Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У магілёўскай вобласьці забыліся зрабіць праезд дзяцей бясплатным — народ нагадаў


На мінулым тыдні жыхары Бабруйску раптоўна сутыкнуліся зь неабходнасьцю плаціць за правоз у гарадзкім транспарце дзіцячых вазкоў зь дзецьмі. Гэткім чынам фактычна зьнік бясплатны праезд для дзяцей да 7 гадоў у выпадках, калі вазок неабходны.

У адказ на абурэньне пасажыраў у гарадзкім транспарце вывесілі выпіскі з пастановы Магілёўскага аблвыканкаму ад 23.12.2016 № 51-9: «Пасажыр мае права бясплатна правозіць адно месца маламернай ручной паклажы (сумай вымярэньняў ня больш за 120 см) і гэткія асабістыя рэчы як адзеньне, парасон, (...) а таксама адну сумку з сумай вымярэньняў ня больш за 70 см.» Значыць, намінальна дзіцячы вазок пад гэты пункт не падыходзіць.

Гэта фактычна цытата з «Правілаў аўтамабільных перавозак пасажыраў», зацьверджаных пастановай Савету міністраў 30.06.2008 № 972, толькі там яшчэ дадаецца дапушчальная вага маламернай паклажы да 20 кг, і сумкі ці меху да 5 кг.

Раней, у пастанове Савету міністраў 2002 году, у агульнанацыянальных правілах была прыпіска, што да маламернай паклажы ўмоўна адносяцца дзіцячыя санкі й вазкі. Хоць у 2008 годзе яна зьнікла, у кожнай вобласьці на аснове гэтых правілаў пісалі свае, і пастаянна прысутнічала прыпіска пра бясплатны правоз дзіцячых ды інвалідных вазкоў. У сьнежні мінулага году ў Магілёве такую прыпіску зрабіць забылі.

Першая сустрэтая кандуктарка ў бабруйскім аўтобусе пацьвердзіла, што размовы пра збор аплаты за розны багаж, і ў тым ліку за дзіцячыя вазкі ды санкі, хадзілі з канца мінулага году, а тыдзень таму зьявілася распараджэньне абавязкова аплату зьбіраць — і за вялікія сумкі й за дзіцячыя вазкі. «Усе абураюцца, многія плаціць адмаўляюцца, але такая вось пастанова прыйшла з Магілёву».

«Гэта мабыць прыдумалі каб праверыць, як пойдзе, — кажуць пасажыры на прыпынку, — ці будзе народ плаціць. Калі пройдзе моўчкі, дык можна й пакінуць». Моўчкі не прайшло — грамадзяне бурна дыскутавалі ў сацыяльных сетках ды абзвоньвалі аўтапаркі й абласны выканкам.

Бабруйчанка Вольга Чубаева мае двух дзетак, аднаго й чатырох гадоў, трапіла пад прымус плаціць за вазок 9 лютага, пасьля чаго датэлефанавалася да транспартнага аддзелу магілёўскага абласнога камітэту.

— Да чалавека, пра якога казалі што ён непасрэдна адказвае за гэтае пытаньне, датэлефанавацца ніяк не ўдаецца, — кажа Вольга. — Іншыя супрацоўнікі сказалі што ім ужо тэлефанавалі пра гэтую праблему шмат разоў. Што адказныя асобы не дадалі ў правілы прыпіску пра вазкі, і цяпер юрыдычна такая сытуацыя, што плаціць трэба, хаця гэта й супярэчыць здароваму сэнсу. Яны будуць тэлефанаваць у аўтапаркі «праблемных гарадоў» з просьбай «не лютаваць» па гэтым пытаньні.

Але большасьць кандуктараў і кантралёраў патрабавалі аплаты, як зь іх патрабавала кіраўніцтва. Вераніка Дарошчанкава, маці 1-месячнага дзіцяці, некалькі дзён езьдзіла з малым у вазку без аплаты.

У суботу кандуктарка папярэдзіла што новыя правілы прыдумалі, прычым паказваюць раздрукаваныя правілы ад 23 сьнежня, а кажуць што правіла браць аплату прынята ў лютым. У нядзелю трапіліся кантралёры, расказвалі што не яны гэта прыдумалі, але патрабавалі плаціць.

— Нібыта я магу ўзяць дзіцё на рукі, а вазок займае месца. Інвалідам плаціць усё ж ня трэба, у іх вазок ідзе як суправаджальная паклажа, безь якой чалавек ня можа хадзіць. А па-мойму дзіцячы вазок гэткая ж суправаджальнае паклажа, дзіцё само ня ходзіць. І ўзімку яго на руках не наносісься. Вось так у кожнага свая праўда, — кажа Вераніка. — Я адмаўлялася плаціць, дык не далі выйсьці на маім прыпынку, давезьлі да канцавога. Каб не стаяць на марозе, прыйшлося заплаціць — ня штраф, а квіток за багаж. Заўтра буду званіць у Магілёў.

І настойлівыя скаргі грамадзян прывялі да посьпеху. У панядзелак бабруйскія аўтапаркі самастойна вярнулі бясплатны праезд дзяцей у вазках, да адмысловага рашэньня аблвыканкаму й міністэрства транспарту. У іншых абласьцях плату за вазкі і так ня бралі, як і ня бралі яе ў бабруйскіх тралейбусах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG