Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казулін: “Галадоўка ў Беларусі -- адзіная магчымасьць выказаць пратэст”


Аляксандар Казулін
Аляксандар Казулін

Сваімі думкамі і меркаваньнямі пра галадоўку Мікалая Аўтуховіча сёньня дзеляцца тыя, хто калісьці таксама пратэставаў такім спосабам.

Аляксандар Казулін быў затрыманы 25 сакавіка 2006 году ў часе шэсьця да турмы на Акрэсьціна. 13 чэрвеня 2006 году суд Маскоўскага раёну Менску асудзіў яго на пяць з паловай гадоў турмы. На знак пратэсту Аляксандар Казулін галадаваў 53 дні. І сёньня лічыць, што галадоўка для палітвязьня застаецца адзінай магчымасьцю выявіць свой пратэст.

Казулін: “Гэта было тое выпрабаваньне, якое прынесла пэўныя вынікі. Галадоўка ў нашай краіне зьяўляецца адзінай магчымасьцю выказаць нейкі відавочны пратэст, іншых магчымасьцяў проста няма ў турме. Гэта — сродак безвыходнасьці”.

Карэспандэнтка: “Калі б у вас была магчымасьць асабіста зьвярнуцца да Мікалая Аўтуховіча, што б вы яму пажадалі”?

Казулін: “Чалавек, які ідзе на гэткую форму пратэсту, які гатовы ахвяраваць сваім жыцьцём, ён павінен быць упэўнены, што ён ні ў чым не вінаваты, упэўнены, што змагаецца за праўду і змагаецца ня толькі за сябе, але й за іншых грамадзянаў нашай краіны.

Ён павінен ведаць, што ўсе людзі з сумленьнем пра яго думаюць і жадаюць яму ўсяго найлепшага. Што мужнасьць, зь якой ён трымае галадоўку, выклікае ня проста павагу, а вельмі моцную павагу да яго”.

Карэспандэнтка: “А што падтрымлівала вас у тыя часы”?

Казулін: “Ёсьць пэўны момант, калі ты разумееш, што калі ёсьць праўда на гэтым сьвеце, то яна павінна быць. Я тады вырашыў для сябе гэткае пытаньне: калі праўда ёсьць, калі нешта сьветлае і добрае павінна быць, то яно будзе. Калі няма, то тады няма сэнсу жыць далей. Я для сябе проста вырашыў: калі я патрэбны на гэтым сьвеце — то я выжыву. Калі не — сыду”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG