Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Куль-Сяльверстава: «Кніга Абламейкі „топіць бронзу“ на постаці першадрукара, робячы яго жывой асобай беларускага сусьвету»


Сёньня, 29 траўня, у Менску ў Літаратурным музэі Максіма Багдановіча адбудзецца прэзэнтацыя новай кнігі бібліятэчнай сэрыі Радыё Свабода. Яе склалі аўтарскае эсэ Сяргея Абламейкі ў 25 частках «Нечаканы Скарына» і ягоныя інтэрвію зь вядомымі айчыннымі і замежнымі навукоўцамі, якія распавядаюць пра эпоху Скарыны і розныя аспэкты тагачаснага жыцьця.

А сёньня сваімі чытацкімі ўражаньнямі ад «Нечаканага Скарыны» дзеліцца прафэсар Сьвятлана Куль-Сяльверстава.

Сьвятлана Куль-Сяльвестрава
Сьвятлана Куль-Сяльвестрава

«Можна было б сказаць, што 2017 год прайшоў у Беларусі пад знакам Месяцовага Сонца — знакам Скарыны. Але гэтая выснова няслушная. Беларусь жыве пад скарынаўскім знакам палову тысячагодзьдзя. Мы, праўда, у нашай будзённасьці пра гэта забываем, і добра, што ёсьць нагода — юбілейныя даты, і ёсьць людзі, якія рупяцца прыгадаць, адкуль вядзецца нашае друкаванае слова.

Сяргей Абламейка на працягу юбілейнага году ў кароткіх эсэ адкрываў беларусам „нечаканага Скарыну“ — разважаў над малавядомымі ці контравэрсійнымі фактамі зь біяграфіі першадрукара, з гісторыі стварэньня ці бытаваньня яго кніг.

Гэтыя эсэ выйшлі ў бібліятэчнай сэрыі Радыё Свабода асобнай кнігай. Сёньня скарыназнаўства налічвае больш за дзьве тысячы навуковых прац, уключаючы некалькі грунтоўных манаграфій. Здаецца, усё ўжо прачытана, дасьледавана і высьветлена. Але нечаканыя ракурсы, зь якіх Сяргей Абламейка прапануе паглядзець на сусьвет Скарыны, падштурхоўваюць да пераасэнсаваньня ацэнак, высноваў ці адкрываюць новы кірунак пошукаў.

Для мяне асабіста надзвычай цікавымі былі развагі Сяргея Абламейкі над скарынаўскімі гравюрамі, іх сэмантыкай. Вакол гэтых разваг разгарнулася дыскусія, у якой фігуравалі дадзеныя з гісторыі мэтралёгіі, гісторыі паўсядзённасьці, гістарычнай храналёгіі і шмат чаго яшчэ.

Спадар Абламейка не дае адназначных адказаў на спрэчныя пытаньні скарыназнаўства і не імкнецца гэта зрабіць. Каштоўнасьць ягонай працы ў іншым — у дэманстрацыі таго, што патрабуе новых дасьледаваньняў, новых поглядаў ці пераасэнсаваньня. Кніга як бы „топіць бронзу“ на постаці першадрукара, робячы яго жывой асобай сёньняшняга беларускага сусьвету».

«Нечаканы Скарына» Сяргея Абламейкі — чарговая кніга «Бібліятэкі Свабоды.

Кніга складаецца з культуралягічнага эсэ ў 25 частках і аўтарскіх інтэрвію зь беларускімі і замежнымі навукоўцамі пра новыя знаходкі ў скарыназнаўстве.

Прэзэнтацыя адбудзецца 29 траўня а 18.30 у Літаратурным музэі Максіма Багдановіча (вул. Максіма Багдановіча 7а) у Менску. Уваход вольны.

Замовіць кнігу можна ТУТ.

Водгукі першых чытачоў кнігі:

Вячаслаў Ракіцкі: Сяргей Абламейка захапляльна адкрывае асобу Скарыны

«Сьвята, якое заўжды зь Беларусьсю». Уладзімер Арлоў пра кнігу «Нечаканы Скарына»

«Веліч і драматызм Скарыны». Эдвард Зайкоўскі пра кнігу «Нечаканы Скарына»

Алесь Аркуш: «„Нечаканага Скарыну“ варта прэзэнтаваць у Полацку»

Ірына Дубянецкая: «Кніга Абламейкі пацьвярджае, што Скарына быў пачынальнікам беларускай інтэлектуальнай традыцыі»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG