Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У кірунку Марсу запускаюць самую магутную ракету ў сьвеце і аўтамабіль (жывая трансьляцыя)

абноўлена

Запуск самай вялікай ракеты ў сьвеце Falcon Heavy адбудзецца 6 лютага з касьмічнага цэнтру NASA на мысе Канавэрал. Ракета павінна стартаваць паміж 22.20 і 00.30 (менскага часу). Сачыць за пускам можна тут:

Кампанія амэрыканскага прадпрымальніка Ілана Маска SpaceX плянуе ажыцьцявіць сёньня запуск самай вялікай ракеты ў сьвеце Falcon Heavy з касьмічнага цэнтру NASA, мыс Канавэрал, штат Флёрыда, ЗША. Старт быў прызначаны на 13:30 (21:30 паводле менскага часу), паведамляе CNN.

Пазьней стала вядома, што з-за моцнага ветру старт адкладаецца больш як на гадзіну.

Гэта дэманстрацыйная місія, прызначаная для праверкі, ці зможа ракета адправіць вялікі груз на арбіту. Раней Маск неаднаразова гаварыў, што Falcon Heavy можа падарвацца на старце, з-за асаблівай тэхнічнай складанасьці ракеты: цягу ў палёце будуць забясьпечваць 27 рухавікоў, роўных па магутнасьці 18 самалётам Boeing 747. Грузападымальнасьць Falcon Heavy дасягае 63,8 т пры дастаўцы на нізкую апорную арбіту і 16,8 т — калі адпраўляць ракету на Марс.

Вось, як гэта павінна выглядаць, паводле вэрсіі SpaceX:

У SpaceX кажуць, што гэтая цяжкая ракета задумвалася для дастаўкі людзей на Месяц і Марс. Яна выкарыстоўвае тры разгонных блёка ад Falcon 9, асноўнай ракеты SpaceX. Два з трох разгонных блёкаў ужо выкарыстоўваліся для запускаў у 2016 годзе. Кампанія разьлічвае, што ўсе тры блёкі прызямляцца асобна пасьля сёньняшняга старту для далейшага паўторнага выкарыстаньня.

SpaceX зьбіраецца адправіць людзей на Марс да 2024 году. Для гэтага будзе выкарыстоўвацца яшчэ больш цяжкая ракета BFR.

У якасьці спробнага грузу Ілан Маск вырашыў адправіць у космас свой стары спартовы аўтамабіль Tesla вішнёвага колеру.

Аўтамабіль будзе запушчаны на эліптычную арбіту, якая цягнецца ад Сонца да Марса. Аўдыёсістэма аўтамабіля, як паведамляецца, будзе няспынна граць гіт Дэвіда Боўі Space Oddity.

«Аўтамабіль аддаліцца ад Зямлі прыкладна на 400 мільёнаў кілямэтраў і будзе ляцець з хуткасьцю 11 кілямэтраў за сэкунду, — сказаў Маск. — Паводле нашых ацэнак, ён будзе знаходзіцца на гэтай арбіце некалькі соцень мільёнаў гадоў, можа, нават больш за мільярд гадоў».

Аўтамабіль абсталяваны трыма камэрамі назіраньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG