Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыягназ хваробы расейскай кінарэжысэркі засакрэцілі


44-гадовая кінарэжысэрка з Санкт-Пецярбургу Марыя Салаўцова памерла ўчора ўвечары ў 3-м гарадзкім клінічным шпіталі Менску. Яшчэ 5 лістапада ёй стала дрэнна ў гатэлі, рэзка паднялася тэмпэратура

Лекар прапісаў жарапаніжальнае, на выходных жанчыне стала лепш. Аднак у панядзелак яе стан зноў пагоршыўся. Салаўцова паступіла ў шпіталь з сымптомамі вострага рэсьпіраторнага віруснага захворваньня і ў той жа дзень памерла. Цела Салаўцовай дзеля ўскрыцьця перавезьлі ў 9-ы клінічны шпіталь Менску.

Калегі Марыі Салаўцовай, якія прыехалі разам зь ёй на здымкі ў Беларусь, урэшце настаялі на шпіталізацыі. Раніцай у аўторак яе шпіталізавалі з сымптомамі грыпу, а ўжо ў сярэдзіне дня хворую перавялі ў рэанімацыю. Нягледзячы на высілкі лекараў, 10 лістапада Марыя Салаўцова памерла. Расейскія сябры рэжысэркі не выключаюць, што яна памерла ад “сьвінога грыпу”.

Аднак галоўны лекар 3-га гарадзкога клінічнага шпіталя Ўладзімір Комар адмовіўся камэнтаваць сьмерць жанчыны на той падставе, што ня мае на гэта дазволу ад Камітэту ў справе аховы здароўя Менгарвыканкаму.

Факт сьмерці грамадзянкі Расейскай Фэдэрацыі ў інтэрвію Радыё Свабода пацьвердзіў супрацоўнік амбасады Расеі ў Менску Вадзім Гусеў:

“Сёньня ў консульскі аддзел амбасады паступіў зварот ад калегі Салаўцовай. Яна зьвярнулася да нас па тэлефоне, цікавілася фармальнасьцямі перавозу цела на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі. Яна была цалкам праінфармаваная, і вось зараз наш супрацоўнік консульскага аддзелу выяжджае ў шпіталь”.

Карэспандэнт: “Што вядома пра само знаходжаньне Марыі Салаўцовай у Менску?”

“Збольшага я і сам ведаю пра гэта са СМІ — яна здымала тут фільм, кшталту тэлевізійнага сэрыялу. Нічога не магу дадаць больш да гэтай інфармацыі. Але магу зазначыць, што за час яе хваробы ніхто да нас не зьвяртаўся. Толькі сёньня, пасьля сьмерці, затэлефанавала яе калега зь яе ж здымачнай групы”.

Карэспандэнт: “Тэлефанавалі зь Менску ці Санкт-Пецярбургу?”

“Як мне сказалі ў нашым консульскім аддзеле, тэлефанавалі з гатэлю, і туды таксама паедзе наш консульскі работнік. Дадам толькі, што амбасада акажа ўсю неабходную консульскую дапамогу з афармленьнем дакумэнтаў і адпраўкай цела на тэрыторыю Расеі”.

Супрацоўнікі менскага клінічнага шпіталя № 3 пацьвердзілі інфармацыю пра сьмерць 44-гадовай Марыі Салаўцовай. Аднак тут не ўдакладняюць дыягназ хваробы, а толькі кажуць, што жанчыну прывезьлі на “хуткай дапамозе” і яна адпачатку была ў вельмі цяжкім стане. Прычыну сьмерці назавуць толькі пасьля ўскрыцьця. Працэдура павінна адбыцца ў бліжэйшыя дзень-два ў моргу 9-га клінічнага шпіталя.

З расейскіх мэдыяў вынікае, што ў Менску Марыя Салаўцова была на здымках новага дакумэнтальнага фільму. На кінастудыі “Беларусьфільм” сказалі, што, мабыць, Салаўцова працавала ў аўтаномным рэжыме, бо да беларускіх калегаў-кінадакумэнталістаў па дапамогу не зьвярталася. Гаворыць дырэктар студыі “Летапіс” Любоў Баталава:

“Не, ня ў курсе, каб у нас была нейкая сумесная праца. Думаю, што да “Беларусьфільму” яе прыезд ня меў ніякіх адносінаў”.



Марыя Салаўцова нарадзілася 23 траўня 1965 году ў Санкт-Пецярбургу. Здымала дакумэнтальныя і мастацкія стужкі, а таксама тэлевізійныя сэрыялы. Пачынала ў 1990-я на студыі дубляжу “Нева-1”, удзельнічала ў агучваньні галівудзкіх стужак. Сярод найбольш заўважных фільмаў рэжысэркі — “Не спрабуйце зразумець жанчыну”, “Я — салдат”, “Яблычак”, “Дзеці блякады”, “Апошняя вахта”, фільм-партрэт “Надзея Кашаварава”, сэрыялы “Марскія д’яблы”, “Паляваньне на Папялушку” ды іншыя. У шэрагу фільмаў яна выступала як акторка і сцэнарыстка.

Мяркуецца, што Марыю Салаўцову пахаваюць у Санкт-Пецярбургу побач з магілай бацькі — вядомага актора нямога кіно Валерыя Салаўцова.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG