Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каму Беларусь прадае зброю?


Аляксандар Лукашэнка зазначыў, што будзе прадаваць лішкі сучасных узбраеньняў, не парушаючы міжнародных дамоваў. Пра гэта ён заявіў падчас сустрэчы з кіраўніком Дзяржаўнага камітэту па ваеннай прамысловасьці Сяргеем Гурулёвым.

Паводле незалежнага вайсковага экспэрта Аляксандра Алесіна, пад «лішкамі» маюцца на ўвазе тыя сыстэмы ўзбраеньняў, якія ў Беларусі састарэлі і не выкарыстоўваюцца, але прыдатныя для краін «трэцяга сьвету». Гэтым гандлем распараджаецца Міністэрства абароны. Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт можа гандляваць толькі сваімі вырабамі, якія ён выпусьціў звыш патрэбы беларускай арміі.

«Гэта могуць быць сродкі радыёэлектроннай барацьбы і сродкі радыёлякацыі, колавыя шасі і цягачы для вырабу ўзбраеньняў, сродкі сувязі, бесьпілётныя авіяцыйныя прыстасаваньні. А таксама новыя сродкі збройнай барацьбы, такія, як мадэрнізаваныя авіяцыйныя бомбы і гэтак далей. Мяркую, што ў гэтым выпадку Лукашэнка меў на ўвазе менавіта гэта. А для такіх вырабаў — любое месца ў сьвеце».

Паводле прэсавага сакратара МЗС Беларусі Андрэя Савіных, Рэспубліка Беларусь ніколі не парушала і ня будзе парушаць адмысловыя рэзалюцыі Рады бясьпекі ААН:

«Любыя заявы, якія супярэчаць гэтаму, галаслоўныя, не адпавядаюць сапраўднасьці і іх можна прыраўняць да звычайнай правакацыі. Справа, відаць, у тым, што спробы дэманізаваць вобраз Беларусі прымушаюць гэтых гора-вынаходнікаў ісьці нават на такія рэчы».

Паводле кіраўніка дзяржкамітэту па ваеннай прамысловасьці Сяргея Гурулёва, «усе спробы прыцягнуць за вушы тыя ці іншыя парушэньні канчаліся паразай». Куды ж прадае зброю Беларусь? Прэс-сакратар Дзяржкамваенпрама Ўладзімер Лаўранюк патлумачыў:
Абаронна-прамысловы комплекс прапануе сваю прадукцыю. Тым самым мы прыносім валюту дзяржаве.

«З Расеяй у нас найбольшае ўзаемадзеяньне ў гэтай сфэры. А так кантракты розныя. Мы аказваем паслугі па рамонце і мадэрнізацыі рознай тэхнікі савецкай вытворчасьці, якая знаходзіцца ў розных дзяржавах. Мы заяўлялі пра тое, што ў Іран не паступаюць нашы ўзбраеньні. У Сырыю таксама. Мы не прадаём зброю тым дзяржавам, якія падпадаюць пад санкцыі. Ставіцца задача ўсім галінам эканомікі нарошчваць экспартны патэнцыял. Абаронна-прамысловы комплекс прапануе сваю прадукцыю. Тым самым мы прыносім валюту дзяржаве. Існуе невялікі рост экспартнага патэнцыялу параўнальна зь мінулым годам».

Беларусь не аднойчы абвінавачвалі ў незаконных пастаўках зброі. Да прыкладу, у 2006 годзе тагачасны прэзыдэнт ЗША Джордж Буш перадаў у кангрэс адмысловы даклад, дзе сьцьвярджалася, што Беларусь прадае зброю ў краіны міжнароднага тэрарызму. На пачатку гэтага году праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» вінаваціла Беларусь у пастаўках зброі ў Судан. Паводле афіцыйнай статыстыкі, Беларусь прадае зброю Азэрбайджану, Армэніі, Казахстану, Туркмэністану, Узбэкістану, у краіны Афрыкі.
Я дапускаю,што ў раёны збройных канфліктаў пастаўлялася беларуская зброя.

Экспэрт Аляксандар Алесін адзначае, што дагэтуль не ўдалося дакумэнтальна давесьці ніводнага эпізоду па продажы зброі ў краіны міжнароднага тэрарызму. І давесьці даволі складана з шэрагу прычынаў:

«Я дапускаю,што ў раёны збройных канфліктаў пастаўлялася беларуская зброя. Магчыма, празь нейкія пасярэдніцкія фірмы, якія нібыта куплялі для сваіх патрэб. Існуе такі мэханізм стварэньня пасярэдніцкіх кампаній, якія могуць быць створаныя на тэрыторыі нэўтральных дзяржаў альбо ў нейкіх афшорных зонах, і адтуль ажыцьцяўляецца празь некалькі пасярэднікаў продаж вось гэтай маёмасьці. Нават ААН нічога не магла вызначыць. Фармальна ўсё захавана. Хоць ізраільцяне неаднаразова ўздымалі скандал адносна паставак беларускай тэхнікі варожым ім рэжымам. Але таксама нічога не маглі давесьці».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG