Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы прапанавалі свае зьмены ў закон аб масавых мерапрыемствах


Дзень Волі ў Менску 25 сакавіка 2017 году
Дзень Волі ў Менску 25 сакавіка 2017 году

У заканадаўстве Беларусі аб масавых мерапрыемствах неабходна замацаваць абавязаньне дзяржавы абараняць права грамадзян на мірныя сходы. Пра гэта гаворыцца ў рэкамэндацыях праваабарончага цэнтру «Вясна» адносна зьменаў адпаведнага закону, якія цытуе БелаПАН.

У кастрычніку мінулага году Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытаньні распрацаваны МУС законапраект аб унясеньні зьмяненьняў і дапаўненьняў у закон «Аб масавых мерапрыемствах». Ён прадугледжвае магчымасьць паведамляльнага прынцыпу для правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч назваў гэта «жэстачайшай лібэралізацыяй».

Дзень Волі ў Менску 25 сакавіка 2017 году.
Дзень Волі ў Менску 25 сакавіка 2017 году.

Праваабаронцы зрабілі таксама шэраг іншых прапановаў, якія, на іх думку, прывядуць закон у адпаведнасьць зь міжнароднымі стандартамі.

Яны лічаць патрэбным зьмяніць назву закону і назваць яго «Аб свабодзе сходаў» ці «Аб мірных сходах».

На іх думку, паняцьце «свабода сходаў» павінна ахопліваць усе віды мірных сходаў. Таму паняцьцям «сход», «свабода сходаў», «свабода выказваньня думак» неабходна даць разгорнутыя вызначэньні, якія выключаюць супярэчнасьць паміж імі.

Праваабаронцы прапануюць спрасьціць выкананьне закону і дзеля гэтага рэгуляваць усе віды грамадзкіх сходаў адным прававым актам.

Яны прапануюць увесьці ў Беларусі паведамляльны парадак правядзеньня масавых акцый і пазбавіцца «эфэкту папярэдняй цэнзуры».

«З працэдурнага пункту гледжаньня абавязак прадставіць уведамленьне не пазьней як за 15 дзён да меркаванай даты сходу цяжкі», — сказана ў рэкамэндацыях.

Паводле праваабаронцаў, забарона сходаў органамі ўлады павінна быць крайняй мерай. Яны прапануюць, каб выдаткі на ахову і бясьпеку масавага мерапрыемства аплачвалі дзяржаўныя органы.

«Выдаткі па забесьпячэньні адэкватнай бясьпекі, як і па мэдычных паслугах, павінны цалкам пакрывацца зь бюджэту. Дзяржорганы не павінны накладаць ніякай дадатковай платы за прадстаўленьне адэкватных і адпаведных паслуг паліцэйскіх ці іншых дзяржаўных службаў, гэтак жа як і за мэдычныя паслугі і паслугі па прыбіраньні.

Грамадзяне не павінны наўпрост і дадаткова плаціць праваахоўным органам за выкананьне іх абавязкаў, бо менавіта гэтыя паслугі пакрываюцца за кошт падаткаабкладаньня. Адказнасьць за прыбіраньне пасьля грамадзкага сходу павінна быць ускладзена на органы мясцовага кіраваньня», — гаворыцца ў рэкамэндацыях.

Агульныя абмежаваньні на месца, час і парадак правядзеньня сходаў у Беларусі, на думку праваабаронцаў, не адпавядаюць прынцыпам АБСЭ.

Таксама праваабаронцы лічаць, што замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, уцекачы, асобы, якія шукаюць прытулку, мігранты і турысты павінны мець права на ўдзел у мірных сходах. Закон павінен даць магчымасьць арганізоўваць мірныя сходы замежным грамадзянам, а таксама арганізацыям, прафсаюзам і палітычным партыям, якія ня маюць афіцыйнай рэгістрацыі.

Прапанавана, сярод іншага, выключыць з закону палажэньне, паводле якога толькі палітычныя партыі, прафсаюзы ці іншыя аб’яднаньні могуць арганізоўваць вялікія сходы (больш за тысячу чалавек).

Закон аб масавых акцыях: «жэстачайшая лібэралізацыя» як муляж дэмакратыі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG