Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацпаліцыя Ўкраіны: сьледзтва пакуль не ўстанавіла асобаў забойцаў Шарамета


Разьвітаньне з Паўлам Шараметам у Кіеве, 22 ліпеня 2016 году
Разьвітаньне з Паўлам Шараметам у Кіеве, 22 ліпеня 2016 году

Кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны Сяргей Князеў заяўляе, што сьледзтва пакуль ня выйшла на асобаў, якія падазраюцца ў забойстве беларускага журналіста Паўла Шарамета.

«Асобы, якія ўчынілі гэтае забойства Паўла Шарамета, на жаль, не ўстаноўленыя пакуль што», — сказаў Сяргей Князеў сёньня ў Кіеве падчас выніковай прэсавай канфэрэнцыі.

Кіраўнік Нацыянальнай паліцыі мяркуе, што рашэньне засакрэціць судовыя пастановы ў справе аб забойстве Паўла Шарамета было апраўданым, бо гэта пазбаўляе верагодных падазраваных асобаў магчымасьці адсочваць крокі сьледзтва.

Ва Ўкраіне затрымалі групоўку, якая падрывала аўтамабілі

У той жа час Сяргей Князеў адзначыў, што ў сьнежні на тэрыторыі шасьці рэгіёнаў Украіны былі затрыманыя пяць актыўных удзельнікаў арганізаванай злачыннай групоўкі, якая забівала людзей ды падрывала аўтамабілі. «Арганізатар гэтай групоўкі затрыманы на тэрыторыі суседняй дзяржавы. Нам дапамагалі супрацоўнікі паліцыі Малдовы, Румыніі, Ізраіля, цяпер маем кантакты з праваахоўнымі органамі Італіі», — дадаў ён.

Кажучы пра эпізоды гэтай справы, кіраўнік Нацпаліцыі Ўкраіны згадаў і такі: удзельнікі групоўкі «1 траўня на тэрыторыі адной з навучальных устаноў у Кіеве ажыцьцявілі выбух, заклаўшы міну, дарэчы, менавіта такую, якая была закладзеная пад аўтамабіль журналіста Паўла Шарамета». Аб’ектам замаху быў адзін з кіеўскіх прадпрымальнікаў, але той уратаваўся, ня трапіўшы ў эпіцэнтар выбуху. У той жа час Сяргей Князеў не сказаў, ці мае гэтая справа непасрэдную сувязь з забойствам Паўла Шарамета.

Марш журналістаў у гадавіну забойства Шарамета ў Кіеве
Марш журналістаў у гадавіну забойства Шарамета ў Кіеве

Справа Шарамета

Павел Шарамет быў забіты 20 ліпеня 2016 году ў цэнтры Кіева ў выніку падрыву аўтамабіля. Украінская ўлада кваліфікуе сьмерць журналіста як наўмыснае забойства. Да гэтага часу афіцыйнага падазраванага ў справе аб забойстве Шарамета няма.

Раней праваахоўнікі ўжо казалі, што да справы прыцягваліся міжнародныя службы ФБР і Інтэрпол, але пра вынікі іх працы не паведамлялі.

12 ліпеня міжнародная арганізацыя «Камітэт абароны журналістаў» у сваёй справаздачы скрытыкавала расьсьледаваньне забойства Шарамета і заявіла, што амаль праз год пасьля забойства яно выклікае больш пытаньняў, чым адказаў.

Павал Шарамет — беларускі, расейскі і ўкраінскі журналіст тэлебачаньня, радыё і пэрыядычных выданьняў, у 1990–2000-х гадах — кіраўнік аддзелу спэцыяльных інфармацыйных праектаў расейскага тэлеканалу ОРТ, пасьля — «Першага каналу». Апошнія пяць гадоў жыў у Кіеве, працаваў у інтэрнэт-выданьні «Украінская праўда», а таксама на радыё «Весьці».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG