Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працоўныя заводаў шукаюць дадатковых заробкаў


У Беларусі ва ўмовах крызісу расьце колькасьць стратных прадпрыемстваў. Паводле апошніх дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэту, ужо больш як 500 заводаў і фабрык ня маюць чыстага прыбытку.

СЛУХАЦЬ:

Яны карыстаюцца банкаўскімі крэдытамі, каб плаціць хаця б некаторую частку гарантаванага заробку тым працаўнікам, якім знаходзяцца цяпер у вымушаных адпачынках.


Дзе, як і колькі могуць падзарабіць працаўнікі прадпрыемстваў, на якіх часова няма працы?

МАГІЛЁЎ
Часова беспрацоўныя ігнаруюць прапановы службы занятасьці

На Магілёўшчыне ад пачатку гэтага году каля дзесяці тысяч чалавек былі адпраўленыя ў вымушаныя адпачынкі альбо працавалі няпоўны працоўны тыдзень. Каля трох тысяч зь іх па ініцыятыве наймальніка “адпачывалі” без захаваньня заробкаў.

Працаўнікі магілёўскага аўтамабільнага заводу ўжо не адзін месяц працуюць чатыры дні на тыдзень. Бальшыня зь іх лішні выходны аддаюць сваім дачным сядзібам.

“Узімку, можа, было б значна горш, а так — што рабіць? Пакуль мусім такім чынам выжываць. Ну а што рабіць, цяпер жа крызіс, мы ўжо зьмірыліся. Страчваюць людзі заробкі, канечне, асабліва працаўнікі-зьдзельшчыкі. Мы ад БелАЗу залежым. На БелАЗе нейкія праблемы, таму й мы не працуем”, — кажа працаўніца прадпрыемства Вольга.

Аўтамабілебудаўнікі працуюць цяпер на лецішчах.
На аўтазаводзе працуюць каля трох тысяч чалавек. Сярэдні памер заробкаў не перавышае шасьцісот тысяч рублёў.

Усяго ж на прадпрыемствах Магілёўшчыны колькасьць неадпрацаванага часу ў выніку прастояў склала амаль 181 тысячу чалавека-дзён, што раўназначна нявыхаду на працу трох тысяч чалавек. У параўнаньні зь мінулым годам працягласьць прымусовага адпачынку ўзрасла ў пяць разоў.

Шукаю працы, але пакуль безвынікова. Таму падпрацоўваю прыватным чынам
Ня ўсе людзі, аднак, скараюцца перад лёсам і выяжджаюць пасьля няпоўнага працоўнага тыдня на лецішча. Магілёвец Аляксандар доўгі час рабіў на мэблевай вытворчасьці й меў заробак у чатырыста тысяч. Два месяцы таму звольніўся. Пытаюся ў яго, ці шукае ён працу:

“Шукаю, але пакуль безвынікова. Тут з крызісам гэтым працы дужа мала. Так, падпрацоўваю для прыватных асобаў. Рамантую і ўсё такое”.

Суразмоўца цьвердзіць, што падпрацоўкай ён зарабляе больш, чым на прадпрыемстве, у два разы. На дадатак яшчэ застаецца шмат вольнага часу.

Службы занятасьці прапануюць беспрацоўным гэтак званыя грамадзкія працы. Паводле афіцыйнай інфармацыі, у іх за пяць месяцаў паўдзельнічала менш як тры тысячы чалавек зь дзесяці тысяч беспрацоўных.

У спадара Аляксандра пытаюся, ці думаў ён падзарабіць на тых грамадзкіх працах:

“Яны ў калгас езьдзяць, за капейкі працуюць. Вялікага жаданьня неяк няма”.

Афіцыйна беспрацоўнымі на Магілёўшчыне лічацца 5200 чалавек — гэта адзін працэнт працаздольнага насельніцтва рэгіёну. У службах занятасьці, аднак, прызнаюць, што гэтую колькасьць варта памножыць на дзесяць, каб атрымаць больш-менш дакладны працэнт беспрацоўя.

ГОРАДНЯ
Ратуюць хаткі ў вёсках, гароды ды пчаліныя сем’і

На Гарадзеншчыне на сёньня не існуе афіцыйнай статыстыкі, колькі людзей павінны шукаць дадатковага заробку, каб пражыць самім і ўтрымаць свае сем’і. Але такіх людзей шмат.

Спадарыня Алена са Смаргоні мае двух сыноў: старэйшы працуе на прадпрыемстве па вытворчасьці мэблі, а малодшы вучыцца ў 10-й клясе.

Пэнсія спадарыні — 189 тысяч рублёў, стаж працы — 21 год. Дарабляе вартаўніком і атрымлівае яшчэ 250 тысяч рублёў. Старэйшы сын мае заробак — 340 тысяч. Спадарыня Алена кажа, што дарабляць даводзіцца ўвесь час.

Спадарыня Алена: “І продажам касмэтыкі займаюся, і зараз вось у лес пачну бегаць да ўпаду ў ягады, грыбы. Здаю іх перакупшчыкам, каб хаця б неяк выжыць”.

У маленькім гарадку самае цяжкае цяпер — знайсьці працу.
Спадарыня Алена кажа, што да крызісу іхнай сям’і жылося значна лягчэй, нягледзячы на тое, што пэнсія малая.

Спадарыня Алена: “Калі паўтара гады таму ў мяне адзін сын працаваў, — я яшчэ тады ня мела працы, — ён атрымліваў болей, чым цяпер і я працую, і ён працуе, і яшчэ мая пэнсія”.

Спадар Сьцяпан зь Вялікай Бераставіцы распавядае, што ўжо некалькі гадоў ня мае сталай працы, і ён такі не адзін. У маленькім горадзе, зь яго слоў, самае цяжкае зараз — знайсьці працу.

Некаторыя езьдзяць у Польшчу і займаюцца камэрцыяй, але мужчыны пасьля 50-ці імкнуцца дарабіць дзе-небудзь на будоўлі альбо на сэзоннай працы ў фэрмэраў.

Адзінае, што з крызісам і гэта пачало ўскладняцца, а так хацелася б, як кажа спадар Сьцяпан, каб хоць дзеці пажылі на адзін заробак і яго на ўсё хапала.

Спадар Сьцяпан: “Зараз і гэтых даробкаў стала менш, бо ў людзей менш грошай. Гэта раней нехта недзе мог наняцца, каб нейкую прыбудовачку зрабіць і мець нейкіх 30-50 даляраў, дах накрыць. А цяпер…”

Спадар Віталь са Слоніма распавядае, што многія гады працуе на тонкасуконным камбінаце. Пасьля таго як яму выдалілі нырку, паводле стану здароўя, яго перавялі на пасаду вартаўніка і заробак цяпер складае каля 400 тысяч.

Ратуе тое, што 4 гады таму набыў хатку ў вёсцы, пачаў разводзіць пчолы і садзіць гарод. Кажа, што гэта дазваляе нейкім чынам ягонай сям’і ўтрымацца на плыву, купіць трошкі лепшых харчоў, але, са слоў спадара Віталя, — ня болей…

Спадар Віталь: “Не, на гэтыя сродкі ў Турцыю я зьезьдзіць не змагу. І гэта ня тое, што мы ўжо зусім бядуем — не, але мы і не шыкуем і нават да сярэдніх беларусаў я сябе не адношу. Трошкі вышэй, чым звычайная бядота…”

Ці такі крызіс на Гарадзенскім заводзе карданных валаў, як на “Фольксвагене”, “Крайсьлеры” ды “Даймлер-Бэнцы”?
Гарадзенец спадар Аляксандар — прадпрымальнік, раней працаваў на заводзе карданных валаў, але і цяпер неабыякавы да сытуацыі на гэтым прадпрыемстве:

“Турбуе крызіс, тое, што завод стаіць, другі па памерах у Горадні. Гэта завод карданных валаў. Мой сын там цяпер працуе, але ў гэтым месяцы ён не працаваў ніводнага дня. А там жа ёсьць людзі, якія набралі крэдытаў, пабудавалі кватэры”.

Ці спрабаваў сын спадара Аляксандра шукаць дадатковую працу?

Спадар: “У іх быў сход прыблізна такога зьместу: вы ведаеце, што стаіць машынабудаўніцтва ня толькі ў Беларусі, стаіць „Фольксваген“, „Крайсьлер“ і „Даймлер-Бэнц“. Таму, калі ў вас не хапае грошай, можам прапанаваць зарабляць дваццаць тысяч рублёў, зьбіраючы ў калгасе каменьне з палеткаў, і касіць траву — васемсот тысяч рублёў. Гэта як часовая праца”.

Маладым не прабіцца нават у касцы траўнікаў.
Ці ўдалося сыну спадара Аляксандра трапіць у газонакасільшчыкі?

Спадар: “Насамрэч конкурс быў даволі вялікі, ахвотных было больш, чым магчымасьцяў”.

У гарадзенскай гарадзкой службе занятасьці пацьвердзілі, што для шэрагу прадпрыемстваў наладзілі паездкі ў калгасы.

Спадарыня: “Прадпрыемствы спрабуюць максымальна захаваць свой працоўны калектыў, сыходзяць у „рэжым“, і мы спрабуем гэтых людзей заняць на часовых працах. Мы прапанавалі тром прадпрыемствам, што зьвязаныя з машынабудаўніцтвам, — заводам такарных патронаў, карданных валаў і „Гандальмашу“, дзе была цяжэйшая сытуацыя, каб зрабілі сьпісы ахвотных. Яны ж там бачаць, як людзі ходзяць паводле графіку. І зрабілі абвесткі спэцыяльныя, размножылі, разьвешалі на прадпрыемствах, каб людзі чыталі”.

Праўда, пакуль што магчымасьцю крыху падзарабіць у сельскагаспадарчых прадпрыемствах карыстаецца няшмат працаўнікоў гарадзенскіх заводаў, на якіх крызісная сытуацыя.

Спадарыня: “Што датычыць заводу карданных валаў, там болей народу — амаль чатыры тысячы чалавек. То мы асобны аўтобус для іх арганізавалі. Там прайшоў запіс, і адразу ахвотных было чалавек каля дваццаці”.

БАРАНАВІЧЫ

Заробак у жыхароў Баранавіч — амаль на 150 тысяч меншы, чым дэкляраваны цяпер у Беларусі. Паводле інфармацыі Баранавіцкага гарвыканкаму, прыбытак страцілі амаль тры дзясяткі яшчэ нядаўна адносна моцных заводаў і фабрык. Шмат хто з жыхароў шукае дадатковага заробку.

“Я працую на мэблевай фабрыцы. У мяне зарплата ў тым месяцы была 230 тысяч рублёў. Можна пражыць? Аплаціць кватэру, дзіця…” — кажа маці-адзіночка Сьвятлана.

Мяне ратуе заробак жонкі і дапамога зь вёскі.
Крызіс не шкадуе ні дзяржаўных, ні прыватных прадпрыемстваў. І захады, якія робіць іх кіраўніцтва, каб утрымацца на плыву, бадай, аднолькавыя.

“Я працую сьлесарам на прыватнай фірме. Пасьля Новага году, паколькі наша фірма працавала на Расею, вытворчасьць амаль што спынілася. Працэнтаў 20, можа 30 працуе, больш — не. Пачаліся звальненьні. Не працягваюць кантракт. А астатніх папрасілі за свой кошт. Тыя, хто пайшоў за свой кошт, у каго ёсьць аўтамабіль, падпрацоўваюць таксаваньнем. Я пайшоў прыбіральшчыкам таксама на прыватную фірму. У гэтым становішчы мяне выручае толькі зарплата жонкі і дапамога зь вёскі. Бо каб ня ўсё гэта, мабыць, пайшоў бы на цьвінтар”, — кажа пра набалелае Віктар Дайліда.

Баранавец Мікалай Крук падзяліўся сваім досьведам падпрацоўкі і асабістымі назіраньнямі:

“Дзе можна зарабіць? Расклейваць афішкі рэклямнага характару. Прамоўтарам — але гэта моладзь звычайна. На будоўлі падзарабляў. Але ў Менску. А! Яшчэ, дарэчы! Мой сусед да 30 тысяч у дзень зарабляе на вакзале. Раніцай — на электрычку і ў лес: дары лесу прадае, ландышы там…”

Пайшоў бы ў лес зьбіраць яловыя шышкі…
Некаторыя жыхары гораду маральна рыхтуюцца да таго, што ім таксама давядзецца падпрацоўваць. Пра мажлівыя варыянты гаворыць Міхась Маліноўскі:

“Я, напрыклад, зьбіраў бы паперу, бутэлькі. Хадзіў бы ў лес, можна зьбіраць лекавыя расьліны. Пайшоў бы на леспрамгас зьбіраць шышкі, каб здабываць насеньне. Шчыра кажучы, нават часова: грузчыкі і тое, і другое, і трэцяе. Падзарабіць можна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG