Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Харчовы фронт эканамічнай вайны


Што стаіць за інфармацыйнай атакай супраць Рассяльгаснагляду? Прэтэнзіі гэтага расейскага ведамства маюць аб’ектыўны грунт або гэта збольшага палітычны ціск? Удзельнічаюць: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў.

Карбалевіч: У беларуска-расейскіх адносінах зьявіўся новы ці, дакладней, абвастрыўся яшчэ адзін стары канфліктны ачаг. У дадатак да нафтагазавай, інфармацыйнай вайны, здаецца, пачалася харчовая вайна. Ва ўсялякім разе, калі сачыць за беларускімі дзяржаўнымі мэдыямі.

Спачатку Лукашэнка на нарадзе 9 сьнежня даволі рэзка выказаўся на адрас кіраўніка Рассяльгаснагляду Сяргея Данкверта. Ён сказаў: «У нас, калі нават усё будзе нармальна, такія дзеячы, як Данкверт і іншыя, абплююць, абылгуць і абгадзяць, як гэта было нядаўна. Прадукцыя ня тая».

Затым у дачыненьні да гэтага расейскага чыноўніка і яго ведамства пачалася кампанія ў беларускіх дзяржаўных СМІ. «Советская Белоруссия» прысьвяціла «выкрыцьцю» дзейнасьці Рассяльгаснагляду і яго кіраўніка 15 сьнежня цэлыя дзьве паласы. У нядзелю 18 сьнежня ў інфармацыйных праграмах усіх тэлеканалаў прайшлі вялікія сюжэты на гэтую тэму.

На «Беларусь-1» дзеяньні Рассяльгаснагляду былі названыя «мясамалочнай дывэрсіяй», а віцэ-прэм’ер М. Русы назваў прэтэнзіі С. Данкверта да беларускай прадукцыі «эканамічным дэбілізмам».

Гэтая праблема для Беларусі надзвычай важная. Справа ў тым, што па выніках мінулага году пастаўкі харчаваньня склалі 36% беларускага экспарту ў Расею. Для параўнаньня: доля машынабудаўнічай прадукцыі аказалася толькі на ўзроўні 25%. Цяпер РФ заблякавала экспарт 20 беларускіх прадпрыемстваў.

Прэтэнзіі Рассяльгаснагляду на адрас беларускай прадукцыі цяжка ацаніць адназначна. Бо добра вядома, што гэтая расейская ўстанова даўно стала інструмэнтам зьнешняй палітыкі РФ, спосабам палітычнага ціску Расеі на іншыя краіны. Таму складана зразумець, дзе канчаецца палітыка і пачынаецца сапраўдны клопат гэтага органу сяльгаснагляду аб якасьці імпартаванай прадукцыі.

Да таго ж прэтэнзіі Рассяльгаснагляду ўжо занадта супярэчлівыя. Па-першае, ён скардзіцца на дрэнную якасьць беларускіх харчовых тавараў. Па-другое, ён даводзіць, што маўляў і Беларусь стварае перашкоды на шляху паставак расейскага харчаваньня на беларускі рынак, спасылаючыся на асьцярогі наконт занясеньня сюды нейкіх хвароб і інфэкцый.

Расейскія чыноўнікі ўвесь час абураюцца празьмернымі аб’ёмамі прадукцыі, якая пастаўляецца зь Беларусі ў Расію.

Па-трэцяе, расейскія чыноўнікі ўвесь час абураюцца празьмернымі аб’ёмамі прадукцыі, якая пастаўляецца зь Беларусі ў Расію. Акрамя набіўшых аскому гісторый пра экспарт у РФ зь Беларусі крэвэтак і італьянскага сыру «пармэзан», ёсьць і іншыя абвінавачаньні. Напрыклад, Беларусь пастаўляе ў Расею больш яблыкаў, чым іх вырошчваюць у краіне.

Тая самая гісторыя і з малочнымі таварамі. Паводле дадзеных Рассяльгаснагляду, сёлета пастаўкі беларускага канцэнтраванага малака ўзрасьлі ў параўнаньні з 2015 годам на 713%, малочнай сухой сыроваткі — на 240%, згушчанага малака — на 215%. Маўляў, адкуль такі фантастычны рост вытворчасьці ў Беларусі? Расія падазрае, што адбываецца рээкспарт замежнай прадукцыі пад выглядам беларускай. Прадстаўнікі Беларусі ўсё абвяргаюць, сьцьвярджаючы, што лічбы, якія прыводзіць Рассяльгаснагляд, завышаныя. Паколькі паміж Беларусьсю і Расеяй няма мытнай мяжы, то пытаньне аб дакладнай статыстыцы падвісае.

Таму і цяжка зразумець, хто больш мае рацыю у гэтай харчовай вайне.

Дракахруст: Мне падаецца, што ў гэтай сытуацыі матывацыя паводзінаў Рассяльгаснагляду хутчэй палітычная, чым чыста эканамічная. Сапраўды беларуская прадукцыя можа быць у нечым і кепская, і не зусім адпаведнай нейкім стандартам, але ўжо надта добра ўзгодненая гэтая атака зь іншымі праблемамі. Гэта і газавая, і нафтавая вайна, і інфармацыйная, якія вы, Валер, прыгадалі. Вядомыя і прэтэнзіі для беларускага боку наконт крэвэтак, пармэзану і іншых тавараў, якія ў Расеі знаходзяцца пад санкцыямі.

Матывацыя паводзінаў Рассяльгаснагляду хутчэй палітычная, чым чыста эканамічная.

Таму складаецца ўражаньне, што спадар Данкверт паводзіць сябе гэтак сама, як колішні яго папярэднік спадар Анішчанка, які таксама заўсёды знаходзіў парушэньні ў таварах менавіта тых краінаў, зь якімі ў Расеі былі канфлікты. Падаецца, што мы маем справу з паўтарэньнем той самай практыкі, калі пры дапамозе наглядных установаў расейская ўлада рабіла ціск на сваіх суседзяў. І гэтыя кампаніі, як мы памятаем, адносна самых розных краінаў — і Грузіі, і Малдовы, і Ўкраіны, і Балтыйскіх краінаў, былі вельмі дакладна ўзгодненыя з агульнай пазыцыяй Крамля ў дачыненьнях з гэтымі краінамі.

Цыганкоў: Мне давялося якраз учора паглядзець гэтую перадачу БТ, прысьвечаную мяса-малочнаму канфлікту. Глядзеў я з захапленьнем, што самыя зацятыя апазыцыйныя сайты і камэнтатары не ўжываюць такой лексыкі, якая гучала ў гэтай перадачы.

Вось проста мэтафарычны шэдэўр. «Расея выстаўляе мяса-малочныя заградатрады». Ці абвінавачаньне з боку БТ на адрас Расеі ... у сэпаратызме.

Далей разьвівалася думка, што навошта Беларусі такі Эўразійскі эканамічны саюз, у якім саюзьнікі паводзяць сябе так падступна? Камэнтатар, эканаміст Кавалёў казаў, што Расея адштурхоўвае свайго апошняга, фактычна адзінага, сябра і папярэджваў, што мы сыдзем на азіяцкія рынкі, дзе даўно адбылася мяса-малочная рэвалюцыя. Гэта гучала трошкі камічна, калі нейкая краіна, якая шукае сабе рынак і ня вельмі яе тавары прымаюць, кажа, што свае тавары перанакіруе ў іншыя краіны. Тым больш, ужо шмат сказана, што ў Кітаі няма такой вялікай малочнай традыцыі спажываньня.

Таксама казалі пра тое, што ў Данкверта ёсьць асабісты інтарэс, што ён мае свой уласны бізнэс, паказвалі, як расейцы любяць беларускае малако. Але самае галоўнае — непрыязныя крокі Масквы апошніх дзён зводзілі ў адзіны ланцуг, адзіную сыстэму дзеяньняў, ад інфармацыйных стрэлаў да газавага канфлікту, і вось цяпер да мяса-малочных праблем. І, як камэнтатары, так і самі вядучыя, рабілі выснову, што сапраўды Беларусі непатрэбны такі Эўразійскі саюз. Такая пастаноўка пытаньня прагучала даволі сьмела, рэвалюцыйна.

За апошнія 5 гадоў ніколі беларуска-расейскія дачыненьні не былі на такім нізкім, канфліктным узроўні.

Відавочна, што гэта толькі прапаганда, але паказальна, наколькі глыбока яна зайшла, наколькі беларускае кіраўніцтва, якое дало адмашку на такі інфармацыйны залп, не задаволенае дзеяньнямі Расеі. Аляксандар Лукашэнка сам часам ня мае ўсё ж магчымасьці цалкам выказаць незадаволенасьць, хоць і ён выкарыстоўвае дыпляматыю скандалаў.

Але афіцыйным СМІ адмашка дадзеная, і яна кажа, які ўзровень дачыненьняў цяпер паміж афіцыйнымі Менскам і Масквой. Можна пагадзіцца зь некаторымі аналітыкамі, я, напрыклад, пагаджуся зь Дзянісам Мельянцовым і Андрэем Паротнікавым, якія кажуць, што за апошнія 5 гадоў ніколі беларуска-расейскія дачыненьні не былі на такім нізкім, канфліктным узроўні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG