Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хатынь: і праз 70 гадоў застаюцца таямніцы


22 сакавіка 1943 году вёска Хатынь была спалена разам з жыхарамі, зьнікла з геаграфічнай карты Беларусі. І стала сымбалем трагедыі беларускага народу. Хоць пасьля гэтага мінула ўжо 70 гадоў, дагэтуль у хатынскай трагедыі ёсьць шмат недасьледаванага. Днямі ў Менску адбылася міжнародная навуковая канфэрэнцыя «Хатынь: 1943–2013. Падзеі, людзі, памяць», дзе гісторыкі зноў спрачаліся і разам шукалі адказы на многія пытаньні.

Галоўны архівіст Нацыянальнага архіву Рэспублікі Беларусь, кандыдат гістарычных навук Вячаслаў Селяменеў кажа, што цяпер адкрытыя практычна ўсе дакумэнты па Хатыні і нават прызнаны партызанскі сьлед:

«У савецкі час не казалі, што гэтай трагедыі папярэднічала партызанская апэрацыя. Партызанаў быццам бы не было, проста немцы прыехалі, акружылі вёску і спалілі. Ну, а цяпер ужо, калі вы возьмеце зборнік дакумэнтаў „Хатынь: трагедыя і памяць“ — там ёсьць усе дакумэнты. І прызнаньне камандзіра партызанскага атраду Варанянскага, што прысутнасьць партызан у Хатыні стала падставай для зьнішчэньня вёскі».

Доктар гістарычных навук, прафэсар Аляксей Літвін кажа, што зьнішчэньне Хатыні са 149 жыхарамі — гэта помста за дзеяньні партызан:

«Канечне, помста, 100%. Партызаны зьдзейсьнілі дывэрсію, яны парэзалі лінію сувязі. А да гэтага знаходзіліся ў гэтай вёсцы. А пасьля Сталінградзкай бітвы немцам дазвалялася спальваць вёскі, калі была даказаная прыналежнасьць гэтых людзей да партызанаў. Вось гэтая апэрацыя супраць Хатыні — яна не плянавалася загадзя (у адрозьненьне ад 68 плянавых буйных карных апэрацыяў, якія немцы правялі за год). Гэты быў такі імпульсіўны акт помсты зь нямецкага боку».

Кандыдат гістарычных навук Ігар Кузьняцоў перакананы, што дагэтуль ёсьць акрэсьленыя ідэалягічныя рамкі, за якія сур’ёзныя дасьледчыкі не выходзяць. Таму пра ролю партызан у зьнішчэньні тысяч мірных жыхароў недагаворваюць. У гістарычнай навуцы трэба пазбаўляцца ідэалягічных абмежаваньняў:
Трэба па-іншаму глядзець і на многія старонкі партызанскага руху ў Беларусі

«І тады ланцужок пацягнецца: чаму партызаны парушылі загад не заходзіць у населеныя пункты, каб ня ставіць пад удар насельніцтва? Тут трэба разьбірацца і з пытаньнем: хто справакаваў гэтыя дзеяньні? Трэба па-іншаму глядзець і на многія старонкі партызанскага руху ў Беларусі. Гэта, у прыватнасьці, рабаваньне мірнага насельніцтва, крадзеж боепрыпасаў, зьдзяйсьненьне тэрарыстычных актаў паблізу ад населеных пунктаў, каб выклікаць дзеяньні ў адказ з боку акупацыйных уладаў. Але пра гэта ж у нас ня пішуць! Ніводная дысэртацыя гэтаму не прысьвечана».

5 гадоў таму, да 65-годзьдзя хатынскай трагедыі, выйшаў расейскі дакумэнтальны фільм «Ганебная таямніца Хатыні». Ня так даўно зьявіўся беларускі фільм «Хатынь. Засакрэчаная трагедыя», дзе адназначна зазначаецца ўкраінскі сьлед — што Хатынь спалілі карнікі з 118-га ўкраінскага ахоўнага батальёна. Доктар гістарычных навук, прафэсар Аляксей Літвін абураны:

«Ну як гэта ўкраінскі? Гэта такая дурнота! 118-ты шуцманшафт-батальён. Ведамства СС — Гімлера стварала гэтыя батальёны. Туды ўключалі і галяндцаў, і літоўцаў, эстонцаў, латышоў. Туды залічвалі і ворагаў савецкай улады, і беларусаў у тым ліку. Немцы самі лічылі іх як нямецкія фармаваньні. Там былі і немцы, асуджаныя за розныя правіннасьці. Як і сам кіраўнік батальёну Дырлевангер. Гэта першы быў кшталту штрафных батальёнаў у Нямеччыне. А потым ён у нас тварыў усялякія беззаконьні».

Галоўны архівіст Нацыянальнага архіву Вячаслаў Селяменеў кажа, што збольшага пра трагедыю ў Хатыні гісторыкі ўсё дасьледавалі:

«Адзінае, чаго мы ня ведаем, — хто ў батальёне СС Дырлевангера камандаваў. Тут быў камандзір батальёна немец маёр Кёрхер і ўкраінскі камандзір Смоўскі з боку 118 батальёна. А пра батальён Дырлевангера ў нас, вядома, менш зьвестак. Але гэта таксама быў інтэрнацыянальны батальён, ня чыста нямецкі. Проста ў нас ухіл робяць на нацыянальны момант, але гэта няправільна».

Акупанты зьнішчылі больш за 9200 беларускіх вёсак — з іх 5295 спалілі разам з усім насельніцтвам ці яго часткай. 628 вёсак цалкам падзялілі лёс Хатыні. А сымбалем спаленых вёсак абраная менавіта Хатынь. Гісторык Ігар Кузьняцоў выказаў такое меркаваньне:
Хатынь, я перакананы, менавіта была абраная з мэтай, каб закрыць своеасаблівай дымавой заслонай Катынь

«Хатынь, я перакананы, менавіта была абраная з мэтай, каб закрыць своеасаблівай дымавой заслонай Катынь, што пад Смаленскам. Таму што патрэбна была асацыяцыя, што і ў Хатыні, і ў Катыні былі зьверствы нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і з гэтай мэтай у Беларусі сымбалем была абрана Хатынь. Я прыводжу іншы прыклад. За 18 кілямэтраў ад Менску на тыдзень раней за Хатынь было спалена 3 вёскі, агулам больш за 500 чалавек. Але мэмарыял пабудавалі чамусьці ў Хатыні».

Па тэме спаленых вёсак у Беларусі няма ніводнага буйнога дасьледаваньня. Мы толькі кажам, што гэта было беспрэцэдэнтна, што ў ніводнай краіне не было такой колькасьці зьнішчаных вёсак. 22 сакавіка, у дзень трагедыі Хатыні, штогод ускладаюцца вянкі, прамаўляюцца прамовы, і на гэтым усё канчаецца...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG