Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ у адстаўку і сустрэчу з пракурорам


Прэзыдыюм Палітрады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў на тэрміновым паседжаньні ўхваліў заяву з патрабаваньнем вызваліць усіх затрыманых актывістаў апазыцыі. Лідэры АДС патрабуюць таксама сустрэчы з генэральным пракурорам і адстаўкі кіраўніцтва КДБ.

Прэзыдыюм Палітрады аб'яднаных дэмсілаў заяўвіў пра магчымасьць байкоту парлямэнцкіх выбараў у сувязі з рэпрэсіямі, накіраванымі на актывістаў апазыцыі пасьля выбуху ў Менску 4 ліпеня.

Прэзыдыюм запатрабаваў спыніць ціск на дэмакратычных актывістаў і накіраваць у адстаўку кіраўніцтва КДБ, якое занялося “арганізацыяй палітычнага цкаваньня”.

У заяве аб'яднаных дэмсілаў таксама гаворыцца, што ўлады цягам апошніх тыдняў узмацнілі ціск на актывістаў, якія зьбіраюцца ўзяць удзел у выбарчай камапніі.

Адносна выбуху 4 ліпеня у заяве гаворыцца, што “гэта злачынства, арганізатары і выканаўцы якога не ўстаноўлены, улады выкарысталі для запужваньня дэмакратычных актывістаў”. Таксама ў дакумэнце адзначаецца, што выбары ў Палату прадстаўнікоў праходзяць “з грубымі парушэньнямі выбарчага заканадаўства і канстытуцыі”.

Прэзыдыюм заклікаў Генэральную пракуратуру Беларусі прыняць меры па аднаўленьні ў краіне канстытуцыйнага парадку.

Лідэры Аб’яднаных дэмакратычных сілаў зьбіраюцца ўсімі магчымымі сродкамі дамагацца вызваленьня актывістаў апазыцыі, затрыманых па справе выбуху на канцэрце 4 ліпеня ў Менску. Яны заклікаюць праводзіць акцыі салідарнасьці з затрыманымі, зьвяртаюцца да беларускай і міжнароднай супольнасьці з заклікам выказваць пратэст у сувязі з апошнімі падзеямі.

Сябра Палітрады АДС Сяргей Калякін зазначыў Свабодзе, што лідэры апазыцыі патрабуюць таксама тэрміновай сустрэчы з Генэральным пракурорам у сувязі з апошнімі беспадстаўнымі затрыманьнямі актывістаў апазыцыі.

Асноўны сэнс сёньняшняй заявы Прэзыдыюму Палітрады АДС падае Вінцук Вячорка:

Зьвяртаемся да АБСЭ з прапановай не прысылаць у Беларусь місіі міжнароднага назіраньня
“Мы канстатуем, што пачаліся разнузданыя палітычныя рэпрэсіі падчас выбарчай кампаніі, што ў гэтай сытуацыі гаварыць пра свабодныя і справядлівыя выбары абсалютна не выпадае. З аднаго боку, Лукашэнка на публіку гаворыць пра сваё патрабаваньне да дзяржаўных структураў забясьпечыць празрыстасьць і свабоду выбараў, а з другога боку, падначаленыя яму структуры раскруцілі гэты махавік рэпрэсіяў. Абсалютная бальшыня затрыманых у справе выбуху — актывісты дэмакратычных палітычных партыяў і арганізацыяў. У гэтай сытуацыі мы разглядаем магчымасьць перагляду фармату ўдзелу АДС у выбарчай кампаніі і зьвяртаемся да АБСЭ з прапановай не прысылаць у Беларусь місіі міжнароднага назіраньня, калі ня будуць неадкладна вызваленыя ўсе затрыманыя на працягу апошніх трох дзён”.

Вінцук Вячорка перакананы, што за гэтымі рэпрэсіямі стаіць асабіста А.Лукашэнка.

“Ён, відаць, вырашыў, што можа вытвараць што заўгодна і пераўтвараць краіну ў канцлягер. На жаль, улада пайшла па самым кепскім шляху пасьля трагічнай падзеі 4 ліпеня. Нашыя папярэджаньні ўладзе не былі пачутыя”.

Апошнія затрыманьні фактычна паралізавалі выбарчыя штабы А. Лябедзькі і А. Дабравольскага. Учора быў арыштаваны Аляксандар Сергіенка, сябра палітрады АГП і кіраўнік ініцыятыўнай групы па вылучэньні кандыдатам у дэпутаты Анатоля Лябедзькі. Лідэр АГП Анатоль Лябедзька паведаміў пра сёньняшняе затрыманьне яшчэ трох актывістаў партыі: сябра палітрады АГП Міхася Пашкевіча, які кіруе ініцыятыўнай групай А. Дабравольскага, а таксама кіраўніка менскай гарадзкой арганізацыі “Маладыя дэмакраты” Віталя Стажарава і кіраўніка арганізацыі “Маладыя дэмакраты” Цэнтральнага раёну Менску Кірылу Паўлоўскага.

Паводле Анатоля Лябедзькі, сваімі дзеяньнямі ўлады падштурхоўваюць апазыцыю да байкоту парлямэнцкіх выбараў:

Цяпер стаіць і пытаньне байкоту выбараў, які абвясьціў сам Лукашэнка
“Канчатковае рашэньне можа прыняць толькі Палітычная рада. Але ёсьць ужо дастаткова падставаў, каб сабраць у бліжэйшы час Палітраду і разглядаць зьмену нашага фармату ўдзелу ў выбарчай кампаніі. Улады распачалі палітычны тэрор. Мы будзем заклікаць людзей выйсьці на акцыі салідарнасьці. Цяпер стаіць і пытаньне байкоту выбараў, які абвясьціў сам Лукашэнка.... Гэта дэманстрацыя слабасьці ўлады, бо яна працуе непрафэсійна. Што значыць прыйсьці да чалавека, уварвацца, зламаць дзьверы, забраць цьвікі і арыштаваць чалавека? Гэта проста йдзе кампанія па запалохваньні людзей, каб яны не прымалі ўдзелу ў выбарах. Лукашэнка баіцца гэтых выбараў і хоча стварыць сытуацыю псыхозу. Тады ўжо нам будзе не да выбараў, мы будзем думаць пра людзей, якія сядзяць у вязьніцы, а не пра тое, як працаваць з выбарцамі. Гэта выкарыстоўваецца цяпер напоўніцу. Крыжовы паход пачаўся”.

Лідэр ПКБ Сяргей Калякін кажа, што ўсё больш пераконваецца ў рэальнасьці сваіх ранейшых падазрэньняў наконт магчымай датычнасьці ўладных структур да выбуху 4 ліпеня.

“Усё спрабуюць накіраваць у чыста палітычнае рэчышча і шукаць вінаватых у адным кірунку. Што само па сабе непрафэсійна, калі гаварыць пра справу, альбо так было задумана першапачаткова”.

Асабіста да Лукашэнкі апазыцыя пакуль не зьвяртаецца, але спадар Калякін кажа, што хацеў бы, каб той супаставіў свае ўчарашнія заявы пра дэмакратычнасьць выбараў і тое, што адбываецца на справе:

“Абсалютнае разыходжаньне таго, што мы ўчора чулі па тэлебачаньні, што гучала з вуснаў кіраўніка дзяржавы, і таго, што цяпер адбываецца, відавочна для ўсіх, хто знаёмы з гэтай інфармацыяй”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG