Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кажуць — трансфармацыя, разумеюць — зьнішчэньне


Дом па Раманаўскай Слабадзе, 22 у плямах чыноўнікаў — пад плямай перабудовы.
Дом па Раманаўскай Слабадзе, 22 у плямах чыноўнікаў — пад плямай перабудовы.

Згодна з Генэральным плянам аднаўленьня гістарычнага цэнтру Менску, татальная перабудова вымагае ахвяраваць некаторымі жылымі і адміністрацыйнымі будынкамі. Аднак тых, хто пражыў тут усё жыцьцё, пэрспэктыва пераезду на ўскраіну ня цешыць.

Згодна з горадабудаўнічым дакумэнтам, працы на аднаўленьні шэрагу аб’ектаў будуць суправаджацца ліквідацыяй пабудоваў, якія не ўяўляюць гістарычнай каштоўнасьці. Так, рэканструкцыя менскага Замчышча ставіць пад пытаньне мэтазгоднасьць існаваньня дамоў №№ 18, 20, 22 і 24 па Раманаўскай Слабадзе, адміністрацыйных збудаваньняў на праспэкце Пераможцаў, у Шпалерным завулку, на вуліцы Вызваленьня.

16 студзеня прайшло абмеркаваньне будучыні гістарычнага цэнтру Менску з удзелам спэцыялістаў праектнай арганізацыі «Мінскграда», кіраўніцтва забудоўшчыка з прадпрыемства «Мінская спадчына», незалежных архітэктараў і мастацтвазнаўцаў. На сустрэчу прыйшлі і некалькі дзясяткаў жыхароў дамоў, вызначаных пад знос.
Раён пад перабудову
Раён пад перабудову

Аднак канструктыўнага дыялёгу ня выйшла: хоць дырэктар «Мінскай спадчыны» Павел Шыкунец рэкамэндаваў менчукам не перабольшваць маштаб трагедыі і «спаць спакойна», спакою не было:

Шыкунец: «Жывіце спакойна, атрымлівайце асалоду ад жыцьця, ні пра што не турбуйцеся…»

Жыльцы: «Ня трэба, вы нам ужо забясьпечылі магчымасьць „атрымліваць асалоду“… Мы хочам зразумелых, чалавечых тлумачэньняў: што з намі будзе?»

Шыкунец: «Паколькі па Раманаўскай Cлабадзе ў нас не прадугледжана ніякая кампэнсацыя, гэта азначае, што няма заданьня пераводу жылога фонду ў нежылы і г.д.»

Жыльцы: «Патлумачце тады: чаму ў падрыхтаваным пляне нашых дамоў ужо няма?»

Шыкунец: «Вашы дамы ніхто ў бліжэйшы час зносіць не зьбіраецца».
Дом на Шпалернай вуліцы
Дом на Шпалернай вуліцы

Недвухсэнсоўная трактоўка падштурхнула да іншай высновы — калі ў самы бліжэйшы час, магчыма, зносіць і не зьбіраюцца, то нельга выключаць такую пэрспэктыву надалей. Пра гэта кажа і жыхарка дому № 24 па Раманаўскай Слабадзе Любоў Малініна:
Жыхарка дому № 24 па Раманаўскай Слабадзе пра магчымы знос
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:44 0:00
Наўпроставы лінк

«Ён выказаў абсалютна абцякальную фразу: радуйцеся жыцьцю і сьпіце спакойна. Але ў суадносінах з тым, што мы ўбачылі ў праекце, гэта проста голыя словы. У тлумачальнай запісцы праекту не было слова „знос“, але была недвухсэнсоўная заява — „трансфармацыя“. Увогуле такога паняцьця — „трансфармацыя“ — у горадабудаўніцтве няма. Ёсьць рэканструкцыя, ёсьць будаўніцтва, ні пра якую „трансфармацыю“ ніхто ня чуў. Тым ня меней нашага дому і вось гэтых суседніх дамоў на пляне, які рыхтаваўся да зацьвярджэньня, не было. Таму нашае абурэньне і нашы пытаньні цалкам заканамерныя. Натуральна, што мы хочам ня слоўнага, а дакумэнтальнага пацьверджаньня таго, што нашы дамы застануцца тут стаяць».
Пяціпавярховікі таксама пад пагрозай зносу
Пяціпавярховікі таксама пад пагрозай зносу

23 студзеня старшыня Менскага гарвыканкаму Мікалай Ладуцька таксама ўскосна пацьвердзіў: дзеля новых праектаў сапраўды давядзецца зьнесьці маральна састарэлыя будынкі. Аднак спадарыня Малініна задаецца пытаньнем: навошта ў такім разе дзяржава ўбухала вялізныя сродкі ў капітальны рамонт менавіта гэтых дамоў?
Колішні ваенкамат на вуліцы Вызваленьня
Колішні ваенкамат на вуліцы Вызваленьня

«У гэты дом, як і ў іншыя, укладзеныя шалёныя дзяржаўныя грошы. Наш дом зьмяніўся нават зьнешне: у ім зроблены поўны капітальны рамонт — падвалы, дах, уцяпленьне, усе камунікацыі. Нават да таго, што ў кожнай кватэры ўсталяваны супрацьпажарны шлянг. Усё зроблена. А потым, на жаданьне жыхароў, быў яшчэ зроблены рамонт у кватэрах».
На квартал невялічкіх дамкоў — грандыёзныя пляны
На квартал невялічкіх дамкоў — грандыёзныя пляны

29 студзеня ў адміністрацыі Цэнтральнага раёну Менску адбудзецца грамадзкае абмеркаваньне праекту рэканструкцыі гістарычнага цэнтру. Які варыянт «трансфармацыі» павінны прапанаваць улады, каб жыхары пагадзіліся зь ім?

«Натуральна, усе занэрваваліся, і я таксама стала глядзець у інтэрнэце прапановы нерухомасьці такога ж узроўню, як гэты дом. І ведаеце: я ў Менску, у цэнтры, не знайшла ніводнага дому сталінскай пабудовы з капрамонтам і жалезабэтоннымі перакрыцьцямі. Ніводнага! Усюды драўляныя перакрыцьці і ўсюды гадоў 30–40 не было капрамонту. То бок дому, роўнага гэтаму, не знайшла. Але я і не хачу іншага жыльля, я лічу, што заслужыла гэтае. Гэта мая ўласнасьць. Я жыву тут ня ўсё жыцьцё, але даўно. У асноўным тут, скажам так, старажылы. Таму што гэты быў першы дом, пабудаваны замест баракаў на Раманаўскай Слабадзе. Гэта быў першы дом, які задаў чырвоную лінію ўсёй слабадзе, і ўжо па гэтым доме выбудоўваліся ўсе іншыя шматпавярховікі. Тут жыў пракурор Цэнтральнага раёну Менску і дагэтуль жывуць яго дзеці. Тут жыў вядомы фатограф Уладзімер Крук. Тут жылі людзі, якія бачылі праз дарогу гета, якія перажылі вайну ў гэтым доме».
Хлебазавод на Ракаўскай
Хлебазавод на Ракаўскай

Меркаваны знос жылых дамоў на Раманаўскай Слабадзе — найбольш масавы. Астатнія пабудовы прапануецца ліквідаваць кропкава. Разам з шпалернай фабрыкай на аднайменных вуліцы й завулку зьнікнуць сама меней чатыры будынкі. На іх месцы зьявіцца паркоўка і адміністратыўна-жылы комплекс. На вуліцы Вызваленьня зьнясуць былы ваенкамат і гаражы, таксама спыніць існаваньне стары хлебазавод № 1. Зьнікне сярэдняя школа № 44 па праспэкце Пераможцаў, 3а.
Сярэдняя школа № 44
Сярэдняя школа № 44

Зрэшты, маштаб адсяленьня можа быць нашмат большы: на горадабудаўнічым пляне практычна ўвесь гістарычны цэнтар афарбаваны ў малінавы колер, які азначае арыентацыю на офісы і нежылыя памяшканьні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG