Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор просіць для Аўтуховіча 20 гадоў турмы


Пракурор Эльдар Сафараў папрасіў асудзіць Мікалая Аўтуховіча на 20 гадоў зьняволеньня. Уладзімера Асіпенку й Аляксандра Ларына — на 11 гадоў. Міхаіла Казлова — на 3 гады.

На працэсе ў Вярхоўным судзе, дзе судзяць Мікалая Аўтуховіча ды іншых абвінавачаных у падрыхтоўцы тэракту, выступіў апошні сьведка і прагучалі камэнтары Мікалая Аўтуховіча што да паказаньняў пра зброю, замах ды іншыя эпізоды.

Сьведку Казіміра Вялесіка з Ваўкавыску выклікалі ў суд другі раз, каб ён паглядзеў на абрэз, зь якім Аляксандар Ларын нібыта на замову Аўтуховіча зьбіраўся рабіць замах на старшыню гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанку. Мінулым разам сьведку паказалі толькі фотаздымак абрэза. Казімір Вялесік адназначна сказаў, што абрэз зроблены не з таго карабіна, які ён калісьці знайшоў у лесе і перадаў Аўтуховічу. Сьведка назваў пэўныя прыкметы, на падставе якіх зрабіў такую выснову.

Гэта быў апошні сьведка, і назіральнікі не выключалі, што на гэтым судовае расьсьледаваньне будзе скончанае і пачнуцца спрэчкі. Але Мікалай Аўтуховіч настойваў на тым, каб даць камэнтар да паказаньняў, і судзьдзя Аляксей Цяцюхін даў абвінавачанаму такую магчымасьць. Найперш Аўтуховіч пракамэнтаваў паказаньні адносна зброі, якую, паводле Ларына, змоўшчыкі нібыта рыхтавалі для замаху. У гэтых камэнтарах Аўтуховіч абапіраўся на свой досьвед вайны ў Аўганістане:

«Я меў досьвед і добра ведаю, што такое дэтанацыйны шнур. Калі сказалі, што нібыта гэтым шнуром абматалі галаўную частку гранатамёта, але ён не ўзарваўся — гэтага ня можа быць. Мы ў Аўганістане карысталіся дэтанацыйным шнуром, калі трэба было здабыць нейкую запчастку з падбітай тэхнікі. Заднюю бэльку задняй восі Камазу абмотваеш шнуром і ўзрываеш, то яе разрывае на дзьве часткі. І навошта было ўзрываць гэты гранатамёт, калі ён — асноўная ўліка? Лічу, яго зьнішчылі адмыслова, бо насамрэч гэта быў муляж, вучэбны дапаможнік для курсантаў».

Ад Аўтуховіча прагучала адметнае прызнаньне: на вайне ў Аўганістане яму неаднойчы даводзілася забіваць людзей. Пасьля гэтага ён ня спаў начамі, перажываў. Каб у мірным жыцьці гэтым займацца — нават не было думкі, сказаў Мікалай Аўтуховіч.

Адкуль, паводле Мікалая Аўтуховіча, увогуле ўзьнікла ідэя замаху на старшыню гарадзенскага аблвыканкаму Саўчанку? Нагадаю, Ларын кажа, што нібыта рыхтаваў замах у канцы кастрычніка 2005 году, калі Аўтуховіча арыштавалі і трымалі ў гарадзенскім ізалятары. Раней, паводле Ларына, нібыта ішлі размовы, як рэагаваць на арышт Аўтуховіча. Калі Ларын пачуў ад адваката, што Аўтуховіч сказаў фразу «Ларын ведае, што рабіць», ён нібыта і пачаў рыхтавацца да замаху. Мікалай Аўтуховіч сёньня сказаў, што перадаваў праз адваката загады на далейшую працу ўсім супрацоўнікам сваёй фірмы, а з Ларыным у яго папярэдне была дамова толькі пра тое, што той «у складаны момант» дапаможа ягонай сям’і. Найперш Аўтуховіч нібыта разьлічваў, што Ларын адвязе ў Маскву грошы ягонай жонцы, якая ў гэты час там лячылася. Ларыну перадалі для гэтага 2 тысячы даляраў, але ён прывёз у Маскву толькі трыста тысяч рублёў. Калі Аўтуховіча вызвалілі і ён даведаўся пра гэта, то зразумеў, што насамрэч Ларын імітаваў ды прыдумляў нейкія дзеяньні, каб выманіць грошы. Паводле Аўтуховіча, гэта выкарысталі сьледчыя, якія «зламалі» Ларына і прымусілі яго агаварыць Аўтуховіча, Асіпенку і Казлова, якога Аўтуховіч назваў «сумленным міліцыянтам».
Мэта ў іх адна — каб Аўтуховіч быў ізаляваны і ня змог даказаць сваю невінаватасьць па першай крымінальнай справе.


Мікалай Аўтуховіч паўтарыў, што справа пра тэрарызм замоўленая зьверху і гэтая замова нібыта наўпрост зьвязаная зь першай справай Аўтуховіча, у якой яго пакаралі нібыта за нясплату падаткаў:

«Яны пайшлі на гэта не дзеля таго, каб раскрыць злачынства, а таму, што выконвалі загад некага з „валасатай рукой“, калі не баяліся запужваць сьведкаў, фабрыкаваць доказы. Мэта ў іх адна — каб Аўтуховіч быў ізаляваны і ня змог даказаць сваю невінаватасьць па першай крымінальнай справе. Таму што прыйдзецца вярнуць тэхніку, нерухомасьць, вялікія грошы, аднавіць фірму. Там столькі накруцілі, што даць задні ход яны ўжо ня могуць».

Таксама Мікалай Аўтуховіч шмат распавёў пра мэтады сьледчых, якія ўжываюцца ў турмах і сьледчых ізалятарах. Гэтыя мэтады абвінавачаны параўнаў з тым, што адбывалася ў 30-я гады падчас рэпрэсіяў.

Адвакат Павал Сапелка ў перапынку гэтак пракамэнтаваў словы свайго падабароннага:

«Аўтуховіч атрымаў магчымасьць распавесьці, як пачалася гэтак званая „справа Аўтуховіча“, як яна расьсьледавалася. Ён і раней спрабаваў гэта зрабіць, але чамусьці суд часта яго спыняў. Збольшага гэты выступ не камэнтаваць трэба, а цалкам зьмяшчаць у мэдыі, каб усе маглі самі зрабіць высновы».
XS
SM
MD
LG