Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск атрымаў “хатняе заданьне” Эўракамісіі


Cёньня скончыўся візыт у Менск намесьніка генэральнага дырэктара Генэральнага дырэктарату па зьнешніх сувязях Эўракамісіі Х'юга Мінгарэлі. Віцэ-прэм’ер Беларусі Андрэй Кабякоў падчас сустрэчы з эўрапейскім чыноўнікам паабяцаў працаваць над “хатнім заданьнем” ад Эўракамісіі.


Падчас сустрэчы зь віцэ-прэм’ерам Беларусі Андрэем Кабяковым Х’юга Мінгарэлі адзначыў, што ягоны візыт праходзіў у рэчышчы рашэньняў рады Эўразьвязу ад 13 кастрычніка. Ён заявіў, што Эўразьвяз цягам бліжэйшых шасьці месяцаў працягне сталы дыялёг з афіцыйным Менскам, каб абмяркоўваць пытаньні свабоды мэдыяў, разьвіцьця сыстэмы няўрадавых арганізацый, удасканаленьня выбарчага заканадаўства і заканадаўства ў галінах аховы працы, свабоды слова.

Паводле спадара Мінгарэлі, правядзеньне дэмакратычных зьменаў у гэтых сфэрах дапаможа Беларусі стаць паўнавартасным удзельнікам эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва. Паводле спадара Мінгарэлі, пашырэньне супрацоўніцтва паміж Эўразьвязам і Беларусьсю будзе залежаць ад крокаў насустрач з боку афіцыйнага Менску ў сфэры правоў чалавека, вяршэнства закону і дэмакратызацыі.

Віцэ-прэм'ер Андрэй Кабякоў заявіў, што афіцыйны Менск усьведамляе неабходнасьць працы над “хатнім заданьнем”, якое вызначана ў дыялёгу з Эўразьвязам. Аднак спадзяецца “на адэкватныя захады ў адказ з боку ЭЗ”.

Лідэр руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч разам зь іншымі прадстаўнікамі аб’яднаных дэмсілаў таксама сустракаўся з Х'юга Мінгарэлі. Ён нагадаў, што спадар Мінгарэлі прадставіў беларускім уладам пяць пунктаў:

Аляксандар Мілінкевіч
“Першы: улада мусіць спыніць палітычны перасьлед — гэта “справа 14-ці” і тых студэнтаў, якія вучацца за мяжой, у тым ліку ў Польшчы, і ня могуць вярнуцца назад, бо супраць іх — крымінальныя справы. Потым зьмены ў выбарчым кодэксе. Зьмены ўмоваў дзейнасьці партый і NGO, легалізацыя іх дзейнасьці. І пункт па мэдыях, вельмі сур’ёзны. Гэтыя пункты стопрацэнтова былі прадстаўленыя ўладзе.

Я думаю, што ў перамовах паміж Эўразьвязам і Беларусьсю павінна быць напісана “дарожная мапа”, пра якую так шмат гаворыцца. Гэта пакрокавыя зьмены з боку Беларусі. І прапановы супрацоўніцтва з боку Эўразьвязу. І гэта ўсё павінна быць зроблена ў бліжэйшы час. Там павінен быць таксама каляндарны плян і абавязкі бакоў”.

Паводле Аляксандра Мілінкевіча, спадар Мінгарэлі выдатна арыентуецца ў сытуацыі ў Беларусі і ня мае ілюзій, што працэс будзе простым.

“Але ён верыць у тое, што здаровы сэнс пераможа. Бо Беларусі надзвычай залежыць на супрацоўніцтве з Эўразьвязам. І проста няма альтэрнатывы гэтаму супрацоўніцтву. І ён мае надзею, і мы маем надзею, што ўсё ж ва ўладзе дастаткова людзей, якія выдатна разумеюць, што проста альтэрнатывы няма. Крызіс закране і Беларусь, нягледзячы на тое, што прапаганда кажа сёньня па тэлебачаньні. Крызіс будзе няпростым у наступным годзе ўжо. І многае з таго, што прапануецца, можа зьменшыць боль ад гэтага крызісу”.

Спадар Мінгарэлі прапанаваў афіцыйнаму Менску супрацоўніцтва ў трох новых галінах: рэгуляваньне якасьці прадукцыі і стандартызацыі, узаемадзеяньне фінансавых службаў, сельскагаспадарчая і харчовая бясьпека.

А што тычыцца “дарожнай мапы” — чакаецца, што ў гэтай справе дыялёг працягнецца падчас візыту ў Менск Хельгі Шміт, галоўнай прадстаўніцы Эўразьвязу на перамовах зь Беларусьсю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG