Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У райвыканкаме прапанавалі, і я не змагла адмовіцца». Навошта праўладныя кандыдаты ідуць на выбары


8 безальтэрнатыўных кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў з розных рэгіёнаў краіны расказваюць Свабодзе, чаму яны вырашылі ўдзельнічаць у выбарах і што будуць рабіць, калі перамогуць.

Шаркаўшчынскі раён — тут самыя нізкія ў краіне заробкі

Рэгіён з самым нізкім заробкам: сярэдні заробак, паводле Белстату, у 2016 годзе тут складаў 419 рублёў.

Натальля Сьвілёнак, загадчыца аптэкі № 102, Кіраўская выбарчая акруга № 13:

«Для сур’ёзных пытаньняў ёсьць выканаўчая ўлада»

«Што для Шаркаўшчыны цяпер найбольш актуальна? Ну, я б не сказала, што ў нас ужо такія праблемы, якіх няма ва ўсёй краіне. Побытавыя ў асноўным. Недзе дарога ня вельмі, недзе яшчэ нешта. Жыцьцёвыя пытаньні ў асноўным. А для вырашэньня больш сур’ёзных пытаньняў існуе выканаўчая ўлада...

Чаму я ў выбарах удзельнічаю, што натхніла? Ну, па-першае, я дэпутат двух папярэдніх скліканьняў. І калі да мяне зьвяртаюцца людзі і я магу нешта вырашыць, хай нават дробныя нейкія праблемы і пытаньні, то гэта прыемна.

Праграму я маю, вядома. Яна датычыць у асноўным забесьпячэньня лекамі. Але з гэтым мы праблем ня маем. Мне ў гэтым пляне лёгка».

Алена Сідарчук, старшыня Станіславаўскага сельсавету, Васюкоўская акруга № 30:

«Глябальных праблем у нас у раёне няма»

«Чаму я вырашыла кандыдатам на выбарах быць, якая ідэя ў мяне? Ну, каб жыць турботамі і праблемамі людзей, дапамагаць вырашаць іх. Каб бліжэй да людзей быць, якія жывуць там, дзе я жыву. Натуральна, што вялікіх глябальных праблем у нас у раёне няма, але штодзённае жыцьцё прыносіць свае пытаньні.

Праграму мы рыхтуем зараз. Невялікую, якая будзе адлюстроўваць сутнасьць таго, што мы можам зрабіць, як наша тэрыторыя будзе разьвівацца і ўвогуле. Асноўная ідэя праграмы? Сацыяльная арыентацыя, напэўна, нешта такое».

Жыткавіцкі раён — падзелены на дзьве часткі бяз мосту праз Прыпяць

Ад пачатку сьнежня 2017 году рэгіён застаўся без адзінага мосту праз Прыпяць і цяпер фактычна падзелены на дзьве часткі, транспартная сувязь паміж якімі моцна ўскладнілася. Мясцовыя ўлады ня могуць даць адказу, калі адновяць стацыянарны мост або пабудуюць часовы.

Тацяна Кузьміч, намесьніца дырэктара школы № 1, Прыазёрная акруга № 15:

«Мост? Я думаю, што дэпутаты гэтае пытаньне вырашыць ня змогуць»

«Буду аддаваць працы дэпутата свой вольны час. Гэта вельмі складана, але асноўнай працы на пасадзе намесьніка дырэктара таксама шмат.

Мост? Я думаю, што дэпутаты гэтае пытаньне вырашыць ня змогуць. Тут больш выканаўчая ўлада павінна дзейнічаць, гэта ж вялікія грошы.

Як я пераконвала за сябе галасаваць? Ну як я пераконвала... Калі нешта ім трэба, то я заўсёды стараюся ісьці насустрач, неяк дапамагчы ім. Якія ў нас тут праблемы: некаму акты на сям’ю трэба скласьці, то да мяне зьвяртаюцца людзі. Сем’і маладыя жывуць у акрузе ў асноўным, дапамогі просяць, калі ім трэба».

Людміла Катвіцкая, дырэктарка гімназіі імя Ліхоты, Камуністычная акруга № 1:

«Праблема працаўладкаваньня. А так у нас усё добра»

«Якая самая вялікая праблема ў Жыткавіцкім раёне? Праблема працаўладкаваньня. У нас маленькі горад, няма вялікіх прадпрыемстваў. Гэта асноўная праблема. Яшчэ нядобранадзейныя сем’і, п’янства. Я думаю, што гэта зьвязана паміж сабой.

А так у нас усё добра. Горад пераўтварыўся, населеныя пункты раёну, былая старшыня савету дэпутатаў вельмі шмат зрабіла.

Шмат што зьмяніць хочацца. Палепшыць у першую чаргу ўмовы жыцьця людзей. Чаму яшчэ раз вырашыла балятавацца? Людзям трэба дапамога. Дэпутат і жыльлёвыя ўмовы правярае, характарыстыкі выдае. Хаджу па дамах, людзі ведаюць мяне нядрэнна».

Ваўкавыскі раён — тут найбольшае ў краіне беспрацоўе

Рэгіён з самым вялікім па краіне ўзроўнем беспрацоўя: паводле дадзеных на пачатак 2018 году, у Ваўкавыскім раёне афіцыйна беспрацоўнымі былі 298 чалавек, або амаль 1% ад працаздольнага насельніцтва.

Тацяна Янкоўская, кіраўніца Ўпраўленьня працы і сацыяльнай абароны райвыканкаму, Ленінская акруга № 5:

«Я пакуль не сустракалася са сваімі выбаршчыкамі»

«Якая зараз для Ваўкавыску самая актуальная праблема? Я пакуль не сустракалася са сваімі выбаршчыкамі. Калі будуць сустрэчы, тады я і буду ведаць, якія праблемы хвалююць выбаршчыкаў маёй акругі.

Я вырашыла пайсьці на выбары, таму што я не абыякавая, таму што я працую ў гэтай сфэры. Дзеля таго каб яшчэ больш аказваць судзеяньне тым катэгорыям грамадзян, якія ў гэтым маюць патрэбу, я і пайшла на выбары».

Міхаіл Сяменчык, дырэктар каледжа Гарадзенскага дзяржунівэрсытэту імя Янкі Купалы, Новая акруга № 11:

«У Ваўкавыскага раёну ярка выражаных праблем няма, напэўна»

«У Ваўкавыскага раёна ярка выражаных праблем няма, напэўна. Усё як у кожнага асобнага рэгіёну. Разьвіцьцё малога і сярэдняга бізнэсу, стварэньне новых працоўных месцаў. Сёньня эканоміка павінна быць мабільнай. А мабільнасьць эканомікі праяўляецца праз малы і сярэдні бізнэс, які хутчэй адаптуецца да патрэбаў рынку.

Што я хачу зьмяніць у раёне? Для кожнага з нас свая Радзіма пачынаецца са свайго роднага месца. Я жыву тут, хаджу па тых жа вуліцах, як і ўсе, і бачу тыя ж праблемы. Недзе гэта асьвятленьне, недзе — рамонт. Трэба вырашаць першасныя праблемы, гэта асноўнае, чаго хочуць людзі».

Астравецкі раён — месца будаўніцтва Беларускай АЭС

Першы энэргаблёк на Беларускай АЭС плянуецца запусьціць у 2019 годзе. Будаўніцтва АЭС у Астравецкім раёне выклікала неадназначную рэакцыю як у мясцовых жыхароў, так і ў краіне ў цэлым.

Валянціна Трышна, дырэктарка Гервяцкай сярэдняй школы, Гервяцкая акруга № 19:

«Тэму будаўніцтва АЭС я неяк не прадумвала»

«Чаму я вырашыла балятавацца ў дэпутаты мясцовага савету? Ну, як сказаць... Можна так сказаць, што прапанавалі паспрабаваць, а я такі чалавек, што адмаўляцца ня ўмею. Хто прапанаваў? На ўзроўні райвыканкаму была прапанова.

Тэму будаўніцтва АЭС я неяк не прадумвала, далекавата я ў сваіх ведах ад гэтага пытаньня. Але калі нейкія пытаньні будуць узьнікаць на сходах дэпутатаў, то будзем вырашаць, натуральна.

Што мяне асабіста датычыць, то я, як вам сказаць, ня столькі хачу зрабіць у раёне, колькі ў сваім населеным пункце. Аўтобусны прыпынак прапануюць зрабіць. Банк у нас на дадзены момант працуе адзін дзень у тыдзень — гэта таксама жыхароў ня вельмі задавальняе».

Рыгор Доўгі, дырэктар Астравецкага лясгасу, акруга Карла Маркса № 9:

«Мы верым, што АЭС — самая надзейная і сучасная»

«Канечне, праграма ў мяне ёсьць. Хацелася б, каб дзяржава квітнела. Вось у мяне і лёзунг такі — каб добра жыць, трэба добра працаваць. Хацелася б, каб Астравецкі раён квітнеў і далей. Мы дэндрасады закладваем, гадавальнік новы арганізавалі.

Ці хвалюе выбарцаў Астравецкая АЭС? Я лічу, што пытаньне прапрацоўвалася, былі сустрэчы. Людзі спакойна ўспрынялі навіну аб будаўніцтве АЭС. Мы бачым, як раён зьмяніўся. Здаецца, усе вераць, што ніякіх нэгатыўных тэндэнцый і плыняў няма. Падчас сустрэч з выбарцамі такіх пытаньняў ніхто не задаваў, патрэбная станцыя ці не... Людзі атрымалі працоўныя месцы, палепшылася якасьць жыцьця. Я думаю, што насельніцтва задаволенае.

А якасьць станцыі? Мы часта сустракаемся з кіраўніцтвам дырэкцыі будаўніцтва АЭС. Яны нас пераканалі, што ўсё добра. Мы верым, што яна самая надзейная і сучасная».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG