Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На што хварэе Лукашэнка?


Лукашэнка ў Мультлічнасьцях
Лукашэнка ў Мультлічнасьцях

Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў пракамэнтаваў у чацьвер чуткі пра праблемы са здароўем Уладзімера Пуціна. Тым часам стан здароўя кіраўніка Беларусі па-ранейшаму застаецца таямніцай.

У савецкія часы пра хваробы кіраўнікоў дзяржавы народ даведваўся толькі з дадаткаў да нэкралёгаў, падпісаных мэдычнымі аўтарытэтамі.

Што да Крамля, дык здароўе прэзыдэнта Ельцына было, хаця і далёка ня ў поўным аб'ёме, прадметам паведамленьняў прэсавай службы, а апэрацыя на сэрцы ў 1996 годзе ўвогуле нейкі час заставалася топ-навіной у СМІ.

Сёньня прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў абверг чуткі пра тое, што ва Ўладзімера Пуціна пагоршыўся стан здароўя, і што нібыта яно стала прычынай адмены некаторых міжнародных візытаў кіраўніка дзяржавы.

А якая сытуацыя са здароўем у кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі?

Адказаць на гэтае пытаньне могуць толькі ягоныя лекары і, напэўна, самыя блізкія сябры.

Першае афіцыйнае тлумачэньне адносна стану здароўя Лукашэнкі прагучала празь некалькі тыдняў пасьля ягонага заступленьня на пасаду, увосень 1994 году. Тады на некалькі дзён Лукашэнка зьнік, па Менску папаўзьлі чуткі, што ён нібыта знаходзіцца ў клініцы ў Маскве. Па тэлебачаньні было паведамлена, што прэзыдэнт пацягнуў жылы ў часе спартовых заняткаў.

У канцы 1994 году дэпутаты Апазыцыі БНФ афіцыйна вынесьлі на сэсію Вярхоўнага Савету пытаньне аб стварэньні мэдычнай камісіі па вывучэньню псыхічнага стану прэзыдэнта Лукашэнкі, але прапанова не набрала патрэбнай для станоўчага рашэньня колькасьці галасоў.

З таго часу здароўе Лукашэнкі неаднаразова рабілася прадметам чутак.

Так, некалькі гадоў таму шэраг незалежных інтэрнэт-рэсурсаў цытавалі інфармацыю Wikileaks, дзе са спасылкай на матэрыялы дыпляматычнай перапіскі паведамлялася, што, нібыта, паводле казахскага дыплямата Аўнасава, пасьля выбараў 2006 году Лукашэнка выклікаў трох лекараў з маскоўскага Галоўнага вайсковага клінічнага шпіталя імя Бурдэнкі. У якасьці магчымага захворваньня Аўнасаў згадвае рак прастаты.

Аднак ніякага пацьверджаньня гэтай інфармацыі зь іншых крыніцаў не зьяўлялася.

Гэтак жа, як застаюцца ўсяго толькі здагадкамі меркаваньні пра 10-дзённае знаходжаньне Лукашэнкі ў Швэйцарыі ў лютым 2010 году. На пытаньні эўрапейскіх журналістаў, ці ня мае такі візыт прычынай – лекаваньне ад цяжкай хваробы, тагачасны амбасадар Беларусі ў Бэльгіі Уладзімер Сянько адказаў, што гэта – плёткі, і ён адмаўляецца такое камэнтаваць.

Летам 2012 году ў Аўстрыі адбыўся гучны судовы працэс над былым генэральным сакратаром Аўстрыйскага Алімпійскага камітэту Хайнцам Юнгвіртам, якога крымінальны суд Вены прызнаў вінаватым у незаконным прысваеньні каля 3.300.000 эўра і прысудзіў яго да пяці гадоў пазбаўленьня волі. Як паведамлялася, сярод шматлікіх эпізодаў фінансавых злачынстваў, якія разглядаліся на судовым працэсе, – створаны Алімпійскім камітэтам у банку Raiffeisen патаемны рахунак, зь якога ў тым ліку аплачваўся шыкоўны адпачынак Лукашэнкі і ягонай сьвіты ў Альпах у 2002 годзе. Грошы пералічваліся асабіста Юнгвіртам, які прымаў актыўны ўдзел у прыёме дэлегацыі на чале з Лукашэнкам.

Пра той адпачынак Лукашэнкі 2002 году таксама казалі, што ягонай прычынай была хвароба, аднак ніякіх пацьверджаньняў гэтага (у тым ліку, наколькі вядома, і ў часе судовага працэсу над Юнгвіртам) не было.

У той час, як у большасьці дэмакратычных краінаў вынікі рэгулярнага мэдычнага абсьледаваньня кіраўнікоў дзяржаў робяцца вядомымі, стан здароўя кіраўніка Беларусі па-ранейшаму застаецца таямніцай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG