Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысутнасьць Б. Хамайды “псуе гарадзкі краявід”


Апазыцыянэра Барыса Хамайду зноў затрымалі ў Віцебску каля “сіняга дому” (вуліца Леніна, 28) дзе ён зазвычай распаўсюджвае незалежную прэсу.

Паводле спадара Хамайды, супрацоўнікі міліцыі спачатку з паўгадзіны назіралі, як ён размаўляе зь мінакамі, а потым загадалі паехаць зь імі ў апорны пункт міліцыі Чыгуначнага раёну. Міліцыянты патлумачылі, што ягоны столік з раскладзенымі друкаванымі выданьнямі замінае перасоўвацца па ходніках і ўвогуле псуе краявід у цэнтры гораду.

У пастарунку быў складзены пратакол затрыманьня, які апазыцыянэр падпісваць адмовіўся. Барыс Хамайда лічыць затрыманьне несправядлівым. Ён ня згодны з тым, што ягоны занятак распаўсюдніка незалежнага друку можа рэглямэнтавацца артыкулам 21.14 адміністрацыйнага заканадаўства пра парадак утрыманьня населеных пунктаў. Менавіта ў парушэньні гэтага артыкула апазыцыянэра й вінавацяць.

Спадар Хамайда мусіў правесьці ў пастарунку каля дзьвюх гадзін, пакуль супрацоўнікі міліцыі рабілі дагляд ягоных рэчаў ды складалі пратакол.

Актывіст згадвае, што 7 траўня ён быў таксама затрыманы за тое, што ягоная “кропка” з газэтамі ды часопісамі нібыта “загрувашчвае вуліцу Леніна”. Мінулым разам міліцыянты сказалі, што ён парушае той самы артыкул 21.14 Кодэксу аб адміністрацыйных парушэньнях і мусіць чакаць позву на адміністрацыйную камісію. У тым выпадку, калі яго прызнаюць вінаватым, верагоднае пакараньне штрафам ад 4-х да 20-ці базавых велічыняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG