Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ў Кіеве. Сымбалі і жэсты пераважваюць зьмест


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Апошнія тры гады, пасьля Крыму, украінскі чыньнік ў палітыцы афіцыйнага Менску адыгрываў вельмі дзіўную, супярэчлівую, нават парадаксальную ролю. Ён выконваў дзьве функцыі, на першы погляд, супярэчныя адна адной.

Дзякуючы Менскаму працэсу беларускія ўлады распрацавалі новы канцэпт сваёй замежнай палітыкі, у якім Беларусь выступае ў ролі міратворцы, «донара бясьпекі», прэтэндуе на міжнародны статус ці то Жэнэвы, ці то Хэльсынкі.

Найперш — кіраўніцтва Беларусі атрымала вялікія замежнапалітычныя дывідэнды ад таго, што краіна апынулася ў цэнтры міратворчага працэсу ўрэгуляваньня крызісу вакол Украіны. Дзякуючы Менскаму працэсу беларускія ўлады распрацавалі новы канцэпт сваёй замежнай палітыкі, у якім Беларусь выступае ў ролі міратворцы, «донара бясьпекі», прэтэндуе на міжнародны статус ці то Жэнэвы, ці то Хэльсынкі. Пазыцыя нэўтралітэту ў канфлікце Расеі з Украінай і Захадам дазволіла кіраўніцтву Беларусі пачаць пасьпяховы працэс нармалізацыі дачыненьняў з ЭЗ і ЗША.

Зь іншага боку, ва ўнутранай палітыцы падзеі ва Украіне трактаваліся ў выключна нэгатыўным ключы, выкарыстоўваліся для запужваньня беларусаў. Асноўны пасыл уладаў падчас дзьвюх палітычных кампаніяў у Беларусі (прэзыдэнцкія выбары 2015 і парлямэнцкія выбары 2016 г.) быў такі: цяпер галоўнае не заробкі і пэнсіі, а стабільнасьць, парадак, мір і бясьпека. І пры гэтым паказвалі пальцам на Ўкраіну.

Падчас вулічных акцыяў пратэсту гэтай вясной беларускія дзяржаўныя мэдыі выдалі шэраг прапагандысцкіх матэрыялаў, якія вельмі зьневажальна паказвалі сытуацыю ва Ўкраіне. Маўляў, вось у выніку Майдану квітучая краіна паглыбілася ў хаос, вайну ды інш.

У антыўкраінскую кампанію ўключыўся і сам А. Лукашэнка. Ён апавядаў, што ва Ўкраіне, Польшчы і Літве створаныя лягеры баевікоў, якіх засылаюць у Беларусь. Паводле ягоных заяваў, з Украіны сюды ўвесь час ідзе плынь зброі. Праўда, нейкіх сур’ёзных сьведчаньняў, каб пацьвердзіць гэтыя словы, не прыводзіцца. Гісторыя пра аўтамабіль з зброяй, які нібыта прарваўся празь мяжу з тэрыторыі Ўкраіны, аказаўся фэйкам.

Падчас выступу з пасланьнем у Нацыянальным сходзе А. Лукашэнка тройчы заявіў, што Беларусь прыняла 160 тысяч уцекачоў з Украіны. Насамрэч, паводле зьвестак Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі, на працягу 2014–2015 гадоў па статус уцекача ці «па дадатковую абарону» зьвярнуліся 1642 грамадзяніны Ўкраіны. Зь іх толькі 1 (адзін) грамадзянін Украіны атрымаў афіцыйны статус уцекача. Часовы (на год) або сталы дазвол на жыхарства за пэрыяд з 1 студзеня 2014 году па 1 ліпеня 2016 году ў Беларусі атрымалі 35 157 грамадзян Украіны. Гэта пераважна працоўныя мігранты.

Тым ня менш, гэтыя дзьве паралельныя і неперасечныя лініі палітыкі афіцыйнага Менску добра працавалі. Асаблівай патрэбы ў сустрэчы прэзыдэнтаў не было. Лукашэнка наведаў Украіну з рабочым візытам у сьнежні 2014 году. Таксама кіраўнікі дзьвюх дзяржаваў сустракаліся падчас саміту «нарманскай чацьвёркі» ў Менску ў лютым 2015 году. Але тую сустрэчу цяжка назваць паўнавартаснымі перамовамі. Таксама як і сустрэчу двух лідэраў на памежжы ў красавіку ў гадавіну Чарнобыльскай катастрофы.

Патрэба ў новым візыце, прычым афіцыйным, для Менску выкліканая перадусім двума чыньнікамі. З аднаго боку, вельмі вялікі ажыятаж у рэгіёне выклікаюць супольныя беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні «Захад-2017». Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксандар Турчынаў адзначаў, што гэтыя вучэньні могуць быць падрыхтоўкай да наступальнай апэрацыі супраць Украіны.

Візытам у Кіеў Менск імкнецца неяк ураўнаважыць уяўленьні суседзяў пра крэн Беларусі ў бок Расеі, прадэманстраваць, што палітыка нэўтралітэту ў расейска-украінскім канфлікце захоўваецца.

Таму візытам у Кіеў Менск імкнецца мінімізаваць падобныя страхі, неяк ураўнаважыць уяўленьні суседзяў пра крэн Беларусі ў бок Расеі, прадэманстраваць, што палітыка нэўтралітэту ў расейска-украінскім канфлікце захоўваецца.

З другога боку, Менскі працэс аказаўся ў тупіку. Палітычнага ўрэгуляваньня сытуацыі на Данбасе не атрымалася, пэрспэктывы яго мінімальныя. Не ўдаецца нават спыніць стральбу з абодвух бакоў. У выніку Менск як перамоўная пляцоўка ўсё больш траціць значэньне, а разам зь ім зьнікае вобраз Менску як міратворцы. Таму звышзадачай візыту Лукашэнкі ёсьць рэанімацыя Менскага працэсу. Хоць яна і амаль невыканальная, бо ад пазыцыі Кіева тут далёка ня ўсё залежыць.

А прэзыдэнту Ўкраіны Пятру Парашэнку цяпер патрэбен нейкі замежнапалітычны посьпех. Бо праз дрэнную сытуацыю ва ўкраінскай эканоміцы ягоны рэйтынг падае. Дарэчы, ва ўкраінскім грамадзтве да Беларусі вельмі добрае стаўленьне. І Парашэнка можа прадэманстраваць свайму электарату, што цёплая сустрэча з Лукашэнкам дазваляе нэўтралізаваць патэнцыйную вайсковую пагрозу з поўначы.

Таму ў гэтым візыце Лукашэнкі ў Кіеў больш сымболікі, палітычнага і дыпляматычнага жэсту, чым рэальнага практычнага зьместу. Тут вялікую ролю адыгрываюць вонкавыя рытуалы. У дыпляматычнай практыцы Ўкраіны ўжо склалася традыцыя, калі кіраўнікі замежных дзяржаваў і ўрадаў падчас афіцыйных візытаў наведваюць алею Герояў Нябеснай сотні, ушаноўваюць памяць загінулых падчас Майдану. А ў беларускім афіцыйным ідэалягічным канструкце Майдан выкарыстоўваецца толькі ў нэгатыўным сэнсе, амаль як лаянка.

Як і можна было чакаць, Лукашэнка гэты мэмарыял не наведаў. Ён усклаў вянок да знаку перамогі ў Другой усясьветнай вайне, то бок да помніку Вечнай славы на магіле Невядомага салдата.

Але, і гэта цікавы жэст, Лукашэнка таксама наведаў мэмарыял ахвяраў Галадамору, дзе ўсклаў сымбалічную кампазыцыю «Гаршчок». Трэба адзначыць, што Расея на афіцыйным узроўні адмоўна ставіцца да самога тэрміну «Галадамор» і да ідэі мэмарыялізацыі гэтай зьявы, лічыць, што яна носіць антырасейскі зьмест. Тут варта ўвагі тое, што аналягічны сваім гістарычным і палітычным сэнсам сымбаль савецкага таталітарызму беларускі мэмарыял Курапаты Лукашэнка ні разу не наведаў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG