Лінкі ўнівэрсальнага доступу

NATO высылае семярых расейскіх дыпляматаў


NATO высылае семярых расейскіх дыпляматаў, акрэдытаваных пры вайсковым саюзе. Акрэдытацыя яшчэ траіх ня будзе прынятая. Пра гэта заявіў генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг. Ён удакладніў, што выправаджэньне закране супрацоўнікаў пастаяннага прадстаўніцтва Расеі пры NATO ў Брусэлі. Такім чынам, штат расейскага сталага прадстаўніцтва скароціцца з 30 работнікаў да 20.

Столтэнбэрг адзначыў, што высылка супрацоўнікаў праходзіць у рамках дыпляматычных захадаў, якія прымаюцца эўрапейскімі краінамі і ЗША ў дачыненьні да Расеі з-за замаху на былога палкоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля. «Гэта відавочны сыгнал Расеі, што ў яе небясьпечнай і непрымальнай мадэлі паводзінаў ёсьць цана і ёсьць наступствы», — сказаў Столтэнбэрг. Пры гэтым, паводле яго, вайсковы саюз ня будзе мяняць у дачыненьні да Расеі сваю агульную палітыку.

Крыніца ў МЗС Расеі заявіла «Інтэрфаксу», што Масква абавязкова адкажа на рашэньне NATO.

Апошні раз саюз NATO выдвараў супрацоўнікаў расейскага сталага прадстаўніцтва ў 2009 годзе. Тады дваіх дыпляматаў абвінавацілі ў шпіянажы. Масква назвала гэтыя абвінавачваньні надуманымі і ў адказ пазбавіла акрэдытацыі дваіх супрацоўнікаў NATO ў Расеі.

Напярэдадні прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп распарадзіўся выслаць 60 расейскіх дыпляматаў і зачыніць расейскае консульства ў Сіэтле. Аналягічныя захады, хоць і менш маштабныя, прынялі і краіны Эўропы. Нямеччына, Францыя і Польшча заявілі пра высылку чатырох дыпляматаў, Чэхія, Літва і Малдова — трох. Гішпанія, Нідэрлянды, Данія і Італія абвясьцілі пэрсонамі нон-грата па два дыплямата. Баўгарыя адклікала з Расеі свайго амбасадара для кансультацыяў. Украіна, якая не зьяўляецца сябрам ЭЗ, заявіла, што выправадзіла 13 расейскіх дыпляматаў.

Ірляндыя і Малдова вышлюць расейскіх дыпляматаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG