Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскай базы ня хопіць нават для таго, каб захапіць Бабруйск, — Алесін


Акцыя пратэсту супраць расейскай вайсковай базы ў Беларусі на плошчы Свабоды, 4 кастрычніка 2015 году
Акцыя пратэсту супраць расейскай вайсковай базы ў Беларусі на плошчы Свабоды, 4 кастрычніка 2015 году

Пра пагрозы Беларусі і сьвету, якія можа прынесьці расейская авіябаза ў Бабруйску, у інтэрвію Свабодзе разважаюць вайсковыя экспэрты.

Падчас «Народнага сходу», які адбыўся 4 кастрычніка ў Менску, апазыцыйныя палітыкі гаварылі пра пагрозу ваеннага захопу Беларусі Расеяй, калі ўлады Беларусі пагодзяцца на разьмяшчэньне расейскай авіябазы каля Бабруйску. Гучала думка пра тое, што Расея сьпяшаецца паставіць на тэрыторыі Беларусі авіябазу з прыцэлам на Кіеў.

Наколькі абгрунтаваныя такія перасьцярогі, Свабода запытала ў вайсковых экспэртаў.

Вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін упэўнены, што пасьля ўсіх неабходных узгадненьняў авіябаза Расеі зьявіцца ў Беларусі — за гэта рэжым Лукашэнкі атрымае фінансавую дапамогу з Крамля, а беларускія тавары — бесьперашкодны доступ да расейскага рынку:

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

«Ідэя разьмяшчэньня расейскай авіябазы зьявілася яшчэ ў 2013 годзе. Тады ж было абвешчана, што на гэтай базе будзе знаходзіцца 22–24 шматфункцыянальныя зьнішчальнікі СУ-27СМ3. Бачна, што Аляксандар Лукашэнка вельмі моцна цягнуў, таргаваўся наконт колькасьці самалётаў. Гэтая тэма ўвогуле не ўсплывала да нядаўняга часу, калі зноў пэдаляваць яе сталі расейцы. Магчыма, мае месца нават шантаж — маўляў, калі Лукашэнка не пагаджаецца на разьмяшчэньне базы, то Расея перастане аказваць эканамічную падтрымку Беларусі. Я думаю, што падчас апошняй сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна ў Сочы было заключана неафіцыйнае пагадненьне пра тое, што база будзе разьмешчана і, адпаведна, фінансавая дапамога Беларусі будзе дадзена».

Аляксандар Алесін разьлічыў колькасьць пэрсаналу, які будзе знаходзіцца на базе каля Бабруйску. На яго думку, гэтага войска будзе недастаткова для таго, каб стварыць пагрозу незалежнасьці Беларусі:

«Пасьля выбараў пагадненьне пра расейскую авіябазу будзе рэалізавана. База будзе створана. З улікам колькасьці самалётаў і пілётаў, а таксама неабходнага пэрсаналу для іх абслугоўваньня, на гэтай базе будзе чалавек 300. Такой колькасьці недастаткова, каб захапіць Беларусь, ды нават і горад Бабруйск. Таму гэтую базу наўрад ці можна параўноўваць з той, якая была ў Крыме, дзе разьмяшчалася 30 тысяч вайскоўцаў, уключна з АМАПам».

Разам з тым экспэрт адзначыў, што авіябаза ў Беларусі зможа выконваць вялікія задачы пры ваенным супрацьстаяньні Расеі і НАТО, і, хутчэй за ўсё, мэтай зьнішчальнікаў, якія разьмесьцяцца каля Бабруйску, будзе ня Кіеў, як казалі на «Народным сходзе», а Польшча і Нямеччына:

«На „Народным сходзе“ 4 кастрычніка гучала думка пра тое, што расейцы хочуць разьмясьціць у Беларусі авіябазу з прыцэлам на Кіеў. Я лічу, што гэта ня так. Справа ў тым, што расейцы маюць цудоўныя магчымасьці нападу на Кіеў з тэрыторыі Крыму ці з Растоўскай вобласьці. Там Расея можа разьмяшчаць што заўгодна, ні з кім не ўзгадняючы. З улікам вялікай дальнасьці палётаў зьнішчальнікаў СУ-27 СМ3 больш лягічна сьцьвярджаць, што яны могуць быць выкарыстаныя супраць НАТО ў Польшчы, Нямеччыне ці Прыбалтыцы».

Кіраўнік праекту Belarus security blog Андрэй Паротнікаў, наадварот, перакананы, што вайсковая прысутнасьць Расеі на тэрыторыі Беларусі нясе вялізную пагрозу незалежнасьці нашай краіны:

Андрэй Паротнікаў
Андрэй Паротнікаў

«Я лічу, што разьмяшчэньне расейскай авіябазы на тэрыторыі Беларусі цалкам рэальнае. З вуснаў вышэйшых расейскіх палітыкаў гучыць, што яны хочуць мець базу ў Беларусі. Яны маюць імпэт і натхненьне для таго, каб база была разьмешчаная. Перакананы, што гэта пагражае незалежнасьці Беларусі. Таму што, па-першае, гэта расейская авіябаза, а Расея праводзіць захопніцкую палітыку. Па-другое, любая замежная вайсковая прысутнасьць непазьбежна пагражае ўцягваньнем у чужыя канфлікты. Варта ўзгадаць, што, напрыклад, Францыя ў 60–70-я гады, захаваўшы сваю вайсковую прысутнасьць у былых калёніях, неаднаразова з дапамогай войска інсьпіравала зьмены кіроўных рэжымаў.

Я ня думаю, што цяпер час гаварыць пра акупацыю Беларусі Расеяй. Але база будзе інструмэнтам дадатковага ўплыву Расеі на ўнутраную палітыку Беларусі. Гэта адназначна пагроза, і наш агульны інтарэс у тым, каб разьмяшчэньне базы не рэалізавалася. Вельмі проста ўпусьціць да сябе замежныя войскі, і вельмі складана пазбавіцца ад іх».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG