Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Правы чалавека — no problem?


Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”, эфір 27-га лютага

Апошнім часам міжнародная супольнасьць аддае значную ўвагу сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Чым гэта можна патлумачыць? Ці апраўданыя папрокі на адрас Эўразьвязу за ігнараваньне гэтай праблемы? Ці спрыяе міжнародная ўвага паляпшэньню сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі?

Удзельнікі: дактарант Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Сяргей Богдан і рэдактар аналітычнага бюлетэня “Беларускі тыдзень” Аляксандар Класкоўскі.

Сяргей Богдан
Аляксандар Класкоўскі
Валер Карбалевіч

СЛУХАЦЬ:
1-я частка
2-я частка


Увага да Беларусі

Валер Карбалевіч: “У Менску з двухдзённым візытам знаходзяцца ўпаўнаважаны Міністэрства замежных спраў Нямеччыны па палітыцы ў галіне правоў чалавека і гуманітарнай дапамогі Гюнтэр Ноке, а таксама амбасадары ў правах чалавека з Даніі, Фінляндыі і Нідэрляндаў.

Дзярждэпартамэнт ЗША апублікаваў штогадовую справаздачу аб правах чалавека ў сьвеце, у якой адзначаны сур’ёзныя парушэньні, дапушчаныя ў гэтай сфэры ў Беларусі.

Можна ўзгадаць, што мінулым тыднем Менск наведалі дэлегацыя Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, вярхоўны прадстаўнік Эўрасаюзу ў замежнай палітыцы і палітыцы бясьпекі Хавіер Саляна, дэлегацыя Эўрапарлямэнту. На перамовах гэтых дэлегацый тэма правоў чалавека таксама была важным пытаньнем. У чым прычына такой увагі да гэтай тэмы? Гэта выпадковы зьбег падзеяў ці не?“

Сяргей Богдан: “Найперш хачу адзначыць, што згаданыя вамі факты маюць розную, процілеглую палярнасьць. Калі ў выпадку ЗША мы маем справу з чарговым абвінавачаньнем на адрас Беларусі, то ў выпадку Эўропы мы бачым спробу знайсьці канструктыўнае выйсьце”.

Прагматычны і ідэалістычны падыход

Богдан: “Адбываецца важны пералом у разьвіцьці беларуска-эўрапейскіх дачыненьняў. Кіраўніцтву Беларусі ўдалося дасягнуць таго, што парадыгма эўрапейскай палітыкі зьмянілася. То бок Менск патрапіў давесьці, што да Беларусі нельга стасаваць звычайныя эўрапейскія стандарты ў галіне правоў чалавека: да яе трэба ставіцца так, як, напрыклад, да Казахстану.

Менск патрапіў давесьці, што да Беларусі нельга стасаваць звычайныя эўрапейскія стандарты ў галіне правоў чалавека.
Варта адзначыць, што не омбудсманы вызначаюць палітыку ў Эўропе. На першым месцы ў палітыцы выступаюць больш прагматычныя пытаньні бясьпекі, эканомікі, палітычных інтарэсаў.

Пасьля расейскай агрэсіі ў дачыненьні да сумежнай дзяржавы для ЭЗ стала важна выпрацаваць стратэгію стрымліваньня. І ў такой сытуацыі выкарыстоўваюць таго, хто ёсьць пад рукамі. Беларусь становіцца важнай для ЭЗ у пляне бясьпекі. Таму даводзіцца шукаць прагматычны падыход.

А вось ад ЗША Беларусь знаходзіцца далёка, з праблемай амэрыканскай бясьпекі яна не зьвязана. Таму Вашынгтон можа дазволіць сабе больш ідэалістычны падыход да афіцыйнага Менску, канфрантацыю па пытаньнях, якія ня маюць дачыненьня да рэальнай палітыкі“.

Тактычны ход

Аляксандар Класкоўскі: “Сапраўды, справаздача Дзярждэпартамэнту ЗША аб правах чалавека і візыт эўрапейскіх дэлегацый, у прыватнасьці омбудсманаў — гэта рэчы рознага парадку.

Дзярждэпартамэнт ЗША робіць такую справаздачу рэгулярна, падкрэсьліваючы сваю сусьветную місію абароны дэмакратыі, правоў чалавека ва ўсіх краінах. Тым самым яны падаюць сыгнал, што не пакідаюць самотнымі барацьбітоў за правы чалавека. А зь іншага боку, падаюць сыгнал усім дыктатарам: маўляў, мы ўсё бачым. Таму ацэнкі там жорсткія і неканьюнктурныя.

Што тычыцца візыту дэлегацыі омбудсманаў, то гэта ў нейкай ступені тактычны ход пасьля візыту Саляны. Апошні паводзіў сябе ў Менску вельмі дыпляматычна, казаў, што ніякіх патрабаваньняў беларускім уладам мы не накідаем. Ён паводзіў сябе паводле схемы, якую Менск імкнецца навязаць ЭЗ. Маўляў, давайце абмяжуемся прагматычнымі пытаньнямі.

Але такі падыход выклікае крытыку, у тым ліку і з боку часткі беларускай апазыцыі. І каб ураўнаважыць гэта, у Менск і прыехаў дэсант омбудсманаў. Яны павінны прадэманстраваць, што пытаньне правоў чалавека з парадку дня дыялёгу Беларусі і ЭЗ не здымаецца“.

Ці слушныя папрокі з боку апазыцыі?

Карбалевіч: “Сапраўды, частка апазыцыі папракае эўрапейскіх палітыкаў, што тыя, ідучы на супрацоўніцтва з рэжымам Лукашэнкі, здрадзілі эўрапейскім ідэалам і каштоўнасьцям, заплюшчылі вочы на правы чалавека ў Беларусі. Напрыклад, узгадваецца той жа візыт Хавіера Саляны.
Што можа зрабіць ЭЗ, калі само беларускае насельніцтва не ўсьведамляе такую праблему?
Ці слушныя гэтыя папрокі?”

Богдан: “Безумоўна, правы чалавека — кампанэнт палітыкі ЭЗ. Але абарона правоў чалавека мае свае межы. Здольнасьць паўплываць на гэтую праблему ў іншай краіне абмежаваная. Заўсёды зьмены ў гэтай сфэры адбываюцца найперш пад узьдзеяньнем унутраных чыньнікаў. А вонкавае ўзьдзеяньне мае абмежаваньні.

Таму апазыцыі трэба шукаць вырашэньня праблемы ўнутры краіны. Што можа зрабіць ЭЗ, калі само беларускае насельніцтва не ўсьведамляе такую праблему?“

Абодва бакі маюць рацыю

Класкоўскі: “Тут кожны бок мае сваю праўду. Эўропа перафарматавала падыход да беларускага пытаньня, бо ранейшая палітыка жорсткага ціску не давала плёну.

ЭЗ падкрэсьлівае, што не здымае пытаньня правоў чалавека з парадку дня дачыненьняў зь Беларусьсю. Напрыклад, спадарыня Фэрэра-Вальднэр, якая зьбіраецца ў Менск у сакавіку, яшчэ раз засьведчыла, што ўмовай далучэньня Беларусі да праграмы «Ўсходняе партнэрства» будзе выкананьне Беларусьсю пэўных пунктаў у сфэры дэмакратыі.

Зь іншага боку, трывога беларускай апазыцыі таксама мае пэўныя падставы. Найперш, сама апазыцыя «вылятае» за межы гэтага дыялёгу. Але ж яна змагаецца ня толькі за сваю нішу, але і за інтарэсы беларускага грамадзтва, большасьць якога, магчыма, яшчэ і не асэнсоўвае гэтую праблему.

Можна пагадзіцца з апазыцыяй, што ёсьць пытаньні наконт празрыстасьці, акрэсьленасьці дыялёгу паміж ЭЗ і Менскам. Няма ніякай «дарожнай мапы» перамоваў. Бо брусэльскія палітыкі пазьбягаюць яе распрацоўкі, каб мець большы абсяг для манэўру“.

Ці ўплывае міжнародная супольнасьць
на сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі?

Карбалевіч: “Як гэтая міжнародная ўвага да правоў чалавека ў Беларусі рэальна паўплывае на сытуацыю ў гэтай сфэры ў краіне?”

Богдан: “Я згодзен з тым, што гэты дыялёг павінен ісьці больш празрыста, з прыцягненьнем розных зацікаўленых бакоў. Цяжка чакаць бліжэйшым часам сутнасных зьменаў з правамі чалавека ў Беларусі. Але калі б не пазыцыя Захаду, то правы чалавека тут парушаліся б яшчэ больш. Аднак гэтая пазыцыя — чыньнік стрымліваньня, а не актыўнага ўзьдзеяньня”.

Класкоўскі: “Пазыцыя Захаду ўплывала, уплывае і будзе ўплываць на сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. У самыя змрочныя часы ўвага міжнароднай супольнасьці да гэтага пытаньня стрымлівала беларускія ўлады, бо ставілася на парадак дня палітычных дачыненьняў з афіцыйным Менскам. Омбудсманы, праваабаронцы, хоць і не вызначаюць палітыку, але ствараюць фон, які ўплывае на палітычны працэс. Гэта важны дадатны фактар”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG