Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арцёма Дубскага зьбілі ў турме


Арцём Дубскі
Арцём Дубскі
СЛУХАЦЬ:


Актывіст незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Арцём Дубскі даслаў ліст сваім паплечнікам, у якім паведамляе, што ў турме яго зьбілі. Паводле словаў хлопца, супрацоўнікі СІЗА патрабавалі ад ягоных сукамэрнікаў засьведчыць, што ён заклікаў іх да непадпарадкаваньня міліцыянтам. У такім выпадку да абвінавачаньня дадаліся б новыя артыкулы. Арцёма Дубскага ад 13 лютага трымаюць у Бабруйскім СІЗА. Яго абвінавачваюць ва ўхіленьні ад адбыцьця пакараньня ў “справе 14-ці”.


Арцём Дубскі апісаў паплечнікам абставіны інцыдэнту ў камэры сьледчага ізалятара.

Наста Лойка
Наста Лойка: “Ён піша, што загадалі скруціць ложкі і закінуць у кут камэры. Дазволілі забраць толькі за 10 хвілінаў да адбою. Яго паставілі тварам да сьцяны. Прымусілі максымальна шырока паставіць ногі і пачалі зьбіваць гумовымі дубінкамі. Калі ён зваліўся на падлогу, то яго яшчэ й нагамі дабівалі. І так палову камэры.

Яго прымушалі сказаць, што ён падбухторваў сукамэрнікаў да непадпарадкаваньня. Цяпер за імі значна большы нагляд. У вочка за імі назіраюць кожныя 4-5 хвілінаў.

Я думаю, гэта зьвязана з тым, што ён раней таксама даслаў лісты без цэнзуры пра тое, якія там парадкі. Магчыма, спрабуюць зрабіць так, каб сукамэрнікі сталі дрэнна да яго ставіцца, справакавалі яго на нейкія дзеяньні, і тады яго б перавялі ў карцэр“.

Паплечнікі Арцёма Дубскага лічаць, што ў выпадку заявы супраць Арцёма сьледчыя маглі б выставіць яму дадатковыя абвінавачаньні.

Арцёма Дубскага зьнялі зь цягніка ў ноч з 12 на 13 лютага. Хлопец ехаў з Украіны, каб паўдзельнічаць у шэсьці на дзень сьвятога Валянціна. Раней ён папрасіў прытулку ў суседняй краіне, бо яму пагражала зьняволеньне паводле “справы 14-ці”. Арцёма, як і яшчэ адзінаццаць абвінавачаных, пакаралі абмежаваньнем волі на 2 гады.

Падчас адбыцьця пакараньня яго абвінавацілі ў нанясеньні шкоды кампаніі “Velcom” і распачалі новую крымінальную справу. Арцём са сваім знаёмым скарысталі чужую сім-картку для выхаду ў інтэрнэт. Усе страты Дубскі кампэнсаваў.

Маці Арцёма Алена Дубская непакоіцца за стан здароўя сына. У яго абвастрылася язва, і хлопец прасіў, каб яму перадалі чыстую ваду. Але адміністрацыя калёніі адмовіла сябрам Арцёма і ягонай маці.

Алена Дубская распавяла, што сьледчы доўгі час не дазваляў ёй спатканьні з сынам.

“Я дабівалася спатканьня, а яны мне нахабна кажуць: „Мы вам дазволу не дамо“. Я спытала, дзе такі закон, каб не дазваляць. А яны мне кажуць: „А дзе такі закон, што мы павінны даваць дазвол? Можа, яго яшчэ ў Сочы звазіць?“ Пайшла да начальніка, а ён мне таксама кажа: „Ваш сын злачынца. Мы яму ўсе каналы перакрыем“. Я сказала, што ён ніякі не злачынца. Можа, правілы там нейкія парушыў”.

Пасьля таго як справу Арцёма перадалі новаму сьледчаму, маці атрымала спатканьне і перадала сыну харчы.

Арцёмава адвакатка Тамара Сідарэнка паведаміла “Свабодзе”, што пабачыцца са сваім падабаронным і сьледчым 15 красавіка. Пасьля гэтага справу перададуць у суд. Так што суд можа распачацца напрыканцы красавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG