Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ермакова абяцае стаўку па жыльлёвых крэдытах да 25%


Нацбанк разглядае пытаньне пра больш жорсткі падыход да спажывецкага крэдытаваньня. Пра гэта заявіла старшыня праўленьня Нацбанку Беларусі Надзея Ермакова падчас прамой тэлефоннай лініі ў «Народнай газеце».

Ермакова сказала, што яна не прыхільніца спажывецкага крэдытнага буму.

«Сёньня наша насельніцтва не такое беднае. Эканоміка паступова расьце, будуць узрастаць і даходы людзей, што само па сабе зьніжае неабходнасьць у спажывецкім крэдытаваньні. Раздача крэдытаў направа і налева залішне разагравае рынак, павялічвае ўнутраны попыт і стварае перадумовы для ўзмацненьня інфляцыі і дэвальвацыі рубля», — сказала Надзея Ермакова.

Яна таксама лічыць патрэбным зьніжаць у разумных межах стаўку крэдытаў на будаўніцтва жыльля. Таму што банкі ня могуць працаваць са стратамі. Дзяржаўныя банкі вызначыліся, што зьнізяць стаўку па жыльлёвых неільготных крэдытах арыенціровачна да 25% гадавых.

Былы старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч лічыць, што крэдытаваньне насельніцтва — гэта аб’ектыўная рэальнасьць.

«Крэдыт — гэта заўсёды дапамога. Гэта добра ў нармальных, разумных межах. Калі яна кажа, што людзі ў нас заможныя, то незразумела, чаму яна за тое, каб абмежаваць крэдытаваньне. Бо ў заможных краінах крэдытаваньне разьвіта найбольш».

Што да стаўкі па жыльлёвых крэдытах у 25%, Багданкевіч сказаў, што гэта вельмі высокая стаўка, калі крэдыт даецца на 20 і больш гадоў.

«Што гэта — нармальная стаўка? Стаўка павінна быць 5–7%. Нацбанк павінен рабіць усё магчымае, каб не было і такой інфляцыі, якая ёсьць у нас, і каб стаўкі вызначаліся адназначнай велічынёй. Таму стаўка 25% — гэта не дасягненьне. Гэта дрэнная, вельмі высокая, непасільная стаўка для чалавека, які бярэ крэдыт на жыльлё. Няўжо ўсё жыцьцё будзе такая інфляцыя і такая стаўка? Наагул у сьвеце такіх ставак няма на іпатэку, на жыльлё Доўгатэрміновыя стаўкі заўсёды нізкія».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG