Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Forbes: Беларусь — наступная мэта расейскай экспансіі


Дырэктар па пытаньнях стратэгіі і грамадзкіх справах Беларуска-Амэрыканскай асацыяцыі Валер Кавалеўскі выступіў з артыкулам у часопісе Forbes. Падаем пераклад артыкулу.

У той час як сьвет зьдзіўлена назірае, як дзёрзка Расея устанаўлівае і праводзіць у жыцьцё сваю вайсковую прысутнасьць у Сырыі, Масква спакойна прасоўвае іншую ініцыятыву з далёка ідучымі наступствамі — разьмяшчэньне авіябазы ў суседняй Беларусі.

Асноўным адрозьненьнем паміж дзьвюма краінамі ў гэтым выпадку зьяўляецца тое, што Расея ня можа анэксаваць або акупаваць Сырыю, але Беларусь яна бачыць у іншым сьвятле. У Сырыі, дзе сытуацыя вельмі зьменлівая і ў ёй задзейнічаныя розныя суб’екты з рознымі інтарэсамі, Расея непазьбежна сутыкнецца з сур’ёзнымі пагрозамі і, вельмі верагодна, матэрыяльнымі наступствамі. А вось Беларусь павінна разглядацца як даступны плод, які нізка вісіць і можа быць схоплены Масквой безь вялікіх наступстваў для апошняй.

Тым ня менш, намеры Крамля ў Беларусі яшчэ менш відавочныя, чым у Сырыі. Нарошчваньне вайсковай сілы Расеі на Блізкім Усходзе зьяўляецца вельмі сытуацыйным і экспромтным з мэтай аднавіць супрацоўніцтва з заходнім сьветам. Плян Крамля для Беларусі можа быць больш складаным, з больш сыстэмнымі наступствамі.

Расея плянуе стварыць авіябазу ў Беларусі

У пачатку верасьня прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў заявіў, што ён хацеў бы прапанаваць прэзыдэнту Уладзіміру Пуціну падпісаць пагадненьне аб стварэньні авіябазы ў Беларусі. Паводле расейскага ўраду, разьмяшчэньне авіябазы будзе устойліва замацоўваць вайсковую прысутнасьць Расеі ў рэгіёне і спрыяць умацаваньню яе бясьпекі. 18 верасьня Пуцін ухваліў пачатак перамоваў зь Беларусьсю. Расейцы нават зрабілі праект пагадненьня даступным для грамадзкасьці.

Аднак рэакцыя Менску была няўцямнаю і да, і пасьля гэтага абвяшчэньня. Афіцыйныя асобы ў галіне абароны і замежных справаў адмовіліся пракамэнтаваць гэтае відавочна важнае пытаньне. Яны ў адказ прапаноўвалі ўсе пытаньні адрасаваць расейцам. Злучаныя Штаты і Эўрапейскі Зьвяз таксама маўчалі на гэтую тэму, хоць іх службовыя асобы ў прыватных размовах прызнаюць, што пытаньне патрабуе ўважлівага разгляду.

Манэра, у якой Крэмль прасоўвае гэтую справу, і адсутнасьць публічнай рэакцыі ў адказ з боку ўраду Беларусі, паказвае, што ініцыятыва па стварэньні базы — аднабаковы клопат Расеі. Гэтае рашэньне навязваецца палітычна і эканамічна хісткаму рэжыму, які ў вялікай ступені залежыць ад энэргетычных субсыдый Расеі і яе фінансавай падтрымкі.

Плян паставіць краіну на лінію канфлікту

Аднак праблема палягае ў тым, што беларусы ня хочуць расейскую авіябазу, яна ім не патрэбная і яны не запрашалі расейцаў прыйсьці да іх з новай вайсковай базай.

З беларускага пункту гледжаньня, ідэя расййскай авіябазы мае відавочныя недахопы. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь патрабуе, каб тэрыторыя краіны была свабоднай ад ядзернай зброі, і заяўляе, што краіна імкнецца быць нэўтральнай дзяржавай. Відавочна, што стварэньне расейскай авіябазы супярэчыць Канстытуцыі. Па сутнасьці, Беларусь ўцягваецца, супраць волі свайго народу, у цесныя вайсковыя дачыненьні з Расеяй, якая цяпер вядзе небясьпечную геапалітычнай гульню і падрывае міжнародную бясьпеку. Наяўнасьць буйнога расейскага вайсковага аб’екту ставіць Беларусь на лінію канфлікту, у які можа перарасьці напружанасьць паміж Расеяй і Захадам.

Яшчэ адна праблема ў тым, што Беларусьсю кіруе аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі, міжнародная легітымнасьць якога не была прызнана на Захадзе пасьля рэфэрэндуму 1996 году. Рашэньне, ці дазваляць замежную вайсковую прысутнасьць, патрабуе ўважлівага разгляду з боку дзяржавы і грамадзтва, што магчыма, калі дзяржава мае сыстэму стрымак і супрацьвагаў, а грамадзтва мае кантроль за працэсам распрацоўкі і ажыцьцяўленьня палітыкі. Абедзьве гэтыя ўмовы адсутнічаюць у Беларусі. Лукашэнка, як кіраўнік выканаўчай улады, сканцэнтраваў у сваіх руках абсалютную ўладу, і грамадзтва адрэзанае ад прыняцьця рашэньняў.

Дадатковы фактар заключаецца ў тым, што Беларусь цяпер ня мае дадатковых пагрозаў бясьпецы, якія б вымагалі ад яе ўмацаваньня сваёй вайсковай магутнасьці. Нягледзячы на аўтарытарны характар рэжыму і бесьперапынныя грубыя парушэньні правоў чалавека, краіна ніколі не была прамой пагрозай для міжнароднага міру і бясьпекі. Гэта адна з прычынаў, чаму міжнародная супольнасьць не назапасіла дастаткова палітычнай волі, каб супрацьстаяць Лукашэнку. Наадварот, Беларусь успрымаецца ў якасьці памочніка для міжнароднай бясьпекі. У прыватнасьці, краіна добраахвотна адмовілася ад ядзернага арсэналу, разам з Украінай і Казахстанам падпісаўшы сумна вядомы Будапэшцкі мэмарандум 1994 году аб гарантыях бясьпекі з боку Расеі, Злучанага Каралеўства і Злучаных Штатаў.

Нарэшце, таемная апэрацыя Расеі ў Крыме ў лютым мінулага году паказала, наколькі знаходжаньне вайсковых баз на тэрыторыі замежнай дзяржавы можа быць карысным інструмэнтам, калі Крэмль вырашыць ўмяшацца ва ўнутраныя справы суседняй сувэрэннай дзяржавы і анэксаваць чужыя тэрыторыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG