Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Фядута: «Сучасная гісторыя Беларусі — гэта ў тым ліку і гісторыя палітвязьняў»


Кніга: «Голас волі з-за кратаў»
Кніга: «Голас волі з-за кратаў»

29 кастрычніка ў Вільні адбудзецца прэзэнтацыя анталёгіі твораў беларускіх палітзьняволеных «Голас волі з-за кратаў».

У анталёгію ўвайшлі апавяданьні, вершы, успаміны, дзёньнікі, нарысы людзей, якія адбылі альбо яшчэ адбываюць зьняволеньне па палітычна матываваных прысудах. Сярод іх як вядомыя паэты, журналісты, палітычныя дзеячы, так і аўтары, тэксты якіх друкуюцца ўпершыню. Кніга выдадзена выдавецтвам Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту пры фінансавай падтрымцы Фонду Конрада Адэнаўэра. У ёй 990 старонак. Прадмову напісаў старшыня фонду, былы старшыня Эўрапарлямэнту доктар Ганс-Герт Пётэрынг.

Ну, а сымбалічнай прадмовай для анталёгіі «Голас волі з-за кратаў» стаў верш Рыгора Барадуліна «Голас волі», які быў напісаны адмыслова для гэтай кнігі ў апошнія месяцы жыцьця паэта.

Свабода пагутарыла з укладальнікам анталёгіі, былым палітзьняволеным, кандыдатам філялягічных навук Аляксандрам Фядутам.

— Аляксандар, кніга выйшла некалькі месяцаў таму. Чаму прэзэнтацыю зладзілі толькі цяпер?

Аляксандар Фядута Фота: Ягор Маёрчык
Аляксандар Фядута Фота: Ягор Маёрчык

— Сапраўды, анталёгія выйшла на пачатку году, але мы ніяк не маглі зладзіць прэзэнтацыю, бо не было магчымасьці арганізаваць транспартаваньне кніжак у Менск. Кніжка ж вялікая — амаль тысяча старонак, у кішэню яе не схаваеш. Год сканчаецца, але магчымасьці такой не зьявілася, хоць мы зьвярталіся да некалькіх амбасадаў, каб яны нам дапамаглі перавезьці хоць частку накладу. Усе адмовілі — маўляў, «нам не да вас, мы цяпер займаемся Ўкраінай і ня хочам сапсаваць адносіны з вашым урадам».

— Як і калі нарадзілася ідэя анталёгіі? Здаецца, прафэсійных літаратараў сярод «сядзельцаў» ня так ужо і шмат...

— Ідэя нарадзілася ў 2011 годзе, калі скончыліся суды над удзельнікамі Плошчы. І адразу пачалі зьяўляцца тэксты. Спачатку выйшла кніга Ўладзімера Някляева «Лісты да Волі», потым Алесь Кіркевіч надрукаваў свае вершы, пачалі выходзіць іншыя творы былых сядзельцаў. Я кінуў кліч, каб адгукнуліся і тыя, каго пасадзілі не на гады, а на суткі. Але для кнігі ўсё адно не хапала тэкстаў. І тады я падумаў: а навошта ўсё абмяжоўваць Плошчай? Сучасная гісторыя Беларусі — гэта ў тым ліку і гісторыя палітзьняволеных.

І пачала складацца гэта кніга, пачынаючы зь першых палітзьняволеных, такіх, як Павал Шарамет, Васіль Лявонаў, а заканчваючы тымі, каго пасадзілі пасьля Плошчы — Алесем Бяляцкім.

У кнізе 18 аўтараў. Бальшыня зь іх, дзякуй Богу, ужо на волі. Але, напрыклад, Ігар Аліневіч, зь якога і пачынаецца гэтая анталёгія, адбывае 8-гадовы тэрмін. Том сапраўды атрымаўся зь літары А — Аліневіч, і да Я — Яроменак.

Тэксты на трох мовах. Андрэй Пачобут піша па-польску, астатнія хто па-беларуску, хто па-расейску.

Зразумела, што ў анталёгію ўвайшлі ня ўсе тэксты і ня ўсіх, хто сядзеў па палітычных матывах, таму што тады трэба было казаць не пра адзін том, а пра 3 альбо 4 тамы. Магчыма, хтосьці складзе іншыя кнігі... На жаль, падставы для гэтага ў Беларусі ёсьць.

— Кажуць, за кратамі ў многіх прачынаецца, ну, калі ня талент, то літаратурныя здольнасьці...

— Я ня ведаю, хто пачаў пісаць менавіта ў зьняволеньні. Але прозу пачалі пісаць дакладна: Зьміцер Дашкевіч і Аляксандар Францкевіч дэбютавалі з прозай менавіта за кратамі. Пра некаторых ніхто і не падазраваў, што яны пішуць вершы. Да прыкладу, Зьміцер Дрозд, якога ўсе ведаюць як гісторыка і публіцыста, яшчэ і выдатны паэт, на мой погляд. Ёсьць чалавек, пра якога забыліся, нягледзячы на тое, што ён адседзеў за Плошчу, — гэта Яўген Сакрэт, які таксама піша вельмі своеасаблівыя, цікавыя вершы. Былі і такія, якія адседзелі па 15 сутак за Плошчу, і пра іх наагул ніхто ня ведаў, бо яны людзі сьціплыя, не дамагаліся, каб іх прызналі палітзьняволенымі. Гэта Марыя Трафімава, якая тады была студэнткай, а цяпер ужо скончыла ВНУ. Маша даслала вершы, напісаныя менавіта ў СІЗА.

— Вас таксама «прарвала» — выдалі дзьве кнігі пасьля адседкі.

— Так, для мяне гэтыя некалькі месяцаў у «амэрыканцы» сталі своеасаблівай «Болдзінскай восеньню», таму што там я напісаў дзьве кніжкі. За адну — «Амэрыканскія вершы» — я атрымаў прэмію імя Алеся Адамовіча Беларускага ПЭН-цэнтру, а другая выйшла літаральна на мінулым тыдні — гэта мае ўспаміны пра Горадню «Мой маленькі Парыж».

— І ўсё-ткі, чаму менавіта за кратамі, у атмасфэры, якая, здавалася б, ну ніяк не натхняе на творчасьць, людзей «прарывае» на такія пранікнёныя і шчырыя творы? Радыё Свабода і Беларускі ПЭП-цэнтар нават зладзілі конкурс імя Францішка Аляхновіча на лепшы літаратурны твор, напісаны ў зьняволеньні...

— За кратамі кожны піша, маючы сваю падставу. Для кагосьці, напрыклад, для Паўла Севярынца, Зьмітра Дашкевіча — гэта працяг барацьбы. Для іншых — для Ірыны Халіп ці Андрэя Пачобута — гэта працяг цяжкай журналісцкай працы. Яшчэ для кагосьці — гэта падстава асэнсаваць сваё жыцьцё, як, да прыкладу, для Васіля Лявонава. Хтосьці проста занатоўвае тое, што бачыць, каб потым узгадаць і, магчыма, напісаць новую кнігу, як Павал Шарамет. Але час ідзе, і гэтыя занатоўкі набываюць уласную каштоўнасьць.

Для мяне, калі я сядзеў у адзіночнай камэры, гэта была размова з тымі, каго няма побач, магчыма, з тымі, хто ўжо адышоў. Гэта была падстава пісаць, каб не звар’яцець.

Зьняволеньне — гэта не санатор і ня творчая камандзіроўка.

Зразумела, што ў анталёгію ўвайшлі ня ўсе тэксты і ня ўсіх, хто сядзеў па палітычных матывах, таму што тады трэба было б казаць не пра адзін том, а пра 3 альбо 4 тамы. Магчыма, хтосьці складзе іншыя кнігі... На жаль, падставы для гэтага ў Беларусі ёсьць.

Спампаваць кнігу можна тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG