Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праект дэклярацыі Ўсходняга партнэрства не парадуе Грузію, Малдову і Ўкраіну


Праект дэклярацыі Ўсходняга партнэрства, падрыхтаваны для Рыскага саміту, не парадуе Грузію, Малдову і Ўкраіну. Дакумэнт сьведчыць пра тое, што амбіцыі Эўрапейскага зьвязу адносна ўсходняга суседзтва памяншаюцца.

Дакумэнт, зь якім пазнаёміўся брусэльскі карэспандэнт Радыё Свабода, ужо больш за месяц абмяркоўваецца ў Брусэлі сярод дыпляматаў ЭЗ. Да першапачаткова тэксту, распрацаванага Эўрапейскай службай зьнешніх дачыненьняў, былі зробленыя некалькі паправак. Дакумэнт, што будзе прапанаваны для ўхваленьня кіраўнікамі дэлегацый на саміце ў Рызе, накіраваны для азнаямленьня шасьці краінам Усходняга партнэрства — Армэніі, Азэрбайджану, Беларусі, Грузіі, Малдове і Ўкраіне. Верагодна, чытаньне дакумэнту ня будзе прыемным ў Тбілісі, Кішынёве і Кіеве.

Гэтыя тры краіны, якія нядаўна падпісалі дамовы аб асацыяцыі з ЭЗ, спадзяваліся, што на саміце ў Рызе будзе ясна прызнанае іх імкненьне далучыцца да блёку. Але на гэты момант ёсьць мала сьведчаньняў, што гэта адбудзецца. Тэкст проста заяўляе, што «ў межах эўрапейскай палітыкі суседзтва і Ўсходняга партнэрства, удзельнікі саміту пацьвярджаюць сувэрэннае права кожнага партнэра на свабодны выбар узроўню амбіцый і мэтаў, да якіх ён імкнецца ў сваіх адносінах з Эўрапейскім зьвязам. Прыярытэтам ЭЗ застаецца рашэньне аб тым, як дзейнічаць у судачыненьнях».

Паводле крыніцы, зь якой гутарыў карэспандэнт Свабоды Рыкард Юзьвяк, дэклярацыя рыскага саміту ня будзе нашмат сьмялейшай, чым дэклярацыя віленскага саміту 2013 году. Тым ня менш, выглядае, што тэрміналёгія віленскай дэклярацыі ўсё ж была больш выразнай адносна шляху сяброўства ў ЭЗ. У ёй, у прыватнасьці, гаварылася: «Удзельнікі саміту ў Вільні пацьвярджаюць сваё прызнаньне эўрапейскіх памкненьняў і эўрапейскага выбару некаторых партнэраў і іх рашучасьць пабудаваць глыбокую і ўстойлівую дэмакратыю У гэтым кантэксьце яны прымаюць да ведама прыхільнасьці партнэраў да дасягненьня гэтых мэтаў. Удзельнікі пацьвярджаюць асаблівую ролю партнэрства для падтрыманьня тых, хто імкнецца да больш цесных адносінаў з ЭЗ».

Цяперашні праект можа быць значным ударам па такіх сябрах Эўразьвязу як Польшча і Літва, якія імкнуцца наблізіць названыя тры краіны да блёку. Дыпляматы, якія сымпатызуюць Украіне, не задаволеныя тым, што іх лінія не адлюстраваная ў новым рыскім праекце. Моўная выразнасьць праекту дэклярацыі даволі слабая ў акрэсьленьні канфлікту ва ўсходняй Украіне. «Падзеі ва Ўкраіне паказалі, што ў 21-м стагодзьдзі на эўрапейскім кантынэнце асноўныя прынцыпы сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці ўжо ня зьяўляюцца самі сабой зразумелымі», — заяўляецца ў тэксьце.

Зь першапачатковага праекту быў выключаны наступны абзац:

«Удзельнікі саміту выказалі гатоўнасьць дапамагчы пераадолець найгоршы палітычны раскол у Эўропе ад канца халоднай вайны. Нашы грамадзяне чакаюць ад нас, што далейшыя нэгатыўныя наступствы для стабільнасьці нашага кантынэнту будуць прадухіленыя, і мы імкнёмся зрабіць гэта».

Замест гэтых сказаў у дакумэнце гаворыцца наступнае:

«Удзельнікі саміту рашуча падтрымліваюць усе намаганьні, накіраваныя на дээскаляцыю і палітычнае рашэньне, заснаванае на павазе незалежнасьці, сувэрэнітэту Ўкраіны і яе тэрытарыяльнай цэласнасьці». Яны заклікаюць усе бакі хутка і цалкам рэалізаваць Менскае пагадненьне зь верасьня 2014 і пакет мер па яго рэалізацыі зь лютага 2015 і выказваюць спадзяваньне, што «ўсе бакі выканаюць свае абавязацельствы».


Расея згадваецца толькі ў кантэксьце незаконнага далучэньня Крыму, якое тэкст апісвае як «парушэньне міжнароднага права і наўпроставы выклік міжнароднай бясьпецы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG