Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Недабудаваны гатэль ля цырку ў цэнтры Менску прыйшоў у непрыдатнасьць


Недабуд ля цырку. Архіўнае фота
Недабуд ля цырку. Архіўнае фота

Самы вядомы гатэльны недабуд сталіцы, які ня так даўно выкупіў расейскі «Сбербанк», прыйшоў у непрыдатнасьць і патрабуе аднаўленьня.

Як сказаў агенцтву «Минск-Новости» намесьнік адміністрацыі Партызанскага раёну Менска Павал Караневіч, у кастрычніку будаўнічыя работы па ўзьвядзеньні комплексу былі адноўленыя.

«За час прастою яго канструкцыя прыйшла ў непрыдатнасьць, таму цяпер вядуцца працы па рамонце і абнаўленьні фасаду, — удакладніў Караневіч. — Акрамя гэтага, рабочыя перарабляюць сеткі электразабесьпячэньня»

У будучым гатэлі ўжо запусьцілі ў тэставым рэжыме сыстэму ацяпленьня. Будоўлю плянуецца скончыць да 2020 году.

Павінны былі дабудаваць яшчэ ў 2014 годзе

Чакалася, што гатэль будзе ўведзены ў эксплюатацыю да чэмпіянату сьвету па хакеі ў траўні 2014 году. Пачатковы тэрмін заканчэньня будаўніцтва — 31 сьнежня 2013 году — быў перанесены на 1 траўня 2014 году, а потым на 31 сьнежня 2015 году. Заказчыкам будаўніцтва выступала СТАА «Эліт Эстэйт» (заснавальнікі — беларускі «Трайпл» і маскоўская фірма «Сіці Эстэйт»). Каб збудаваць гатэль, зьнесьлі помнік архітэктуры, які стаяў на гэтым месцы — першую беларускую электрастанцыю, пабудаваную ў ХІХ стагодзьдзі.

Аднак будоўля была замарожаная, а там і зусім спынілася.

У жніўні 2015 году Аляксандар Лукашэнка сказаў журналістам, што мае намер «самым жорсткім чынам падхваснуць» завяршэньне будоўлі комплексу (пра які напачатку меркавалася, што ён будзе працаваць пад маркай сеткі гатэляў «Кемпінскі»). У ліпені 2016 году Лукашэнка сваім указам распарадзіўся завяршыць будоўлю да канца 2018 году.

Пытаньне аднаўленьня будоўлі шматфункцыянальнага комплексу каля Белдзяржцырку абмяркоўваўся 12 студзеня 2017 году на сустрэчы старшыні праўленьня расейскага «Сбербанку» Германа Грэфа з Аляксандрам Лукашэнкам.

Па выніках перамоў Грэф сказаў журналістам, што «Сбербанк» укладзе ў Беларусі больш за 100 мільёнаў даляраў у аб’екты нерухомасьці, у тым ліку плянуе прафінансаваць недабудаваны комплекс каля Белдзяржцырку. Грэф дадаў, што тыя абʼекты, будаўніцтва якіх будзе фінансавацца, банк плянуе прадаць.

У ліпені 2017 году стала вядома, што новым уласьнікам будучага гатэля стаў расейскі «Сбербанк», які фармальна заплаціў за права ўласнасьці 1,99 рубля. Аднак, каб разьлічыцца з усімі даўгамі, спатрэбілася яшчэ амаль 50 мільёнаў даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG