Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Форум Беларускага замежжа: Ці патрэбны Беларусі гей-парад і чаму?


Публічныя мерапрыемствы прадстаўнікоў сэксуальных меншасьцяў у абарону сваіх грамадзкіх правоў у разьвітых дэмакратычных краінах – рэч звычайная. Беларусь была першай краінай на постсавецкай прасторы, у якой прайшоў гей-парад у 2001 г. Дасюль на постсавецкай прасторы такія парады ўспрымаюцца неадназначна.




Удзельнікі гэтага форуму Беларускага замежжа – моладзь, студэнты, праваабаронцы, грамадзкія актывісты – падзяліліся сваімі меркаваньнямі аб тым, што можа азначаць такая падзея, як гей-парад, для грамадзкага разьвіцьця Беларусі.

Каранавал, правы чалавека ці рэкляма?


Беларусы зь Вільні нядаўна мелі магчымасьць назіраць за падзеямі вакол першага гей-параду ў Літве. У Вільні 8 траўня шэсьце сэксуальных меншасьцяў «За роўнасьць» прайшло пад узмоцненай аховай паліцыі, частка гледачоў агрэсіўна пратэставала, былі спробы нападу на ўдзельнікаў шэсьця. Паліцыянты ўжывалі сьлезацечны газ супраць нападнікаў, каля 20 чалавек, якія найбольш агрэсіўна дэманстравалі сваю гамафобію, былі затрыманыя. Тым часам у мерапрыемствах Baltic Pride у Літве бралі ўдзел дзесяткі замежных гасьцей, дыпляматы, дэпутаты Эўрапейскага і літоўскага парлямэнтаў, а таксама парлямэнтары іншых краін. Усяго ўдзельнікаў было каля 350 чалавек, іх ахоўвала амаль тысяча паліцыянтаў.

Кірыл Атаманчык, лідэр грамадзкай студэнцкай ініцыятывы Студальянс, вучыцца ў ЭГУ ў суседняй Літве і вядзе свой блог на буйнейшым балтыйскім інфармацыйным партале DELFI, у якім ён пісаў на гэтую тэму (http://ru.delfi.lt/archive/article.php?id=31129863). Кірыл напісаў аб тым, што прымае людзей такімі, якімі яны ёсьць, і што парады маюць быць дазволеныя ў дэмакратычным грамадстве, але гей-парад, паводле аўтара, гэта не барацьба за правы, а самарэкляма.

«Як да гэтага паставіцца беларускае грамадзтва, адказаць досыць цяжка, бо пазыцыя, напрыклад, у блогасфэры беларускай самая разнастайная. Але я амаль упэўнены, што большая частка грамадзтва будзе супраць. З-за самых розных прычынаў і абставінаў. Частка папросту не зразумее сутнасьці гэтага мерапрыемства, іншая частка будзе апэляваць да нейкіх маральных, хрысьціянскіх каштоўнасьцяў і гэтак далей. І толькі частка грамадзтва падтрымае гэта, спасылаючыся на прынцыпы дэмакратыі, правы чалавека...»

Алесь Ліцьвінчык са Швэцыі:

«Я быў на ўсіх прайдах пачынаючы ад 2002 году. Не як удзельнік, а як глядач. Я хадзіў туды не дзеля падтрымкі, а як глядач у цырк – паглядзець на цікавае відовішча. Зараз прайды пераўтварыліся ня столькі ў дэманстрацыю стаўленьня да сэксуальных меншасьцяў, колькі ў рэклямную акцыю. Таму што пачалі розныя фірмы, розныя партыі браць удзел у гэтым парадзе, але нярэдка тыя, хто там ідуць у шэсьці – не прадстаўнікі сэксуальных меншасьцяў, а тыя, хто рэклямуюць такім чынам сваю партыю ці фірму».

Ганна Герасімава, кіраўніца Дома правоў чалавека ў Вільні:

«Ці патрэбная такая падзея? Наколькі я разумею, тут няма адзінства нават сярод прадстаўнікоў самой LGBT community. Калі яны праводзяць такія парады, важна зьвярнуць увагу на тое, што гэта такія ж людзі, як і ўсе астатнія і што яны маюць правы чалавека. Менавіта правы чалавека – вось гэта важны аспэкт».

«І ўсе апладзіравалі той свабодзе самавыражэньня...»


Алесь Арцюховіч з Каліфорніі (ЗША), калі мы размаўлялі, нават прачытаў вытрымкі з бібліі, якія паказваюць, што сэксуальныя меншасьці парушаюць каноны хрысьціянства. Але гэта выбар кожнага чалавека асабіста, які варта шанаваць – натуральна, нельга забараняць нешта толькі за тое, што гэта не адпавядае хрысьціянству, сказаў Алесь. Паводле Алеся, уласна ключавымі словамі для вызначэньня сэнсу гей-шэсьцяў зьяўляюцца эстэтыка і талеранцыя, – каштоўнасьці, патрэбныя для Беларусі:

«Я бачыў толькі адзін гей-парад, і гэта было ў Сан-Францыска.

Гэта было хіба лепшае месца ў сьвеце, каб пабачыць гей-парад. Адбываецца нешта накшталт карнавалу. Напрыклад, едзе лесьбіянка ў ружовым цыркавым касьцюме на слане і раздае гледачам ружовыя прэзэрватывы...

Бачыце, такія замалёўкі. Не сымпатызаваць гэтаму дзейству было бы цяжка. І ўсе апладзіравалі той свабодзе самавыражэньня, якая была там бачная. І, калі такое адбудзецца свабодна ў Беларусі, – бо Беларусь вельмі заціснутая, асабліва ў сэксуальным пляне, – то гэта будзе таксама нейкай пэўнай прыступкай да свабоды ў Беларусі. Таму, так, я – за гей-парад у Беларусі».

Сьвяткаваньне Дня Сьв. Валянціна, а не фрык-шоў


Адзін з маладых беларусаў з Аўстраліі, які папрасіў не называць яго, у адказ на запрашэньне ўзяць удзел у абмеркаваньні гэтай тэмы, патлумачыў, што не адчувае сябе ў бясьпецы, каб вольна выказаць свае меркаваньні:

«Звычайнаму чалавеку можа быць адмоўлена ў працы, і ён ніколі не даведаецца чаму. Звычайнаму чалавеку можа быць адмоўлена ў працы за тое, што ён нешта калісьці сказаў пра гей-рух ці нейкія праявы ісламу. Адкрытаму гею цяжка адмовіць, бо можна пацярпець за дыскрымінацыю. Ёсьць нянавісьць з абодвух бакоў. Гэта сумна... У Аўстраліі можна вельмі жорстка зьдзекавацца з ангельцаў, амэрыканцаў, навазэляндцаў, ірляндцаў, індусаў, расейцаў, мэксыканцаў... Але пра арабаў, абарыгенаў, і геяў, можна казаць толькі добрае».

«Так, можа існаваць і пазытыўная дыскрымінацыя ў некаторых краінах, – заўважыла кіраўніца Дому правоў чалавека ў Вільні Ганна Герасімава. – Таму што сэксуальных меншасьцяў дыскрымінавалі столькі часу, лічылі гэта хваробай, у СССР лічылі гэта злачынствам, і гэтак далей...»

Беларус з Аўстраліі, які прасіў не называць яго, напісаў таксама, што ягонае стаўленьне да гей-парадаў залежыць ад прыстойнасьці дэманстрацыі: «Калі гэта як сьвяткаваньне дня Сьв. Валянціна – тады ОК. А калі фрык-шоў – то не».

Выйсьці за межы стандартаў «чарка і шкварка»


"Гей-парад – гэта нармальная зьява ў дэмакратычным грамадзтве", – кажа Вячаслаў Бортнік.

Вячаслаў шмат гадоў каардынаваў дзейнасьць праваабарончай арганізацыі Міжнародная амністыя ў Беларусі, цяпер ён вучыцца ў Вашынгтоне і працягвае грамадзкую дзейнасьць:

«Аб эфэктыўнасьці дэмакратыі ў той ці іншай краіне можна меркаваць па тым, як абараняе дзяржава правы меншасьцяў, – этнічных, гендэрных ці людзей з абмежаванымі магчымасьцямі, да прыкладу.

У Беларусі, па некаторых падліках, сэксуальныя меншасьці складаюць каля 600 тысяч чалавек. І калі ў беларускіх гомасэксуалаў ёсьць патрэба ў правядзеньні такіх парадаў, то яны павінны мець такую мажлівасьць.

Таму што права на правядзеньні сэксуальнымі меншасьцямі публічных акцыяў гарантаванае Канстытуцыяй Беларусі, а таксама іншымі абавязкамі, якія ўзяла на сябе дзяржава, як прадстаўнік ААН і Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе».

Для беларускіх уладаў выгодна выкарыстаць нэгатыўнае стаўленьне грамадзтва супраць сэксуальных меншасьцяў, – адзначае Вячаслаў Бортнік:

«Калі можна забараніць шэсьце гомасэксуалаў і мець падтрымку грамадзкасьці, так чаму далей не забараняць публічныя акцыі этнічных меншасьцяў, дзейнасьць таго ж самага Саюза палякаў, ці прафсаюзаў, жаночых арганізацыяў, моладзевых рухаў?

У Беларусі гей-парад – гэта бадай што адзіная магчымасьць для сэксуальных меншасьцяў прадэманстраваць, што яны існуюць, што яны – важная частка беларускай грамадзкасьці. Парад дае добрую магчымасьць для беларускай нацыі паказаць, што яна робіць сур'ёзныя крокі на шляху да дэмакратызацыі, да плюралістычнага грамадзтва, каштоўнасьць якога выходзяць за межы стандарту «чарка і шкварка»».

Беларуская талеранцыя і гамафобія


Вячаслаў Бортнік – удзельнік некалькіх эўра-прайдаў. Да прыкладу, чатыры гады таму ў сталіцы вялікай Брытаніі ён ішоў з бел-чырвона-белым сьцягам наперадзе гей-шэсьця разам з лёнданскім мэрам. У Менску таксама ёсьць досьвед гей-парадаў, – Вячаслаў нагадаў, што самы першы гей-парад на постсавецкай прасторы прайшоў менавіта ў Беларусі ў 2001 г. Тады ўлады не гарантавалі бясьпеку і не далі дазволу на шэсьце, але ўсё прайшло спакойна, – прыгадаў Вячаслаў.

Ці ў параўнаньні з суседнімі краінамі – каталіцкай Польшчай і Літвой, да прыкладу, – Беларусь выглядае больш талерантнай да сэксуальных меншасьцяў?

Ганна Герасімава: «Мы нядаўна з калегамі, з сябрамі абмяркоўвалі гэтую тэму. Я ведаю шмат людзей, якія ўваходзяць у LGBT community. Мы даволі часта пра гэта размаўляем, і тут ёсьць некалькі момантаў. Па-першае, што тычыцца ўладаў: што ў іх у галовах, ніколі не ведаеш. Што датычыць грамадзтва, я думаю, што беларусы ўвогуле больш талерантныя (чым іх суседзі, да прыкладу). Я думаю, што пэўная гамафобія таксама ў Беларусі ёсьць, але яна не такая актыўная, як у некаторых іншых краінах».

Вячаслаў Бортнік: «Што да дзяржавы, то дзяржава стала меней талерантнай. Ня толькі ў дачыненьні да сэксуальных меншасьцяў, але наогул да праявы любога альтэрнатыўнага мысьленьня. І аб гэтым сьведчаць даволі рэзкія гамафобныя выказаньні прадстаўнікоў беларускіх уладаў, і таксама артыкулы падкантрольных дзяржаве СМІ.

Зусім іншае стаўленьне дэманструе беларускае грамадзтва. Красавіцкае апытаньне, якое ладзілася Беларускай газэтай, сьведчыць аб тым, што 59 % апытаных ня супраць правядзеньня гей-параду ў Менску.

Раней таксама аўтарытэтная беларуская сацыялягічная лябараторыя «Новак» выявіла, што 42 адсоткі жыхароў Менску ня супраць правядзеньня прадстаўнікамі сэксуальных меншасьцяў публічных мерапрыемстваў у падтрымку сваіх грамадзкіх правоў. Таму сытуацыя складаецца такая цікавая: з аднаго боку, дзяржава становіцца меней талерантнай, але грамадства наогул становіцца больш талерантным».

Лёгкасьць і элегантнасьць у асяродзьдзі


Алесь Арцюховіч з Каліфорніі напісаў мне напярэдадні перадачы аб розных аспэктах тэмы гей-параду ў Беларусі. «Часта бывае брыдка ад стаўленьня да геяў і ў беларускай апазыцыі, і ў рэжыму. Тое, што рэжым спрабуе выкарыстоўваць геяў як палітычную зброю – непрыемна. Але хацелася б, каб у беларускіх лесьбіянак і геяў хапіла б мужнасьці зрабіць цалкам сваё мерапрыемства, а не прысуседжвацца да нейкага іншага. А так, чым больш геяў – тым прыгажэй і больш элеганцкае навакольле. Беларусі з усёй яе заскарузлай вясковасьцю вельмі не хапае менавіта лёгкасьці і элегантнасьці ў асяродзьдзі».

У размове Алесь Арцюховіч патлумачыў:

«Напрыклад, у нас ёсьць Лагуна-Біч, цудоўны гарадок на пляжы ў Паўдзённай Каліфорніі. Калі ты прыяжджаеш у такія маленькія гарадкі з высокай канцэнтрацыяй геяў, ты пачынаеш знаходзіць цудоўныя месцы, кавярні, рэстаранчыкі, галерэі, буцікі. Наогул, асяродзьдзе паляпшаецца. Яно робіцца больш элеганцкім. І я ў гэтым пляне казаў, што Беларусь досыць заскарузлая краіна ў пляне элеганцыі, таму было б добра, каб зьявіліся асяродкі такія гейскія, бо яны б элегантнасьці б дадалі. У нас тут цалкам ужо зразумелая справа, што геі – лепшыя дэкаратары інтэр'ераў, бо яны маюць вельмі разьвіты густ. У кожнай грамадзкасьці, калі зьяўляюцца геі, яны дадаюць густу».

Алесь Ліцьвінчык са Швэцыі:

«Беларусь – вельмі прыгожая краіна, і гейства нам зараз ніяк не патрэбнае ў Беларусі. Геі – гэта нешта такое слабое, і нам у Беларусі гэта не патрэбна. Для Беларусі патрэбныя цяпер мужнасьць і гераізм».

Ганна Герасімава з Літвы заўважыла, што ў такіх краінах, як Беларусь, удзел у гей-парадзе патрабуе сапраўднай мужнасьці:

«Мужнасьць і гераізм будуць ужо ў тым, што яны выйдуць на вуліцы. Што яны заявяць пра сябе. Таму што з гэтым таксама праблемы, што іх не прымаюць такімі, якія яны ёсьць. І гэта важаня тэма, таму што гэта – вялікая частка грамадзтва. І мае месца значная дыскрымінацыя ня толькі і не столькі з боку ўладаў, якія можа і не зьвяртаюць асаблівай увагі на іх. Гэта дыскрымінацыя з боку грамадзтва».

Канкрэтны чалавек і абстрактная рэч


«Ведаеце, калі я прыехаў зь Беларусі ў ЗША, я быў такі ж гамафобны, як і многія беларусы, – адзначае Алесь Арцюховіч з Каліфорніі. – Я лічу, што гэтая няёмкасьць у стаўленьні да геяў і лесьбіянак зьнікае толькі тады, калі зьяўляюцца асабістыя кантакты. Напрыклад, калі я прыехаў у ЗША, я працаваў у Нацыянальнай лябараторыі ў Бэрклі, і мой сусед па офісу Роб быў геем. Мы дзялілі офіс два з паловай гады. Вельмі разумны хлопец, зараз ён ужо прафэсар, і дарэчы, напалову – паляшук: бацька яго з Палесься. Мы і цяпер лістуемся...

А тады гэта для мне было першае асабістае знаёмства з геем. Памятаю, калі я закахаўся ў гішпанку, ён зрабіў для нас адмысловы канцэрт, граў нам на аргане. Запрасіў нас у царкву, і мы там былі ўдваіх, толькі мы, і ён даваў нам такі канцэрт на аргане. Такі вельмі прыемны хлопец, і вельмі прыемныя ўражаньні. Таксама, я там здымаў дом невялічкі з садзікам, і мае суседкі былі дзьве лесьбіянкі, бібліятэкаркі. Першай справай, як я ўехаў у гэты дом, яны прыйшлі да мяне з тортам, які сьпяклі самі – такі «welcome gift» (прывітальны падарунак) і ветліва сказалі, што вітаюць мяне і рады мяне мець сваім суседам. Бачыце, было вельмі прыемна.

Вось так, калі асабіста раззнаёміўся з геямі, з лесьбіянкамі, у мяне радыкальна зьмяніліся адносіны да іх, і я пачаў паважаць іх выбар».

«Так заўсёды – правы чалавека ўспрымаюцца як нейкая абстрактная рэч, пакуль гэта не закранае асабіста», – кажа Ганна Герасімава.

Ганна Герасімава: «Вось калі побач з вамі няма нікога, хто належыць да сэксуальных меншасьцяў, то вам гэта і не цікава, здаецца, усё такое абстрактнае, незразумелае і гэтага ўвогуле не бывае. А калі вы сутыкаецеся з гэтым асабіста, то для вас гэта робіцца нечым блізкім да жыцьця. Гэта і ёсьць жыцьцё, а не нейкая абстракцыя».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG