Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мужчынскія пальцы “адкаталі”. Узяліся за жаночыя


Надышла чарга беларускіх жанчын тлумачыць міліцыянтам, дзе яны былі ў часе выбуху бомбы падчас сьвяточнага канцэрту ўначы на 4 ліпеня 2008-га году. Тады ад выбуху бомбы ў цэнтры Менску было паранена больш за паўсотні чалавек. Улады палічылі гэта злосным хуліганствам і распачалі крымінальную справу. Сотні чалавек прайшлі празь сьледчы ізалятар як падазроныя, а сотні тысяч былі апытаныя ў якасьці сьведак. Насельніцтва Беларусі ў прымусовым парадку вымушана праходзіць дактыляскапію.

Супрацоўнікі міліцыі складаюць пратаколы допыту жанчын у справе леташняга выбуху. Некаторых дапытваюць у міліцыі, іншых наведваюць дома.

Сьвятлана, якая жыве ў мікрараёне Лошыца, распавяла“Свабодзе”:

“Яны патэлефанавалі ў дамафон. Адчыніла ім дзьверы і спытала, што здарылася. Яны мне адказалі, што ў іх нібыта ёсьць дадзеныя з таварыства ўласьнікаў пра тых жыхароў, якія маюць запазычанасьці за кватэру. Але гэта сьмешна, бо я пратэрмінавала аплату літаральна на 6 дзён.

Тады яны мне сказалі, што абыходзяць кватэры, каб выявіць прытоны. Я ім прапанавала ўвайсьці, каб пераканацца, але яны адмовіліся. У тамбуры міліцыянты пачалі складаць пратакол. Яны спыталіся, дзе я была падчас выбуху. Я адказала, што ў Страсбуры. Пасьля гэтага яны пачалі праглядаць свой сьпіс, і я ўбачыла, што там толькі жаночыя прозьвішчы”.

Нагадаем: на наступны дзень пасьля выбуху была распачата крымінальная справа паводле злоснага хуліганства. У склад сьледчай групы ўвайшлі супрацоўнікі КДБ, пракуратуры і міліцыі.

Літаральна цягам тыдня ў камэры сьледчага ізалятара трапілі некалькі дзясяткаў чалавек, у тым ліку прадстаўнікі дэмакратычнага руху і студэнты-хімікі. Супрацоўнікі акадэмічных інстытутаў, выкладчыкі і студэнты здавалі адбіткі пальцаў. Пазьней усё мужчынскае насельніцтва пачалі выклікаць у ваенкаматы і міліцыю для дактыляскапіі.

Кіраўнік міліцыі Фрунзэнскага раёну Менску Алег Гайдукевіч паведаміў, што дактыляскапію пройдуць усе грамадзяне краіны для нацыянальнага банку дадзеных. Ён запэўніў, што першымі адбіткі пальцаў здалі супрацоўнікі міліцыі.

Мы прапаноўваем людзям добраахвотна здаць адбіткі пальцаў. Адмоваў — адзінкавыя выпадкі.
“Мы прапаноўваем людзям добраахвотна здаць адбіткі пальцаў. Адмоваў — адзінкавыя выпадкі. Людзі ідуць, асабліва калі ім тлумачыш, што нармальнаму чалавеку няма чаго баяцца. Калі чалавек ня зьдзейсьніў злачынства, то чаго яму баяцца? Ці ён зьбіраецца зьдзейсьніць?

Гэта, наагул, прафіляктычная мера. Чалавек, які здаў свае пальцы, будзе ведаць, што яны там недзе ёсьць. Канечне, нехта пальчаткі надзяе, але немагчыма застрахавацца на ўсе выпадкі. Значна будзе лягчэй, калі ўсе будуць у базе.

Мы і да жанчын прыйдзем. Мы і жанчын дактыляскапіруем”.

Намесьніца старшыні грамадзкай арганізацыі “Бацькаўшчына” Ніна Шыдлоўская давала паказаньні ў справе свайго мужа, які трапіў у сьледчы ізалятар празь 5 дзён пасьля выбуху бомбы.

“Сярод маіх знаёмых у справе выбуху дзяўчат і жанчын апытвалі сьледчыя, толькі каб тыя пацьвердзілі алібі іхных мужоў і сыноў, якіх тады забіралі ў гэтай справе”.

Цягам году міліцыянты абыходзілі кватэры ў сталіцы ды іншых гарадах Беларусі і пыталіся ў людзей, дзе тыя былі ў часе сьвяточнага канцэрту, ці ёсьць у доме падазроныя людзі. Мужчын запрашалі ў ваенкаматы і там бралі адбіткі пальцаў.

Цяпер міліцыянты атрымалі сьпісы жанчын і складаюць пратаколы апытаньня. Назіральнікі лічаць, што ў хуткім часе жанчын пачнуць выклікаць для дактыляскапіі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG