Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Толькі мая Алімпіяда. Сяргей Дарафееў


Алімпійскія гульні ў Ванкувэры — вачыма вядомых у Беларусі людзей. Ці вераць яны ў посьпех беларускіх алімпійцаў? Як ацэньваюць каляспартовы антураж Алімпіяды? Якое ўвогуле месца ў іхным жыцьці займае вялікі спорт?

Вядучы ток-шоў “Выбар” на тэлеканале ОНТ, кіраўнік дырэкцыі ранішняга вяшчаньня каналу Сяргей Дарафееў не выключае, што па вяртаньні беларускіх алімпійцаў з Ванкувэру давядзецца зрабіць тэматычны выпуск. Па яго словах, хацелася б, каб нагода да сустрэчы ў студыі была радасная. Але ня выключае, што градус агульнай танальнасьці можа быць зусім іншы:

“Калі вырашым рабіць “Выбар” на гэтую тэму, то дакладна ўжо зараз магу сказаць: там ня будзе пытаньняў кшталту “ну як жа вы так?” ці “ух якія вы малайцы!”. Кожны, хто працуе, калісьці спатыкаецца, калісьці падае, але ўстае і ідзе далей, плянуе сваю дзейнасьць на будучыню. Магчымы аналіз, але аналіз разумны, аргумэнтаваны. Толькі дзеля таго, каб у будучым можна было гэтыя вынікі падвысіць. Але крытыкаваць за тое, што нешта не атрымалася, напэўна, было б дзіўна. Хоць зь іншага боку (не хачу, зноў жа казаць нейкія гучныя словы), апошнім часам у нашых спартоўцаў – і аматараў, і прафэсіяналаў – дастаткова пляцовак для заняткаў спортам. Можа быць, у нас камусьці чагосьці не хапае, але што тычыцца пляцовак, дарожак, палацаў розных, то іх дастаткова. Таму, натуральна, хацелася б, каб былі і нейкія вынікі. Але, яшчэ раз паўтару, усё гэта ня можа гучаць у нейкім загадным парадку. Вось, чыноўнікі ці заўзятары патрабуюць, каб у нас былі 5 мэдалёў. Сьмешна гэта ўсё.

Сапраўды, у такія дні ўсе перажываюць. Ну і я таксама падтрымліваю нашых як магу. Дарэчы, што падчас Алімпіяды ўражвае, дык гэта адсутнасьць мэдалёў у расейцаў. Зразумела, што яшчэ ад савецкіх часоў найлепшыя базы былі ў Расеі (у нас таксама ёсьць “Раўбічы” – біятлён, лыжы – але Беларусь таксама не паказвае таго выніку, які мы ўсе спадзяемся), але чамусьці і Расея нічога не паказвае. І гэта насамрэч кідаецца ў вочы... Зараз не хацелася б рваць на грудзях цяльняшку і якіясьці гучныя словы казаць аб тым, што мы пераможам, перамога будзе за намі і г.д. Але, як у кожнага аматара (хоць я і не адношу сябе да фанатычных заўзятараў) ёсьць спадзяваньні, ёсьць нейкі азарт, адрэналін. Канечне, хочацца пажадаць удачы спартоўцам. Для іх – гэта іхняе жыцьцё, іхняе здароўе. Гэта тое, чаму яны прысьвяцілі сябе цалкам. Прысьвяцілі не адзін год, а хтосьці нават не адно дзесяцігодзьдзе. Таму хацелася б, каб яны ўрэшце парадавалі саміх сябе і сваіх прыхільнікаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG