Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бутлі з-пад “савецкага шампанскага”


“З Новым годам, з новым шчасьцем!” Гэтая афіцыйная савецкая фармулёўка-віншаваньне выклікала ў нас заўжды лёгкую іронію, хацелася ўдакладніць, канкрэтызаваць свае пажаданьні, але адарвацца ад шаблёну бывае цяжка.

Сёньня нам жадаюць усё тое ж пустое “новае шчасьце”, звычайныя мыльныя бурбалкі, якія раптам на хвілю робяцца каляровымі, вясёлкавымі, але конча лопаюцца, зьнікаюць. Пырскі шампанскага — аднаразовага выкарыстаньня, уласна кажучы, ва ўжываныя бутлі нельга ў ніякім разе зноўку заліваць бурболістае сьвяточнае віно, толькі — “чарніла”, як добра вядома з савецкіх часоў. Але нам штораз на новы год прапануюць “новае віно ў старых бутлях”, аднак у яго няма сьвяточнага прысмаку. Гэта нікога не цікавіць: шчасьце ў нас павінна ўзьнікаць па камандзе, рэскрыпту, дырэктыве.

Толькі яно не ўзьнікае, падазраю, далёка ня ўсе гарадзенцы, скажам, прынікаюць да “блякітнага экрану”, каб атрымаць адмашку на келіх за наступны год нечаканасьцяў. Архаічны чорна-белы “яшчык” на лямпах з таварышам выклікае сёньня прысмак прынамсі зьдзіўленьня. Нас ужо спрабавалі адлучыць ад польскага тэлебачаньня, каб не глядзелі і не параўноўвалі. Гарадзенцам даўным-даўно вядома, што польскі галава віншуе народ далікатна за некалькі гадзінаў да наступнага году, бо ня ўсім ён можа падабацца, а польскага прэм’ера вось паказалі ўвогуле за суткі, пад елачкай яны пагутарылі з карэспандэнтам — без напругі, з усьмешкамі, у вольнай форме. Успомнілі і пра выбары будучыя прэзыдэнцкія, на якія Дональд Туск пойдзе другім ужо разам (ва ўсякім разе пакуль не адмаўляецца). Гарадзенцы памятаюць, што мінулым разам ён моцна спаборнічаў з цяперашнім прэзыдэнтам Качынскім, але, але… Затое ягоная партыя захавала пазыцыі і ў адкрытай палітычнай барацьбе Туск заняў пазьней прэм’ерскае крэсла. Барацьбу іхнюю польскія газэты акрэсьлілі тады з добрым гумарам, як — “Качар жуе Дональда”.

Са зьдзіўленьнем прыгадваю, што і ў нас, здавалася б, падобнае здаралася: былы прэм’ер Чыгір пайшоў на прэзыдэнцкія выбары, каб у “адкрытай палітычнай барацьбе”… Чым гэта закончылася для яго — на стагодзьдзі будзе замацавана ў беларускіх аналах,.. апаліўшыся на малацэ, на ваду дзьмухаюць, як добра вядома.

Як яго памацаць, шчасьце?


Уласна кажучы, над словам шчасьце мы не задумваемся звычайна, бо з няўлоўнага, нават загадкавага, яно або пачынае здавацца амаль недасягальным або робіцца прыземленым. Шчасьце — выйграць у лятарэю? Ці выйграць green card? Пасьпець набыць машыну да падаражаньня? Ці ажыцьцявіць мару — навучыцца скакаць з парашутам, умоўна кажучы. Шчасьце — спраўджаньне мары? Ці — штось іншае? Ці больш слушна разважаць не пра яго само, а — пра ўмовы, пры якіх яно магчымае, яго магчыма адчуць? Мець унутраную здаволенасьць ад жыцьця, ад свайго месца, сваёй ролі, становішча, ад пачуцьця, што недарэмна жывеш, пацэліў з выбарам прафэсіі, працы, чагосьці здолеў дасягнуць, выконваеш, уласна кажучы, сваё прызначэньне — гэта прыкметы менавіта шчасьця? А станоўчасьць, пазытыўнасьць, прывабнасьць для цябе самога твайго жыцьцёвага зьместу?

Зрэшты, у штодзённай мітусьні мы звычайна не задумваемся над зьместам шчасьця дый асьцерагаемся: што яно такое, ці ёсьць яно ў цябе, ці здольны ты на шчасьце, ці дасягальная для цябе гэтая справа? “Птушка шчасьця заўтрашняга дня”, “выберы меня…” — назальлівы шлягер савецкіх часоў, бадай, надаваў справе карыкатурныя рысы. Бо жыцьцё насамрэч руціна, здабываньне сродкаў для існаваньня, канвэер, аднастайны, паўтаральны, будзённы, даволі шэры, шчыра прызнаемся.

Сечка для гледачоў, слухачоў і чытачоў


Але мэтай улады заўжды будзе — паабяцаць шчасьце электарату, часам адно даводзіцца мяняць абгортку. Выбачайце, чаркі ды скваркі для шчасьця, нават беларускага, сёньня замала, гэта нават начальства цяперашняе прызнае. Мы ж ужо ня тыя мужыкі, у якіх “з капы ўмалоту ня болей асьміны і мусіш есьці за работу чорны хлеб зь мякіны”, як наракала калісьці, больш за сто гадоў назад, паэтка.

Тым ня менш беларусаў працягваюць карміць сечкай для сьвіней ці сенам або сіласам для кароў — праз тэлевізар, радыё, газэты. Нядаўна мы зьлёкку паспрачаліся з адным маладзёнам з “недзяржаўнай” радыёстанцыі наконт зьместу выпускаў навінаў. Я кажу: раней, называю станцыю, можна было пачуць, напрыклад, нават паведамленьні БЕЛАПАНу — пра мітынгі, шэсьці, іншыя падзеі, а сёньня адно — “широка страна родная и цветёт как маков цвет, акрамя явлений счастья — никаких явлений нет!” Гэтую небясьпечную прыпеўку сталінскіх часоў любіць паўтараць мой прыяцель, стары журналіст і краязнаўца. Але маладзён, зь якім мы спрачаліся, ставіць мяне на месца: гэта нікому не цікава, мы рабілі дасьледаваньне, людзі хочуць зусім іншых навінаў, ім нэгатыву ня трэба… Затое “трэба”, уключаю мясцовую радыёстанцыю, абавязкова ведаць пра зьмест камбікармоў для сьвіней. Бачу: перапісана, прынамсі аднолькавая нататка з газэтнай, дзе падрабязна распавядаецца — як чаго кладуць сьвіньням — прычым на першай старонцы —у якасьці галоўнай навіны. Я называю ў такіх выпадках яе “газэтай для сьвіней” або для кароў, бо толькі іх гэта насамрэч можа цікавіць па-сапраўднаму, але чытаць ня ўмеюць, на жаль, небаракі, нават па-расейску.

У Беларусі да людзей працягваюць ставіцца як у сталінскія часы: у канстытуцыі ў цябе ёсьць усе правы, але ў жыцьці — зусім неабавязкова.
Хаця ўскосна прызнаецца, што дабрабыту бывае замала для шчасьця, аднак гэта датычыць не грамадзянаў РБ, а — “рускамоўнае насельніцтва” Латвіі, перш за ўсё. “Бэтэ” ручаіны сьлёзаў кракадзілавых не шкадуе, гняўлівыя філіпікі тыражуе — пра “запрыгоненых” нелатышоў, сярод якіх пераважна расейцы. Вось жа ехаць у Расею яны не жадаюць, там горш жыць, зразумела. Але і ў Латвіі той (дзе крызіс таксама пагоршыў справы) ім замала працы і хлеба, ім, што натуральна, хочацца сваіх людзей мець у парлямэнце, яны расейскую мову хочуць выкарыстоўваць паўсюль, як пры СССР-ы (калі латышы пачуваліся дома не ў сваёй талерцы). Як жа любіць тэму гэтую славэтнае “бэтэ”, якому начхаць на існаваньне нашай беларускай мовы і людзей, якім яна дарагая, на тое, што яны ня маюць сваіх прадстаўнікоў у тым, што называецца парлямэнтам у нас.

Так што шчасьце ў нас — рэч двухсэнсоўная, датычыць падвойных стандартаў і разважаць на гэтую тэму можа стаць небясьпечным, бо ўзьнікае непрыхільнасьць адносна ўлады. Самае простае сказаць: шчасьце — адсутнасьць няшчасьця, што больш блізка і зразумела кожнаму, прынамсі, каб адчуць яго падабенства, патрэбны мінімум непрыемных рэчаў у жыцьці, скажам. Але, але, мы жывем у ХХІ стагодзьдзі і нам вядомыя такія паняцьці, як свабода выбару, думак, дзеяньняў, нам патрэбнае ўсьведамленьне, што ты на нешта здольны ўплываць, што ад цябе штосьці залежыць у тваёй роднай краіне, у асабістым жыцьці — пагатоў.

А на астачу сьвежая цытатка з радыёгутаркі з расейскім пісьменьнікам Дзьмітрыем Быкавым наконт атмасфэры ў грамадзтве за нашай усходняй мяжой: “У ім павінны крышку болей паважаць чалавека, крышку меней хлусіць яму, ня гэтак нахабна адбіраць у яго правы”. Баюся, у дачыненьні да Беларусі гэтае “крышку” прагучала сёньня б недарэчнасьцю. Але пагаджуся на ўсе сто з пісьменьнікам Дз.Быкавым, які таксама сказаў: “Культура — гэта такая справа, якая прыносіць шчасьце”. І што б вы на гэта сказалі?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG