Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Камітэт ААН — па абарону правоў


Леанід Судаленка
Леанід Судаленка

Гомельскія праваабаронцы Анатоль Паплаўны й Леанід Судаленка ў міжнародны Дзень правоў чалавека накіравалі скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека.

Заяўнікі лічаць, што іх правы на свабоду мірных сходаў і выказваньне асабістых меркаваньняў, замацаваныя ў артыкулах 19 і 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, былі парушаныя беларускімі ўладамі.

Летась у лістападзе спадары Паплаўны й Судаленка зьвярнуліся ў Гомельскі гарвыканкам па дазвол на правядзеньне 10 сьнежня пікету, прымеркаванага да Дня правоў чалавека. Гарадзкія ўлады забаранілі масавае мерапрыемства. Праваабаронцы абскарджвалі адмову ў Цэнтральным судзе Гомеля. Аднак суды, у тым ліку і Вярхоўны, адхілялі прэтэнзіі да гарвыканкаму — у кожным выпадку станавіліся на бок уладаў.

Гэта й вымусіла гамельчукоў зьвярнуцца па абарону сваіх правоў у Камітэт ААН.

На пачатку сьнежня ў згаданы Камітэт зьвярнуліся й былыя кандыдаты ў дэпутаты парлямэнту, сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі з Гомеля Васіль Палякоў і Ўладзімер Няпомняшчых. Падставай паслужыла адмова беларускіх судоў разгледзець іхнія скаргі наконт фактаў палітычнай цэнзуры, учыненых тэлерадыёкампаніяй «Гомель». Звароты апазыцыйных кандыдатаў да выбарцаў не пусьцілі ў эфір — у іх утрымліваліся заклікі байкатаваць выбары, бо падкантрольныя ўладам выбарчыя камісіі фальшуюць падлік галасоў. Аднак суды адхілілі заявы, спаслаўшыся на беларускае заканадаўства, якое прадугледжвае абскарджваньне дзеяньняў выбаркамаў ды іншых дзяржаўных органаў, якія ўдзельнічаюць у выбарчым працэсе.
За няпоўныя дзесяць гадоў з Гомельшчыны ў Камітэт ААН па правах чалавека зьвярнуліся звыш паўсотні грамадзкіх актывістаў і палітыкаў

Леанід Судаленка: «За няпоўныя дзесяць гадоў з Гомельшчыны ў Камітэт ААН па правах чалавека зьвярнуліся звыш паўсотні грамадзкіх актывістаў і палітыкаў са скаргамі на парушэньне іх права на свабоду мірных сходаў, выказваньняў, аб’яднаньня ў асацыяцыі, а таксама на ўдзел у выбарах як доступ да кіраваньня дзяржаваю. У 12 выпадках праваабарончы камітэт ААН зафіксаваў, што правы грамадзянаў парушаныя беларускімі ўладамі. Беларускаму ўраду рэкамэндавана аднавіць справядлівасьць, выплаціць ахвярам кампэнсацыі й не дапускаць парушэньняў у будучым. Але ніводнай рэкамэндацыі беларускія ўлады ня выканалі, хоць Беларусь падпісалася пад Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах».

Не адноўлена і абласное грамадзкае аб’яднаньне «Грамадзянскія ініцыятывы», скасаванае ўладамі праз суд яшчэ ў 2003 годзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG