Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віталь Скалабан, архівіст, што дарыў гісторыі плоць і кроў


Віталь Скалабан
Віталь Скалабан

5.8.1947, в. Шылавічы, Слонімскі раён — 20.8.2011, Менск. Пахаваны на менскіх Паўночных могілках.

Калі Нацыянальны архіў знаходзіўся ў самым цэнтры Менску, мы раз-пораз сустракаліся зь ім на лавачцы ў Аляксандраўскім сквэры. Каля Купалы, казаў ён. Разам з прывітаньнем спадар Віталь заўсёды дарыў сваю адметную ўсьмешку чалавека, якому вядома неверагодна шмат, а празь вялікія веды, як зазначана яшчэ ў Кнізе кніг, душу бярэ ў палон і вялікі смутак.

Аднойчы я ўзгадаў у размове показку савецкіх часоў. Пісьменьнікі, маўляў, падзяляюцца на дзьве часткі: тых, хто садзіцца і піша, і тых, хто піша і садзіцца. Ён адразу ўдакладніў, што існавала, і дай Бог, каб не зьявілася зноў, трэцяя катэгорыя — хто садзіўся і пісаў, каб садзіць іншых. У той (ды хіба толькі ў той!) час Скалабан працаваў з адпаведнымі фондамі дваццатых-трыццатых гадоў ХХ стагодзьдзя, ня проста вяртаючы імёны, факты і падзеі, але аднаўляючы панараму тагачаснага літаратурнага жыцьця.

Ягонае адметнае прозьвішча магло здавацца вясёлым. А вось мне ў ім найперш чулася скала. Ён і быў такім — магутным фізычна і стакроць мацнейшым інтэлектуальна.

Адзін з найлепшых айчынных архівістаў, які адкрыў мноства таямніцаў беларускага нацыянальнага руху, нашае культуры двух мінулых стагодзьдзяў, які на роўных вёў свае маўклівыя гаворкі зь Мітрафанам Доўнар-Запольскім, Усеваладам Ігнатоўскім, Максімам Гарэцкім...

Дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук, які сам не па чутках знаёмы з архіўнымі сховішчамі, дакладна заўважыў, што многія іх дасьледнікі хварэюць на сындром «скупога рыцара». Скалабан жа сапраўды быў рыцарам неверагодна шчодрым: з сваёй нязьменнай хітрынкаю ў вачах падказваў маладзейшым калегам шляхі пошукаў, выступаў на вечарынах, пісаў сцэнары, зьяўляўся ў тэлеперадачах.

Яго ўдзел у «свабодаўскіх» праграмах «Беларуская Атлянтыда», «Вострая Брама», «Вольная студыя» быў для чалавека, які займаў афіцыйныя пасады, яшчэ і рызыкай, на якую ён, адрозна ад многіх іншых, заўсёды ішоў.

У ягоных публікацыях гісторыя набывала плоць і кроў і пачынала прамаўляць, крычаць, сьмяяцца, стагнаць і плакаць галасамі жывых, рэальных людзей.

Разам зь Людмілай Рублеўскай ён напісаў п’есу «Людвіка і Фабіян», прысьвечаную каханьню Зоські Верас (у віленскім доме якой Скалабан ня раз бываў) і расстралянага ў 1920-м Фабіяна Шантыра — таксама пісьменьніка, першага наркама нацыянальных спраў БССР і першай ахвяры бальшавіцкага тэрору і ў беларускай палітыцы, і ў нашай літаратуры.

П’еса ўражвала. Цікавы літаратурны вынік абяцаў працяг. Мне ўяўлялася ўжо цэлая кніга драматургічных твораў, з старонак якой загавораць тыя катаваныя, зломленыя і нязломныя, на доўгія дзесяцігодзьдзі забароненыя, каго Віталь Скалабан ведаў лепей за ўсіх, — ня толькі да звычак, але, відаць, нават да патаемных рухаў душы.

Ён быў у самым росквіце сіл. Яго сыход, бясспрэчна, быў стратаю агульнанацыянальнага маштабу.

Без дапамогі Віталя Скалабана два папярэднія выданьні маёй кнігі «Імёны Свабоды» былі б нашмат бяднейшыя.

Героем падрыхтаванага да друку трэцяга выданьня стаў ён сам.

XS
SM
MD
LG