Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўная запазычанасьць Беларусі вырасла за год на 12,5%. Багданкевіч: без рэформаў крэдыты не патрэбныя


На 1 студзеня 2017 году дзяржаўная запазычанасьць Беларусі склала 37 млрд беларускіх рублёў, зь 1 студзеня 2016 году яна вырасла на 12,5%, паведамляе Міністэрства фінансаў Беларусі.

Зьнешняя дзяржаўная запазычанасьць склала 13,6 млрд даляраў, павялічылася за год на 9,6%. Унутраная дзяржаўная запазычанасьць склала 10,2 млрд рублёў, павялічылася на 5%.

Найбольш пазык, 800 млн даляраў, Беларусь атрымала ад Эўразійскага фонду разьвіцьця, яшчэ 552 млн — ад ураду і банкаў Расеі, 446,9 млн — ад банкаў Кітаю, 134,2 млн — ад Міжнароднага банку рэканструкцыі і разьвіцьця, 1,8 млн ад Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця ды Паўночнага інвэстыцыйнага банку. Пагасілі дзяржаўнай запазычанасьці на 892,4 млн даляраў.

Былы старшыня Нацбанку, ганаровы старшыня АГП, дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Станіслаў Багданкевіч раіць супаставіць рост дзяржаўнай запазычанасьці з ростам (а дакладней, падзеньнем) валавога ўнутранага прадукту:

Станіслаў Багданкевіч
Станіслаў Багданкевіч

«Упаў валавы ўнутраны прадукт, імпарт, экспарт, даходы насельніцтва, вытворчасьць... А за гэты ж час вырасла зьнешняя запазычанасьць. Гэта значыць, што мы атрымалі лішні мільярд і праелі яго.

Зразумела, як гэта адбываецца: па-першае, трэба мець крэдыты для пагашэньня раней атрыманых крэдытаў, а па-другое, крэдыты на пакрыцьцё выдаткаў вытворчасьці, што растуць. Гэта значыць, крэдыты ідуць на тое, каб ствараць неліквіды — прадукты, што не знаходзяць збыту на замежным рынку ці прадаюцца ніжэй за сабекошт».

Багданкевіч заяўляе, што Беларусі не патрэбны замежныя крэдыты, калі не праводзіцца структурных пераўтварэньняў у эканоміцы, не павышаецца эфэктыўнасьць:

«Бо для чаго нам крэдыты? Замежныя крэдыты былі б карысныя, калі б выкарыстоўваліся для ажыўленьня эканомікі, для росту вытворчасьці, экспарту, для росту даходаў насельніцтва. А гэтага не адбываецца.

Крэдыты патрэбныя для разьвіцьця. Таму крэдыты трэба было б не дзяржаве атрымліваць, а прадпрыемствам, гаспадарцы, і ўкладаць іх у асноўныя фонды, абсталяваньне, тэхналёгіі, каб падвысіць прадукцыйнасьць працы. Сам МАЗ, сам МТЗ ды іншыя дзяржкампаніі, па ідэі, павінны атрымліваць іх.

Крэдыты карысныя, але карысныя не дзеля спажываньня, а дзеля разьвіцьця. Каб МВФ выдаў нам крэдыт пад праграму разьвіцьця — такі крэдыт быў бы карысным. Але праграма мае быць узгодненая з урадам. Калі яна выконваецца, яна вядзе да росту ВУП. А калі крэдыт атрыманы і ўсё робіцца, як рабілася раней, то толькі расьце запазычанасьць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG