаробнае выбуховае прыстасаваньне мае моцнае разбуральнае дзеяньне. Галоўны лекар менскага шпіталю хуткай дапамогі Віктар Сірэнка сказаў, што мінна-выбуховыя траўмы заўсёды вельмі цяжкія і “могуць ускладніцца інфэкцыяй і чым заўгодна”.

З ранаў даставалі мэталёвыя прадметы, якія прычыняюць якраз вялікія пашкоджаньні – гайкі і ніты. У пацярпелых ад выбуху – раненьні пераважна ніжніх канцавінаў. Адзін з пацярпелых мае пашкоджаньне печаняў, адзін кантужаны. Таксама ёсьць параненыя з пашкоджаньнямі скуры і адкрытымі пераломамі. Пацярпелыя – гэта пераважна маладыя людзі ад 18 да 24 гадоў. Ёсьць грамадзяне Ўкраіны і Расеі.

Найбольшая колькасьць параненых знаходзіцца цяпер у 6-м менскім шпіталі.

У 19-гадовай Крысьціны гайкаю было прастрэленае плячо. Яна лічыць, што арганізатары канцэрту мусяць кампэнсаваць нанесеныя страты параненым:

“Той, хто арганізоўваў канцэрт, мусіў гарантаваць бясьпеку людзей. А то так атрымалася, што нам кажуць, маўляў, у нас і так бясплатнае лячэньне, і больш нічога вам ня трэба. Некаторыя не працуюць, як яны жыць будуць? Некаторыя толькі ўладкаваліся на працу. Хто нас будзе забясьпечваць далей, пасьля лякарні? Усе ў шоку, што такое наагул магло адбыцца”.

Марына, у якой ад выбуху прастрэленая нага, сказала, што сама працуе ў 15-й гарадзкой паліклініцы. Яна таксама спадзяецца на кампэнсацыю:

“Я думаю, што абавязкова і дзяржава, і арганізатары канцэртнай праграмы павінны забясьпечыць. Бо мы і маральна пацярпелі, і матэрыяльна таксама. Вінаватых жа павінны знайсьці. Мы спадзяемся на ўладу, што нас не пакінуць у бядзе, што нам зробяць прыстойнае лячэньне і рэабілітацыю. І дадуць кампэнсацыю. Мы спадзяемся. Мы заўсёды спадзяваліся, што жывём у самай міралюбнай краіне, і ніхто нават ня думаў пра гэта. Таму спакойна гулялі зь дзецьмі”.

Праваабаронца, сябра Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла лічыць, што пацярпелыя ад выбуху маюць права патрабаваць кампэнсацыі:
Дзяржава мусіць гарантаваць бясьпеку ...


“Ёсьць і канстытуцыйная норма – права на жыцьцё. І дзяржава мусіць гарантаваць бясьпеку сваіх грамадзянаў. Пагатоў што людзей запрасілі ўлады на сьвяткаваньне, на гэты канцэрт. Таму нясуць адказнасьць і арганізатары канцэрту, і службы бясьпекі, і правапарадку, і ў цэлым дзяржава. Але ж у нас дзяржава навыварат. Судовая практыка такая, што нашыя суды ня хочуць прымаць такія пазовы, спаганяць зь дзяржавы гэтыя страты”.

У прэс-службе гарадзкой міліцыі паведамілі, што дагэтуль фатаробаты хуліганаў ня складзеныя празь нястачу інфармацыі. Вядзецца расьсьледаваньне, аднак пакуль што ніхто не затрыманы.

Дэмакратычныя сілы заклікаюць да незалежнага расьсьледаваньня выбуху ў Менску. Паводле аргкамітэту грамадзкай камісіі па рэабілітацыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, галоснасьць і ўдзел грамадзкасьці ў расьсьледаваньні дапамогуць пазьбегчы спэкуляцыяў і знайсьці сапраўдных вінаватых. Усім, хто мае інфармацыю пра трагічны інцыдэнт, праваабаронцы прапануюць таксама паведамляць яе на электронны адрас: svideteli@inbox.ru або па тэлефоне: 8-029-180-7205.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG