Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алеся Сёмуха: Ён літаральна зьзяў гэтым непамысным натхненьнем


Сяржук Вітушка і Сяржук Сокалаў-Воюш на Купальлі ў Заслаўі, 1989 год
Сяржук Вітушка і Сяржук Сокалаў-Воюш на Купальлі ў Заслаўі, 1989 год

Пра Сержука Вітушку піша колішняя талакоўка, а сёньня беларуская актывістка ў ЗША Алеся Сёмуха:

Алеся Сёмуха
Алеся Сёмуха

Як расказаць пра Талаку цяперашняй моладзі?

Талака была – самаарганізаваная і непадкантрольная ўладам маладзёвая групоўка. У 1980-х, пачатку 90-х яна гуртавала студэнтаў, маладых прафэсіяналаў і рабочых вакол ідэй беларускага нацыянальна-культурнага адраджэньня і незалежнасьці Беларусі.

Талакоўцы ўзнаўлялі ці падтрымлівалі ўсякую нацыянальную традыцыю, ад культывацыі беларускага мовы, тэатру, літаратуры, выяўленчага мастацтва, фальклёру, року і да пашырэньня незалежніцкай палітычнай думкі, друку і арганізацыі. Талакоўцы прадстаўлялі вельмі шырокі спэктар палітычных і рэлігійных паглядаў, і былі салідарныя ў сваіх прабеларускіх, антысавецка-антыкамуністычных і антыімпэрскіх паглядах.

У Талаку мяне прывяла Марына Сідаровіч (Місько). Мы зь ёй вучыліся на адным курсе філялёгіі БДУ. Маё знаёмства зь Сержуком Вітушкам адбылося пад час нейкага сьвята у Заслаўі. Гэта быў 1986 год. Сяржук і талакоўцы вельмі ладна сьпявалі і танчылі. Сяржук мяне падхапіў за рукі і ўключыў у кола талакоўцаў. Ён ня проста сьпяваў, ён ператвараўся ў сьпеў і рух і літаральна зьзяў гэтым непамысным натхненьнем. Колькі памятаю, гэтае натхненьне і сьвятло заўсёды было ў ім і Сяржук заўсёды ім шчодра, бескарысьліва дзяліўся.

З таго часу я далучылася да талакоўскага жыцьця. Пазьней, у 1989 і 1990 гадох я працавала досыць шчыльна зь Сержуком над арганізацыяй першага Сойму беларускіх суполак і друкам самвыдату «Супольнасьць» і «Брук». Падчас адной з арганізацыйных сустрэч у падрыхтоўцы Сойму, якую мы праводзілі ў хаце Валі Якімовіч, у кватэру ўварвалася міліцыя. На нас начапілі кайданкі, пасадзілі ў варанкі і павезьлі ў пастарунак. У пастарунку Сяржук моцна пераймаўся, што «дзяўчыну» – мяне – затрымалі разам з хлопцамі. У яго заўсёды былі такія рыцарскія памкненьні і далікатнасьць.

У тыя часы КДБ спрабавала праз усякі шантаж і маніпуляцыі займець інфарматараў сярод беларускіх дзеячоў. Пра некаторых хадзілі гаворкі, але ніколі – пра Сержука. Ён меў крыштальна чыстую душу і яму заўсёды можна было давяраць – так я заўсёды лічыла. Давер быў асабліва важны ў тыя часы.

Якія эпізоды з часоў Талакі найбольш яркія ў маёй памяці?

Ралі «Дзьвіна-Даўгава» супраць пабудовы Даўгаўпілскай ГЭС у 1987 годзе, у якім бралі ўдзел беларускія суполкі з розных гарадоў. Тады я упершыню задумалася пра экалягічныя наступствы прамысловай дзейнасьці. Дарэчы, вандроўка нашая прыйшлася якраз на першую гадавіну чарнобыльскай катастрофы.

Запомніліся таксама вандроўкі ў Вільню, на Беласточчыну і ў Варшаву (да беларусаў у Польшчы я езьдзіла зь Сержуком), у Маскву і Кіеў на сустрэчы з тамтэйшымі беларусамі. Запомніўся першы Сойм беларускіх суполак і моцная энэргія еднасьці. Талакоўскі рух насамрэч быў нашмат большы і шырэйшы з адну менскую Талаку. Праз Талаку я літаральна адкрыла для сябе шырокі беларускі сьвет.

Ну і натуральна – палітычныя падзеі і зьмены таго часу. Іх было столькі, што памяці не хапае усё прыгадаць.

Алеся Сёмуха, удзельніца беларускага адраджэнскага незалежніцкага руху з 1986 году. Працавала ў беларускім ліцэі пад кіраўніцтвам Уладзімера Коласа, з 1990-га супрацоўнічала зь беларускай рэдакцыяй Радыё Свабода. З 1995 стала жыве зь сям'ёй у ЗША, працуе дырэктарам PR і камунікацый у буйной фінансавай кампаніі (Freddie Mac). Сябра Беларускага Амэрыканскага Задзіночаньня і скарбнік Вашынгтонскага гуртка БАЗА. Сакратар прэзыдыюму Рады БНР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG