Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Графіцісты судзяцца зь Следчым камітэтам, Пазьняк бароніць «Белсат»


Асноўнае пра падзеі 22 сьнежня з сайту Свабоды

ГРАФІЦІСТЫ СУДЗЯЦЦА СА СЬЛЕДЧЫМ КАМІТЭТАМ

Актывісты Вячаслаў Касінераў, Максім Пякарскі і Вадзім Жаромскі патрабуюць ад Сьледчага камітэту зьняпраўдзіць зьвесткі, якія пра іх былі распаўсюджаныя пасьля іх арышту ў 2015 годзе. Тады супрацоўнікі Сьледчага камітэту назвалі аўтараў вулічных графіці «Беларусь мае быць беларускай» і «Рэвалюцыя сьвядомасьці. Яна ўжо пачалася» — хуліганамі. Як хуліганы яны былі пакараныя штрафамі ад 30 да 50 базавых велічыняў. Прыкметна, што аўтарам «Рэгнуму», якімі цяпер займаецца Сьледчы камітэт, пагражае значна больш сур’ёзнае пакараньне — за тое, што Беларусь яны хочуць бачыць небеларускай.

ПОГЛЯД ЗЬ ВЕНЫ НА ЭКАНОМІКУ БЕЛАРУСІ: ГІБРЫД ПРАДПРЫМАЛЬНІЦТВА І КАМУНІЗМУ

Прааналізаваўшы парамэтры эканамічнага разьвіцьця (альбо эканамічнага заняпаду, каму як падабаецца), — экспэрты Венскага інстытуту міжнародных эканамічных дасьледаваньняў і Цэнтру эканамічных дасьледаваньняў BEROC прыйшлі да высновы, што «на гэты момант беларуская эканамічная мадэль блізкая да вычарпаньня, і зьмены ў эканамічнай палітыцы ўяўляюцца непазьбежнымі». Пакуль жа, на думку экспэртаў, беларуская эканоміка ўяўляе сабой «гібрыд прадпрымальніцтва і камуністычнай сыстэмы».

ЗЯНОН ПАЗЬНЯК ВЫСТУПІЎ У АБАРОНУ «БЕЛСАТУ»

Старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк рэзка скрытыкаваў намер польскага кіраўніцтва ліквідаваць тэлевізійны канал «Белсат» і ўбачыў у гэтых плянах разварот да «русского мира». «Пакуль ва ўладзе ў Расеі сядзяць Пуцін і „русский мир“, вяшчаць у Беларусі будзе толькі расейскае тэлебачаньне і толькі „русский мир“, і ніхто іншы: не ўкраінцы, не палякі і... не беларусы», — перакананы Пазьняк.

БАРТОСІК ПРЭЗЭНТАВАЎ КНІГУ ЭСЭ, ЯКІЯ ПАВЕСЯЛІЛІ АЛЕКСІЕВІЧ

У вёсцы Стаўры на Аршаншчыне Зьміцер Бартосік прэзэнтаваў сваю кнігу падарожных эсэ «Быў у пана верабейка гаварушчы», якая выйшла ў «Бібліятэцы Свабоды». Падарожнічае Бартосік па Беларусі, прычым пераважна не па гарадах, а па вёсках і мястэчках. «Я рагатала, калі чытала», — сказала ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі Сьвятлана Алексіевіч пра эсэ, прысьвечанае вёсцы, дзе яна хадзіла ў школу.

НОВЫ ЗБОРНІК ЮЛІІ ЦІМАФЕЕВАЙ

Алена Карп піша пра новую кнігу Юліі Цімафеевай «Цырк», якая выйшла ў выдавецтве Зьмітра Коласа, і прызнаецца, што сабраныя ў зборніку вершы ў цэлым адпавядаюць яе ўяўленьню пра паэзію: «верш бачыцца мне справай вельмі інтымнай. Ня ў тым сэнсе, што агаляе падрабязнасьці прыватнага жыцьця і рассакрэчвае ўсе сакрэты — такі погляд якраз-ткі падаецца наіўным. А ў тым, што добры верш — гэта, як правіла, пра тое, дзе табе баліць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG