Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эканомія не для ўсіх: палац для прэзыдэнта


Магчыма, прэзыдэнт Шры-Ланкі Махінда Раджапакса быў апошнім, каго Аляксандар Лукашэнка прымаў у пераабсталяваным пад працоўную рэзыдэнцыю былым будынку ЦК КПБ. На тое, што «чырвоны дом» на Маркса, 38 паступова страчвае сваё функцыянальнае прызначэньне, сьведчыць актыўнасьць вакол іншага аб’екта — Палаца незалежнасьці на праспэкце Пераможцаў. І хоць сам Лукашэнка сьцьвярджае, што навабуд узводзіцца выключна для пратакольных мерапрыемстваў, сьвежы надпіс на фасадзе сьведчыць пра іншае — там будзе «Рэзыдэнцыя прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь».

Фронт працаў на стратэгічным аб’екце паступова перасунуўся ўсярэдзіну будынка — на подступах ідзе збольшага зачыстка і аздабленьне тэрыторыі. Тут у зялёных камізэльках корпаюцца дзясяткі жаўнераў і супрацоўнікаў «Зелянбуду», іхнюю працу ахоўвае міліцыя. Будаўнікі ў люльках паліруюць вялізны герб і залатыя літары — «Палац незалежнасьці. Рэзыдэнцыя прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь». Шкляныя вокны-вітрыны ўпрыгожваюцца арнамэнтам, які беларускі нагадвае хіба што ўмоўна. Па пэрымэтры — жалезны частакол: мабыць, памятаючы народнае незадавальненьне пры спробе паставіць плот вакол «чырвонага дому», тут вырашылі адгарадзіцца адразу.

Што адбываецца за сьценамі будынка — дзяржаўная таямніца. Між тым стала вядома, што там завіхаецца цэлы інтэрнацыянал. Паводле аднаго з рабочых, адмыслоўцаў па магчымасьці замаўляюць непасрэдна з кампаніяў — вытворцаў таго ці іншага абсталяваньня. Так, пракладкай каналізацыі, усталяваньнем сантэхнікі і вэнтыляцыі займаюцца немцы, сэрбы і нават японцы. І ня толькі:

«Тыя, хто задзейнічаны на аздабленьні новага Палаца незалежнасьці, як па беларускіх мерках, дык зарабляюць сапраўды шалёныя грошы — па некалькі тысяч даляраў, залежна ад кваліфікацыі. Цяпер там працуюць грэкі, туркі — гэта перадусім спэцыялісты-мармуршчыкі, гранітчыкі. Збольшага такі матэрыяльны падыход вымушаны, бо не пасьпяваюць у адпаведнасьці з графікам. Усе астатнія, хто ня выпісаны з-за мяжы, атрымліваюць звычайныя грошы, нічога асаблівага».

Раней кіраўніцтва прадпрыемства «Мінскбуд» паведаміла, што на Палацы незалежнасьці працуюць і прадстаўнікі Паўночнай Карэі, але ў іхнія функцыі ўваходзілі перадусім вывад сьценаў і зьнешняе аздабленьне. Цяпер паўночнакарэйцаў перакінулі на іншыя аб’екты. Затое яшчэ можна сустрэць віетнамцаў, таджыкаў ды гастарбайтэраў зь некаторых іншых краінаў.

Улады доўгі час хавалі, што менавіта ўзводзіцца на скрыжаваньні праспэкта Пераможцаў і Арлоўскай вуліцы, чаму будоўля ахоўваецца міліцыяй, а ўздоўж агароджы ўсталяваныя камэры сачэньня. Толькі ў траўні Аляксандар Лукашэнка прызнаў: будуецца цэлы комплекс, закліканы паставіць апошнюю кропку ў спрэчках пра беларускую незалежнасьць. Пры гэтым заклікаў спакойна ставіцца да таго, што пішуць незалежныя сайты — маўляў, Лукашэнка будуе сабе новую рэзыдэнцыю:

«Мы адчыняем там цэлы комплекс — з Палацам незалежнасьці і 70-мэтровым флягштокам. Гэты комплекс, калі хочаце, — дэманстрацыя таго, што гэта краіна і ў гэтай краіне ёсьць усё: ад зямлі — да герба, сьцяга і вось гэтага Палаца незалежнасьці. Тут будуць праходзіць асноўныя дзяржаўныя мерапрыемствы — пачынаючы ад уручэньня замежнымі пасламі граматаў і заканчваючы нарадамі кіраўнікоў дзяржаў, якія да нас прыяжджаюць».
Плошча Дзяржаўнага сьцяга
Плошча Дзяржаўнага сьцяга

Аднак ёсьць нагода засумнявацца, што ў новых апартамэнтах Лукашэнка будзе сустракацца толькі з амбасадарамі ды кіраўнікамі іншых дзяржаў.

Вынікам экспэрымэнтаў на фасадзе, дзе спачатку зьявілася недапісаная расейскамоўная шыльда, а потым хаатычны набор літараў, стала цалкам завершаная канструкцыя: Палац незалежнасьці. Рэзыдэнцыя прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Дык што меў на ўвазе кіраўнік краіны, калі заклікаў ня верыць нячэсным сайтам, якія пішуць пра нейкую «ўяўную рэзыдэнцыю»?

Як кажа заслужаны архітэктар Беларусі Міхаіл Пірагоў, сярод адмыслоўцаў неадназначныя думкі і наконт уласна архітэктурнага рашэньня комплексу. Ёсьць зьвесткі, што пад музэй дзяржаўнай ідэалёгіі будзе пераабсталяваны будынак выставачнага цэнтру БелЭКСПА, які воляй плянаваньня апынуўся паміж Палацам незалежнасьці і Плошчай дзяржаўнага сьцяга. Усё разам гэта ўжо складаецца ў досыць стракатае відовішча, не ўласьцівае ня толькі беларускім, але і эўрапейскім традыцыям:

«Гэта фактычна прэзыдэнцкі палац. Хоць Лукашэнка і назваў яго Палацам незалежнасьці, але, па сутнасьці, гэта будзе палац прэзыдэнцкі — дакладна гэтак жа, як у Астане збудаваны шыкоўны палац для Назарбаева. Тут жа выставачны павільён, які цяпер вырашана перарабіць пад музэй, бо побач зьявілася Плошча дзяржаўнага сьцяга. Зразумела, што ніякіх выставаў там ужо ня будзе, тым больш што ён суседзіць з прэзыдэнцкім палацам. Хто ж дапусьціць, каб у такім месцы нешта экспанавалася? Што тычыцца нейкага стылёвага адзінства, то пра яго гаварыць увогуле не выпадае. Той жа павільён у свой час дасьціпна называлі „кіргіскай шапкай“ — сапраўды, вельмі падобная да кіргіскага нацыянальнага ўбору. Ёсьць пэўныя ўсходнія матывы і ў самім палацы. На жаль, у нас вельмі шмат у Менску штучна праектуюць, а каб пры гэтым быў хоць нейкі намёк на комплекс — гэтага няма».

Такім чынам, Палац незалежнасьці, які мае зафункцыянаваць ужо сёлетняй восеньню, стане дванаццатай рэзыдэнцыяй, не прызначанай для іншых дзяржаўных патрэбаў, апроч прэзыдэнцкіх. Выглядае, што на 20-м годзе прэзыдэнцтва Лукашэнка ўсё ж вырашыў справіць навасельле, зьехаўшы з шумнага цэнтру сталіцы.

Застаецца нагадаць, што 2013 год з асабістай ініцыятывы кіраўніка Беларусі абвешчаны «годам беражлівасьці».


Як ішло будаўніцтва Палацу незалежнасьці


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG