Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мова ці кава» нарадзіла сабе канкурэнта — «Мову нанова»


Кацярына Кібальчыч
Кацярына Кібальчыч

13 студзеня пасьля калядна-навагодніх вакацыяў у Менску аднаўляюць працу бясплатныя курсы беларускай мовы. Праўда, гэтым разам усіх ахвотных запрашаюць адразу на дзьве пляцоўкі.

13 студзеня пасьля калядна-навагодніх вакацыяў у Менску аднаўляюць працу бясплатныя курсы беларускай мовы. Праўда, гэтым разам усіх ахвотных запрашаюць адразу на дзьве пляцоўкі: знаёмая многім «Мова ці кава» пераяжджае ў канцэптуальную прастору ЦЭХ, а ў Галерэі «Ў» распачынаецца новы праект — «Мова нанова».

Арганізатарка моўных курсаў Кацярына Кібальчыч, якая запачаткавала ініцыятыву ў Маскве, а цягам мінулага году далучыла да яе і менскую публіку, пад старой шыльдай будзе працаваць у ЦЭХу. Выкладчыкі Глеб Лабадзенка і Алеся Літвіноўская застаюцца ў Галерэі «Ў» і арганізуюць заняткі пад назвай «Мова нанова». Адметна, што спатканьні заплянаваныя на адзін і той жа дзень тыдня і на дакладна такі самы час. Што прымусіла разысьціся каманду нядаўніх аднадумцаў? Ці канфліктная гэтая сытуацыя? Тлумачыць Кацярына Кібальчыч:

«Канфліктнай я не лічу сытуацыю. На гэта можна паглядзець як на канкурэнцыю, а канкурэнцыя — гэта добра. Я, напрыклад, жыву ў Маскве і працую ў сытуацыі пастаяннай канкурэнцыі, для мяне гэта нармальна. Больш за тое, я лічу, што без канкурэнцыі немагчыма рабіць нейкую прагрэсіўную справу. Цяпер у людзей ёсьць матывацыя рабіць праект сапраўды прагрэсіўным, а не спачываць на ляўрах. А што тычыцца часу — я выбірала час панядзелак, 19:00 пасьля шэрагу экспэрымэнтаў; праводзіла апытанкі студэнтаў і зразумела, што ён найбольш зручны для большасьці людзей. А тое, што другая суполка выбірае той самы час і той самы дзень, дык гэта трэба ў іх цікавіцца, чаму яны выбралі ўсё тое ж, таму што гэта яны пачынаюць новы праект і менавіта гэта падкрэсьліваюць. Але я думаю, што яны хочуць, каб па-ранейшаму была асацыяцыя з „Мовай ці кавай“, каб людзі зьбіраліся ў час, да якога прызвычаіліся. То бок у пэўным сэнсе рэклямны ход. Я нічога ня маю супраць. Галоўнае ў тым, што гэта ня будуць дзьве аднолькавыя групы».

У праекце «Мова ці кава» застаюцца Алесь Залеўскі і Андрусь Такінданг, якія ўжо маюць досьвед выкладаньня, да іх далучаюцца Ўладзь Лянкевіч, Алена Пятровіч, Валярына Кустава і Франак Вячорка. Абноўленую «Мову нанова» будуць весьці Глеб Лабадзенка і Алена Літвіноўская. Пра новы фармат працы з аўдыторыяй расказвае Глеб Лабадзенка:

Глеб Лабадзенка
Глеб Лабадзенка
«Напраўду курсы „Мова нанова“, якія мы арганізуем з Алесяй Літвіноўскай, будуць істотна адрозьнівацца ад тых курсаў „Мова ці кава“, на якіх мы выкладалі цягам мінулага году. У нас назапасілася багата ідэяў, багата напрацовак, якія цяпер мы зможам вольна ўжыць. Напрыклад, плянуем запрашаць гасьцей ня толькі зь Беларусі. У нас ужо ёсьць цэлы шэраг беларускамоўных замежнікаў, якія пагадзіліся ўзяць удзел у нашых занятках. У якой форме — няхай пакуль што будзе сюрпрызам. Але гэта будуць людзі з Амэрыкі, Швэцыі, Польшчы, Нямеччыны, Вялікай Брытаніі і г.д. Апроч гэтага, нашы курсы „Мова нанова“ займелі аднайменны сайт, які пачне працаваць акурат у наступны панядзелак, мы яго прэзэнтуем на першых занятках у Галерэі „Ў“. І ў Алесі, і ў мяне за тыя гады, што мы займаемся беларускай мовай ня толькі як карыстальнікі, але і як папулярызатары, назьбіралася багата матэрыялаў. Таму мы стварылі сайт і ўсе гэтыя матэрыялы выкладаем там, каб чалавек у любым пункце Зямлі мог самастойна вучыць мову».

Карэспандэнт: «Прызначаны час сустрэчы ў рамках «Мовы нанова» супадае з тым, што прызначылі арганізатары «Мовы ці кавы...»

«Рэч у тым, што 16 сьнежня ў Галерэі „Ў“ мы з Алесяю, з тымі студэнтамі, якія былі там, дамовіліся сустрэцца 13 студзеня а 7-й гадзіне ўвечары. І гэтую дамову мы выконваем. Як будзе далей — паглядзім. Думаю, гэта пытаньне, якое мы будзем абмяркоўваць са студэнтамі, — ці ўсім пасуе такі час, такі дзень тыдня. То бок як мы ў сьнежні са студэнтамі дамаўляліся, так і сустрэнемся».

Як да кланаваньня моўных курсаў ставіцца Кацярына Кібальчыч, якая некалькі гадоў таму стала ініцыятаркай беспрэцэдэнтнага праекту? Кацярына перакананая: па-першае, чым больш людзей будзе прасоўваць моўную ідэю, тым лепш; па-другое, трэба ўдасканальвацца ў мэтадах зацікаўленьня людзей:
Займацца надалей перакрыжаваным апыленьнем, як мне падаецца, няправільна і нецікава

«Увогуле апошні год для мяне быў троху вар’яцкі ў тым сэнсе, што я займалася тым, чым ніколі дагэтуль у жыцьці не займалася. То бок раней беларусізацыяй нават тэарэтычна не займалася, а тут давялося адразу практычна. Гэта як у п’есе Грышкаўца: прачынаесься — і ты гусар, конь твой цябе ведае, і нікуды не падзенесься. У жыцьці крыху інакш. Калі палічыць, то агулам каля 70 заняткаў прайшло ў Маскве і ў Менску. Я сядзела, разьбірала гэтыя заняткі з аловачкам і думала пра тое, як зрабіць курсы моднымі. Масавыя — гэта добра. Але зрабіць іх моднымі — гэта заўсёды больш складана. Таму што для амаль 2-мільённага Менску 100 чалавек на занятках — насамрэч ня так і шмат. І калі новая пляцоўка „Мовы ці кавы“ стане месцам збору прагрэсіўных людзей, дзе будуць абмяркоўвацца трэндавыя тэмы, то беларусізацыя, пра якую мы гаворым, выплюхнецца за межы нашага звыклага катла. Займацца надалей перакрыжаваным апыленьнем, як мне падаецца, няправільна і нецікава».

Такім чынам, 13 студзеня а 19-й гадзіне аматараў беларускай мовы запрашаюць адразу дзьве моўныя суполкі — «Мова ці кава» і «Мова нанова».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG