Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мех: Экс-прэтэндэнт у атрад касманаўтаў верыць у Бога і закон


Сёньня ён расказвае слухачам Свабоды пра сябе, яскравыя моманты сваёй біяграфіі, жыцьцёвыя прынцыпы.


(Карэспандэнт:) “Вы чытаць любіце? Калі “так”, то любімая кніга якая?”

(Мех: ) “Акрамя тэхнічнай літаратуры, вельмі люблю клясыку. Апошняе, што прачытаў, -- “Доўгая дарога дадому” Васіля Быкава”.

“Ну а з музыкай як?”

“Папсу ня слухаю. Рок – люблю. Але найбольш клясычную. Асабліва Моцарта”.

“Што сілкуе вашую беларускасьць?”

“Калі я вучыўся ў Маскоўскім авіяцыйным інстытуце, нешта раптам пацягнула на радзіму. Хоць у “златоглавой” мне пашчасьціла на сустрэчу са знакамітым земляком – Пятром Клімуком, які прапанаваў прэстыжную працу аж у самім Зорным гарадку...” Так што прыцягненьне Бацькаўшчыны куды большае, чым космас – гэта таямніца...”

“І ўсё ж: ці шкадуеце зараз пра тую “касьмічную” адмову на карысьць “зямнога” хатняга выбару?”

“Каб я ў выніку працаваў проста там інжынэрам ці нейкім, да прыкладу, будаўніком – кім заўгодна, аднак ня ўмешваўся ў палітычнае жыцьцё, то, мабыць, і шкадаваў бы. Аднак я зараз аддаю шмат высілкаў паляпшэньню палітычнага жыцьця Беларусі, чым вельмі ганаруся, таму той даўні свой выбар лічу правільным”.

“Аляксандар, а ці ёсьць у вас нейкі дэвіз?”

“Падчас папярэдніх выбараў ім быў наступны: “Час абраў нас!” А сёньня я пад уражаньнем ад пануючага ў краіне бяспраўя, што адбілася і на маім вядомым усёй краіне судзе зь мясцовай вэртыкальлю. Мы ўбачылі сапраўдную сьцяну, калі насупраць відавочнаму пачулі: наймальнік меў рацыю, калі звальняў мяне”.

“Даруйце, але тады атрымліваецца, што час выбраў іх!”

“У тую кампанію пасьля правалу на прэзыдэнцкіх выбарах Ганчарыка панавала грамадзкая пасіўнасьць, людзей цяжка было абудзіць, таму я і зьвяртаўся да іхных душаў праз той лёзунг. А цяпер палітычныя дэкарацыі памяняліся, актуальны іншы дэвіз – “Закон і справядлівасьць!”

“Чалавек, які мог працаваць сёньня ў атрадзе касманаўтаў далёкі ці блізкі ад Бога?”

“Каб ня меў веры, тут, на зямлі, у нас бы нічога не атрымлівалася. А так – трымаемся, спадзяемся на перамогу!”

Аляксандру Меху 38 гадоў, скончыў Маскоўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт грамадзянскай авіяцыі. Працаваў у кобрыньскім упраўленьні магістральных газаправодаў. Затым атрымаў другую вышэйшую адукацыю ў Навапалоцкім дзяржаўным унівэрсытэце па спэцыяльнасьці “праектаваньне і эксплюатацыя газапровадаў”.

Жанаты, сынам 10 і 11 гадоў.

Вось некаторыя адказы Аляксандра Меха зь ягонага інтэрвію Радыё Свабода:

-- Сёньня для грамадзтва хіба ці не праблема нумар адзін – пазбавіцца страху. Улада вельмі моцна запужала людзей. Некага – пэрспэктывай пазбаўленьня працы, іншых – магчымым уціскам на дзяцей. Я пераконваю выбарцаў: нельга мірыцца з такім становішчам, бо зьмірыцца з дыктатурай – губляць час і жыцьцё, сваё і сваякоў.

-- Да беларускасьці я пакрочыў у 25 гадоў, калі вярнуўся з Масквы на радзіму – тады й пачаў вывучаць гістарычную спадчыну сваёй краіны, з простай і даступнай кнігі Ўладзімера Арлова “Адкуль наш род”. А затым узяўся за мову.

-- Нашая грамадзянская пазыцыя павінна на чымсьці трымацца – бязь веданьня гісторыі і мовы нічога не пабудаваць.

-- За мяне літаральна за некалькі дзён падпісаліся 4 000 людзей – кожны пятнаццаты выбарца. Каманду ўражвалі своеасаблівыя “парлямэнцёры” ад рэгіёнаў: прыдзіце ў наш мікрараён, чакаем усім пад’ездам!

-- Яшчэ большую падтрымку адчуў падчас так званага “суду” нада мной, а хутчэй – лінчаваньню права і грамадзянскай маральнасьці. Аднак я не будую ілюзіяў: у сёньняшніх палітычных варунках пераможа той, хто будзе на дзьве галавы вышэйшы за праўладных кандыдатаў.

Дык вось цяпер, як мяркуюць сябры нашае каманды, за Аляксандра Меха - працэнтаў 70 жыхароў Кобрыні.

Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – актывіст Партыі БНФ з Кобрына Аляксандар Мех. За адмову спыніць удзел у цяперашняй выбарчай кампаніі, яго гвалтоўна звольнілі з працы. Насуперак сабраным доказам, суд палічыў тое законным. На знак пратэсту больш за 4 000 тамтэйшых падпісаліся за вылучэньне спадара Меха кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

На пятніцу грамадзкі рэдактар тыдня Аляксандар Мех замовіў журналістам Свабоды падрыхтаваць перадачу на тэму “Працоўныя кантракты як сродак запалохваньня выбарцаў глыбінкі”




Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG