Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дадатковыя вайсковыя сілы ў краінах Балтыі і Польшчы ня ёсьць наўпроставай пагрозай бясьпецы Беларусі», — Купчына


Алена Купчына, архіўнае фота
Алена Купчына, архіўнае фота

Беларусь разглядае рашэньне НАТО пра разьмяшчэньне дадатковых вайсковых сілаў на тэрыторыі Польшчы і краін Балтыі як патэнцыйны выклік для бясьпекі ў рэгіёне.

Пра гэта заявіла ў Кіеве намесьніца міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына, адказваючы на пытаньне Радыё Свабода пра вынікі саміту НАТО ў Варшаве і далейшую рэакцыю беларускіх уладаў на разьмяшчэньне дадатковых сілаў у рэгіёне.

«Я ня вельмі ведаю пра дэталі гэтага саміту. Вядома, гэта ўнутраная справа краін, якія ўваходзяць у НАТО, але спадзяюся, што нашыя партнэры распавядуць нам. Мы ў Беларусі лічым, што дадатковыя вайсковыя сілы ў краінах Балтыі і Польшчы ня ёсьць наўпроставай пагрозай бясьпецы Беларусі. Для нас гэта свайго роду выклік, патэнцыйны выклік, які нам не падабаецца. Чаму не падабаецца? Спадзяёмся, што гэтага ня будзе, але ўсё ж можа ўзмацніць напружаньне ў нашым рэгіёне. Вельмі важна тут — гэта шчыры дыялёг наўпрост паміж Менскам і краінамі НАТО. Павінен быць празрысты дыялёг зь іншымі зацікаўленымі краінамі. Я маю на ўвазе тут Брусэль, НАТО, Расею, Балтыйскія краіны і Польшчу», — сказала Алена Купчына.

Паводле намесьніцы міністра, Беларусь цэніць бясьпеку і са свайго боку робіць усё, што трэба, каб забясьпечыць яе ў рэгіёне.

«Мы ня хочам, каб такія ўчынкі, так бы мовіць, зрабілі бясьпеку больш крохкаю», — падкрэсьліла яна.

Намесьніца міністра замежных спраў Беларусі адказвала на пытаньне па-ангельску, хоць на самым пачатку прэс-канфэрэнцыі прывітала ўсіх на беларускай мове і падзякавала ўкраінскаму боку за гасьціннасьць.

Купчына брала ўдзел у сёмым нефармальным дыялёгу «Ўсходняга партнэрства» ў Кіеве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG