Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як нараджэнец Іўя стаў латвійскім мільянэрам і дэпутатам, уладальнікам гатэляў і самалётаў


Ян Апаленіс
Ян Апаленіс

Ён быў у ліку першых савецкіх мільянэраў, якіх у канцы 1980-х узьняў на паверхню каапэратыўны рух — сьмелы экспэрымэнт па легалізацыі прадпрымальніцтва ў СССР.

Ягоныя бізнэс-інтарэсы сягалі шырока: ад прыватных таксі і платных парковак да валютных абменьнікаў і дарагіх буцікаў. А каб набраць форму, будучы гаспадар гатэляў і самалётаў мыў золата на Чукотцы і фарцаваў дэфіцытам, прывезеным з Карэі. Усё гэта пра 67-гадовага Яна Апаленіса — рэспэктабэльнага дзелавога чалавека, якога ў Латвіі ведае калі ня кожны, то шмат хто. Тут ён жыве ўжо больш за чатыры дзесяцігодзьдзі і на «заслужаны адпачынак» пакуль не зьбіраецца.

Суседзтва з фотаатэлье Пазьняка і першы каапэратыўны мільён

Ян нарадзіўся ў 1951 годзе ў вёсцы Дзешавічы за дзясятак кілямэтраў ад Іўя. Пасьля пачатковай школы давялося езьдзіць па веды ў райцэнтар — старэйшыя клясы прайшлі недалёка ад атэлье, дзе пачынаў асвойваць фатаграфічную справу малады Зянон Пазьняк.

Потым служыў у сяржанцкай «вучэбцы» ў Востраве Пскоўскай вобласьці, сур’ёзна думаў над прапановай афіцэрскай кар’еры. Але перад самай дэмабілізацыяй адмовіўся.

Цывільнае жыцьцё разрывала на скрайнасьці. Ня спраўдзілася дзіцячая мара стаць пілётам — не прайшоў у Тамбоўскую авіявучэльню. Сьледам няўдалая спроба скарыць Ленінградзкую вышэйшую інжынэрна-марскую вучэльню. У вымушаны прастой асвойваў падручныя прафэсіі: мяняў на чыгунцы шпалы, езьдзіў па тавар у Польшчу, быў інкасатарам у банку.

Рыскія краявіды
Рыскія краявіды

Але зноў пацягнула ў неба: гэтым разам пасьпяхова здаў іспыты ў Інстытут грамадзянскай авіяцыі ў Рызе. Праўда, працаўладкавацца пасьля выпуску аказалася ня так проста. Тады ўзяў паўзу і падаўся на Крайнюю Поўнач. Два гады мыў золата на Чукотцы, адтуль выбіраўся ў Паўднёвую Карэю, фарцаваў. Паступова стваралася падушка матэрыяльнай бясьпекі.

Зноў вярнуўся ў Рыгу, працаваў у порце. А неўзабаве рызыкнуў паспрабавацца на вакансію ў новай для сябе сфэры — сыстэме гатэльнай гаспадаркі латвійскай сталіцы. На першым часе даверылі пасаду намесьніка галоўнага інжынэра, наступныя 10 гадоў быў намесьнікам гендырэктара ўстановы.

І тут грымнула каапэратыўная рэвалюцыя другой паловы 1980-х: няўрымсьлівыя людзі атрымалі магчымасьць легальна заняцца камэрцыяй.

«Першыя ўрокі вясковага прадпрымальніцтва мне даваў яшчэ дзед Вікенці, — распавядае Свабодзе Ян Апаленіс. — Пад канец 1980-х толькі-толькі пачалі зьяўляцца парасткі бізнэсу, а ў мяне ўжо была разгалінаваная справа: бізнэс-цэнтар, два валютныя буцікі, крама дарагога алькаголю, сетка абменьнікаў, першыя таксі-іншамаркі (чатыры „Форды Скорпіё“ і два фордаўскія „бусікі“ „Транзыты“), платная стаянка, турыстычная фірма, нанятыя перакладчыкі, плюс іншая дробязь. І гэта не перашкаджала заставацца намесьнікам дырэктара гатэльнай гаспадаркі Рыгі...»

У працоўным кабінэце
У працоўным кабінэце

Пачынаючы ад 1990-х Ян Апаленіс надоўга зрабіўся фігурантам традыцыйнага сьпісу «100 мільянэраў Латвіі». Адпаведна статусу пасяліўся ў асабняку на высьпе пасярод Даўгавы, дзе стаіць рыская тэлевежа. Вымушаная публічнасьць прымусіла выйсьці за бізнэс-рамкі: загітавалі ўступіць у Сацыял-дэмакратычную партыю, быў дэпутатам Рыскай гарадзкой думы. Але ні грамадзкая актыўнасьць, ні лабіраваньне нечых інтарэсаў не прывабіла.

«Я пабываў ва ўсіх сьпісах латвійскіх мільянэраў, — кажа суразмоўца. — Так, у мяне значнае багацьце, адной нерухомасьці не на адзін мільён. Але і набіралася ўсё ня год і ня два. Няма ніякай эўфарыі — ня зь неба ж усё валіцца, цяжкая праца. Дарэчы, зь ліку першых мільянэраў мала хто і застаўся, на пальцах можна пералічыць. Нехта актывы павыводзіў, кагосьці запусьцілі ў кругазварот: не вярнуў крэдыт — банк наклаў арышт — актывы перайшлі іншым. Сёньня складана весьці бізнэс, падатковая палітыка жорсткая. Старыя кадры сыходзяць, а новыя на іх месцы не зьяўляюцца».

Сьняданак для сябра-татарына і пасьведчаньне прыват-пілёта

Тэарэтычны багаж, атрыманы ў рыскім Інстытуце грамадзянскай авіяцыі, праз шмат гадоў меў нечаканы працяг. Прага неба ўсё ж узяла сваё, і Ян Апаленіс стаў, бадай, першым нараджэнцам Іўя, які дазволіў сабе ўласны самалёт. Практыкаваўся на амэрыканскай Cessna, выбар спыніў на вучэбна-трэніровачнай савецкай мадэлі «Як-18».

«Атрымаў катэгорыю „прыват-пілёта“, а пасьля набыў „Як-18Т“, — будзённа тлумачыць бізнэсовец. — Чатырохмесцавы самалёт, на такім вучаць лятаць. Можна рабіць фігуры вышэйшага пілятажу — „мёртвая пятля“, крутыя горкі, віражы, сыход з ухілам 60 градусаў на круг. Ня толькі я, і сыны прайшлі (сьмяецца). Зробіш “пятлю”, а далей ужо як на ровары едзеш, так здаецца лёгка і проста. Гадоў 7–8 ён у мяне быў. Прадаў, каб абнавіць на амэрыканскі. Крыху ўсё зацягнулася, але куплю: старэйшы Аляксандар таксама лятае, меншага Франца віражы зачаравалі яшчэ ў маленстве».

Iвейскія аднаклясьнікі (Ян — у верхнім шэрагу трэці зьлева, пяты — Бекір Шабановіч)
Iвейскія аднаклясьнікі (Ян — у верхнім шэрагу трэці зьлева, пяты — Бекір Шабановіч)

На сьвет будучы мільянэр зьявіўся ў рэгіёне, дзе перапляліся розныя этнасы. Жыхары ягоных Дзешавічаў ва ўсіх дакумэнтах павальна запісваліся палякамі, сваякі па лініі маці выключэньнем ня сталі — Дагелі падкрэсьлівалі сваю польскасьць. Бацька якраз з прышлых, нязвыклае прозьвішча прынёс зь Ліпнішак на літоўскім памежжы. А ў івейскай школе дамінавалі татары — аднаклясьнік Бекір Шабановіч сёньня муэдзін, памочнік імама ў мячэце.

«У маёй клясе было 13 татар — хлопцы, дзяўчаты, — успамінае Ян. — Шчырыя мусульмане, яны і тады трымаліся пэўных правілаў: ужывалі толькі каніну, птушку. Увосень прыяжджалі да нас у вёску, закуплялі гусей. Я сядзеў за партай з Мацьвеем Радкевічам. Калі на перапынку даставалі ссабойкі, намажу хлеб салам і частую. Той толькі языком прыцмоквае, так смачна. Ну ясна, пакепліваю, дома ж сьвінінкі ніхто ня дасьць? Ён махае рукамі: што ты нарабіў! (сьмяецца). Ну, дзеці, між сабой забаўляліся. Але ніколі і ніякіх канфліктаў на нацыянальнай глебе — ні з татарамі, ні з палякамі, ні зь літоўцамі».

Муэдзін і аднаклясьнік Бекір Шабановіч
Муэдзін і аднаклясьнік Бекір Шабановіч

У Рызе Ян Апаленіс дасканала авалодаў латыскай мовай, ведае ангельскую, не цураецца беларускай. Разумее, што жыць у краіне і дыктаваць свае ўмовы — як мінімум некарэктна. Паводле статыстычных зьвестак, у Рызе прыблізна 40% — расейскамоўныя. Значная частка ня ведае і ня хоча вучыць латыскую, затое патрабуе асаблівага стаўленьня, ініцыюе моўныя рэфэрэндумы. Пры гэтым выпадкі пераезду на зямлю продкаў калі і ёсьць, то адзінкавыя.

«60% карысных выкапняў — у нетрах Расеі. Здавалася б, павінны жыць лепш за ўсіх, а такая жабрацкая краіна! Ну хто туды паедзе? Камфортна там пачувае сябе той, хто блізкі да мафіёзных колаў, крадзе па-буйному і ўрэшце зваліць за мяжу (дзеці, жонкі даўно там). Прычым даюць зьехаць, а потым заводзяць справу. Такіх людзей трэба трымаць на кантролі, а Пуцін іх не чапае. Гэта яшчэ ад савецкіх часоў, калі ва ўладзе былі няздары: Брэжнеў, Андропаў, Чарненка, а вакол падлізьнікі. Ім да лямпы народ. Паглядзіце на Кітай, як разьвіваецца! Тэрыторыя — суцэльная будоўля. Расея, якая мае дзясятую частку насельніцтва ад таго, што ў Кітаі, хутка з працягнутай рукой пойдзе».

Грэцкі род Апаленісаў і рэаліі дзяржаўнага рэкету

Паходжаньне свайго прозьвішча Ян Апаленіс дакладна не вывучаў, хоць падазрэньні наконт падарожнікаў з «варагаў у грэкі» з прыпынкам у Іўі перасьледавалі як мінімум зь юнацтва. І вось аднойчы знайшліся тыя, хто бязь лішніх слоў прыняў за свайго.

«Годзе ў 90-м паехалі з жонкай і сынам у Грэцыю да бізнэсоўца Карафіліса Карафіоліса, — кажа Ян. — Ён перад гэтым прывозіў у Латвію футбольную каманду, пазнаёміліся. Прыляцелі з Коўна ў Салёнікі, пасажыры выйшлі — і адразу ў горад, як цяпер у Эўразьвязе. А мы са сваімі савецкімі пашпартамі — у чаргу на праверку візаў. Памежнік кідае, каб чытаў інструкцыю, што можна ўвозіць, колькі мяняць драхмаў, а сам разглядае дакумэнты. І раптам крык: дык ты ж грэк! Аднекуль узьнікае Карафіліс: „Ну ясна, прозьвішча ж наша!“ Памежнік штампы пляснуў, сына па галаве гладзіць... Аказалася, насамрэч ёсьць старажытны грэцкі род Апаленісаў».

Ля ўваходу ў свой гатэль
Ля ўваходу ў свой гатэль

Ці прысутнічае пэўная доля жалю, што, магчыма, усё ж дарма ў свой час зьехаў шукаць шчасьця ў іншых краях? Ёсьць вера, што стаў бы пасьпяховым бізнэсоўцам ва ўмовах Беларусі? Або на ўзроўні падсьвядомасьці перасьцярогай прыклад дзеда Вікенція? Пад польскай юрысдыкцыяй ён меў спраўную гаспадарку, бальшавікі ж пагражалі выслаць у Сыбір.

«Відаць, таксама спрабаваў бы нечым займацца, — паціскае плячыма Ян. — Унутраную схільнасьць адчуваў зь дзяцінства. Вёска наша немалая, дамоў на 70, але зьдзіўляла: чаму людзі жывуць без усялякай ініцыятывы? Няўжо ня хочацца мець больш? У дзеда была „кулацкая“ гаспадарка: дзьве каровы, тры кабаны, зь дзясятак авечак, гусі, куры. Але і тады я лічыў, што можна трымаць пяць сьвіней, тры на продаж. Сьвінаматку для прыплоду, каб мець 8–10 кабанчыкаў. Як упраўляцца? Наняць суседа, які толькі самагонку жлукціць, другога. Павялічыў бы статак кароў, ад кожнай па цяляці. Дзед маю арытмэтыку ўхваляў, толькі фізычна ўжо не цягнуў».

Рыскія краявіды
Рыскія краявіды

Бізнэсовец прызнаецца: зь ягонага боку былі спробы сумесных праектаў у Беларусі. Яшчэ на пачатку нулявых хацеў набыць рэстарацыю пры гатэлі «Ліда». Склаў бізнэс-плян, выйграў конкурс і атрымаў 2500 квадратных мэтраў на ўмовах выкупу з захаваньнем профілю. Ударылі па руках, але ўсё застопарылася з прычыны розных валютных курсаў — афіцыйнага і рынкавага. Абазначаныя ў зьдзелцы 50 тысяч даляраў абавязалі правесьці праз Нацбанк, што падвышала суму да 120 тысяч. Ад жывых даляраў наадрэз адмовіліся.

Да таго ж няшмат хто рызыкне займацца бізнэсам у краіне, дзе квітнее «дзяржаўны рэкет». На думку Яна Апаленіса, гэта адна з прычын сьціплага інвэстыцыйнага інтарэсу да Беларусі з боку замежнікаў.

«На Захадзе такога няма, — кажа прадпрымальнік. — Калі працуеш і плаціш падаткі, проста так не наяжджаюць. Забіраць бізнэс імем рэвалюцыі — нонсэнс. Іншая справа, што такое пытаньне можа ўзьняць банк ці іншы крэдытор. Але гэта не адно і тое ж, калі экспрапрыяваць загадвае дзяржава, прэзыдэнт. Згадваю „масьляныя“ гады другой паловы нулявых — божа, колькі тады бізнэсмэнаў зьявілася! Ніхто не замінаў разьвівацца. Ужо не кажу пра пачатак 1990-х, калі пасьля развалу Саюзу разьмяркоўвалі ўласнасьць. Першымі пры кармушцы былі тыя, хто стаяў каля руля заводаў, фабрык, іх ненавучаныя, але амбітныя дзеці».

Хітрая арытмэтыка і хакейны чэмпіянат на дзьве краіны

Зрэшты, наракае суразмоўца, у Латвіі таксама адбываюцца працэсы, якія ня надта радуюць. Абурае, што сярод новых багацеяў усё больш ня тых, хто зарабіў капіталы ўласнымі стараньнямі, а тых, хто «раскулачвае». Нейкі час таму пры Міністэрстве юстыцыі ўзьнікла напаўдзяржаўная Асацыяцыя адміністратараў па няплатаздольнасьці, супрацоўнікі якой стабільна папаўняюць сьпісы мясцовых мільянэраў. Спатыкнуўся — адразу падхопяць пад ручкі, выдаяць да апошняга, нявесела жартуе Апаленіс.

Ян Апаленіс
Ян Апаленіс

«Гадоў 8–10 таму пастаялец майго гатэля „абчысьціў“ нумар. Страты ацанілі ў 160 лат, больш за 300 эўра. Летась прыйшла папера ад судовага выканаўцы: знайшлі зламысьніка, спагналі. Дык вось, выдаткі выканаўцы склалі... 150 лат. Мне засталося толькі 10. Проста жах! І гэта ўжо тэндэнцыя. Напрыклад, забралі за даўгі па позьве ў неплацельца будынак. Выстаўляюць, умоўна кажучы, за паўмільёна эўра, але закладаюць такія затраты, што ў лепшым выпадку атрымаеш 100 тысяч. Астатняе — аплата юрыстаў, ацэншчыкаў, эканамістаў. Усё падзеляць, табе перападзе хіба чвэрць».

Колішні «шматстаночнік» цяпер мае адносна сьціплы бізнэс. Найперш — гатэль катэгорыі «3+» побач з цэнтральным чыгуначным вакзалам у цэнтры Рыгі. Назва «Irina» — у гонар нябожчыцы жонкі. Дзякуючы стратэгічнаму разьмяшчэньню больш за 80 нумароў практычна заўсёды занятыя.

Гатэль Яна Апаленіса
Гатэль Яна Апаленіса

«Некалі не было ніякіх зорак, — кажа Ян. — Але спачатку адрэстаўраваў адну палову, у 2005-м выкупіў у гаспадароў другую, разваленую. Давёў да ладу, аб’яднаў і атрымаў катэгорыю „3+“. Як паказвае практыка, самы даходны гатэль — усё ж 3-зоркавы. Калі добра зроблена, можа жыць і 2-зоркавы кліент, па цане збольшага пасуе, і 4-зоркавы, і нават той, хто спыняецца ў 5 зорках — тут ёсьць і люкс, і паўлюкс. Зорнасьць жа даецца не за тое, што ўнітаз пазалочаны, а за наяўнасьць паслугаў ».

Свой першы экспэрымэнтальны Hotel Apalenis бізнэсовец прадаў больш за 10 гадоў таму. Гэты быў першы практычны досьвед самастойнага вядзеньня складанай гаспадаркі, хоць раней папрацаваў ужо ў гатэлі «Riga» намесьнікам дырэктара. А ці лёгка давалася гатэльная эканоміка? Усё ж у авіяцыйнай ВНУ выкладалі навуку зусім іншага парадку.

«У Інстытуце грамадзянскай авіяцыі адукацыя была добрая, — кажа Ян. — Агулам здаў 52 іспыты, ніводнага прахаднога. Што да эканомікі, то яна ўсюды аднолькавая. Няма эканомікі асобна латвійскай, беларускай, правільнай ці няправільнай. Ёсьць балянс, ён ня можа быць такі ці іншы. Хітраваць могуць, згодны. Як лічаць валавы прадукт? Зайшлі з Расеі 2 мільярды эўра. І тут жа сышлі. А іх залічылі ў валавы прадукт — унутраны ці зьнешні, як прыплюсавалі. Дзеляць на ўсіх, малююць 1000 эўра сярэдняга заробку і нізкую інфляцыю. Ці рапартуюць, што ў Латвіі падае беспрацоўе. Ну так, калі 400 тысяч зьехалі, можна і ў заслугу занесьці».

Рыскія краявіды
Рыскія краявіды

У 2021 годзе Латвія і Беларусь упершыню ў гісторыі сумесна правядуць буйны спартовы форум — чэмпіянат сьвету па хакеі. Ці паспрыяе прыезд турыстаў капіталізацыі?

«Для гатэля ў цэнтры гораду два тыдні ролі не сыграюць, — лічыць гаспадар. — Іншая справа, калі гаворка пра „выселкі“, дзе засяляльнасьць мізэрная. Вось для іх важна. А ў мяне гатэль у любы сэзон запаўняецца. Неяк падлічылі, што гэтае скрыжаваньне — самае прахадное ў горадзе, штодня да 700 тысяч чалавек. Вакзал, рынак, крамы — усё тут. Таму плюс, безумоўна, ёсьць, але нават чэмпіянат сьвету вялікага надвор’я ня зробіць. Ну і бізнэс наш цалкам празрысты, ніякіх канвэртаў, сыходаў у цень. Як у прымаўцы: лепш кожны дзень па цаглінцы, чым спрабаваць скрасьці адразу машыну».

Ірына як вечная памяць і маленькі Аўгусьцін як будучыня

У 2005 годзе ад анкалёгіі памерла Ірына, жонка Яна. Старэйшы сын Аляксандар быў студэнтам, Францу споўнілася 9. Застацца без падтрымкі было цяжка і маральна, і фізычна. Ірына з Магадану, але карані беларускія: маці з-пад Барысава, пахаваная на радзіме. Там жа знайшоў спачын і бацька, родам з Хабараўску. Яе пахавалі ў Рызе, бліжэй да мужа і сыноў.

«Пухліна грудзей. Каб не пайшла па знахарах, можа, жыла б... Паехалі ў Нямеччыну, там усё расклалі: 3–4 хіміі, апэрацыя, яшчэ дзьве хіміі, два абпраменьваньні — і 30 гадоў пражывеш. Так і ішло аж да апэрацыі і хіміі. І раптам ад усяго адмовілася, чагосьці начыталася — ні за што. Запусьціла... Доктарка ўгаварыла на курс уколаў, як аказалася, зь неачышчанай плацэнты — падыму імунітэт, пасьля „дагоніш“. Ну, і ўсё. Толькі сказала: каб ведала, чым скончыцца... Мог прымусіць, каб лекавалася традыцыйна. А потым думаю: і так жыву з пачуцьцём віны — што, каб не спрацавала? Хворы павінен сам прымаць рашэньне, ціснуць нельга».

Імя нябожчыцы жонкі ў назьве гатэля
Імя нябожчыцы жонкі ў назьве гатэля

Пра Ірыну штодня нагадвае імя на шыльдзе гатэля, дзе ў Яна Апаленіса офіс. Мама такім чынам нябачна побач з Аляксандрам і Францам. А сынамі ёсьць нагода ганарыцца: абодва знайшлі сябе ў жыцьці, пасьпяховыя прадстаўнікі маладой эліты.

«Аляксандар скончыў Інстытут міжнародных адносін у Маскве. Вярнуўся, трэба пераймаць справы, — кажа Ян. — Ангажуюць у палітыку — спрабаваў балятавацца ў Сэйм. Я адразу сказаў: дапамагаць ня буду. У выніку з 32 месца падняўся на 15-е, а праходзілі першыя 13. Спачатку расчараваўся, цяпер нібыта зноў штурхаюць. Яму 34-ы, сям’я, малыя сын і дачка. Францу 22, пасьля сьмерці Ірыны хутка пасталеў: у 17 скончыў школу, здаваў экстэрнам. Цяпер у Лёндане. Скончыў банкаўскую справу, атрымаў бакаляўра з выдатнай адзнакай. Год адпрацаваў у аднаго мільярдэра, напрактыкаваўся, цяпер у магістратуры. Можа штурмаваць любыя дзьверы».

З другой жонкай Тацянай і яшчэ малым Аўгусьцінам
З другой жонкай Тацянай і яшчэ малым Аўгусьцінам

Пры канцы нулявых жыцьцё Яна кардынальна зьмянілася. У ім зьявілася маладая мастачка Тацяна — выпускніца Мікалаеўскага дзяржаўнага інстытуту культуры і мастацтва. Зь яе івейскімі бацькамі ён даўно сябраваў і наўрад ці мог прадбачыць, што лёс рыхтуе такі сюрпрыз. Вынікам працяглых роздумаў і ўзважваньняў стала няпростае рашэньне паспрабаваць пачаць з чыстага аркуша.

Найвялікшай узнагародай стаў хлопчык — сын Аўгусьцін. Сёньня яму 6,5, рыхтуецца да школы. А 33-гадовая мама і 67-гадовы тата ўжо ня могуць сабе ўявіць, каб жыцьцё павярнулася інакш.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG