Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раздражняльнік для Расеі: РЛС для Ўзброеных сіл Украіны базуюцца на беларускім шасі «Волат»


Ілюстрацыйнае фота. Цягач Volat Менскага заводу колавых цягачоў
Ілюстрацыйнае фота. Цягач Volat Менскага заводу колавых цягачоў

Ва Ўкраіне пры стварэньні новых радыёлякацыйных станцый выкарыстоўваюць шасі Volat Менскага заводу колавых цягачоў.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка на сваёй старонцы ў Facebook анансаваў узоры новага пакаленьня тэхнікі, якая неўзабаве паступіць на ўзбраеньне ўкраінскага войска.

Гаворка пра радыёлякацыйныя станцыі ў фармате 3D, вырабленыя на навукова-вытворчым прадпрыемстве «Іскра» ў Запарожжы.

Паводле ўкраінскага лідэра, у высокатэхналягічнай вытворчасьці выкарыстоўваюцца ўкраінскія камплектныя часткі.

«Цяпер украінскае неба надзейна абароненае ад ворага», — заявіў Пятро Парашэнка.

Як вынікае з адмысловага роліка, перасоўная станцыя базуецца на беларускім шасі. Гэта аўтамабіль Volat Менскага заводу колавых цягачоў. МЗКЦ ёсьць адным з шасьці найбуйнейшых сусьветных вытворцаў шасі для ракетных комплексаў, іншых відаў узбраеньняў.

Аднак факт супрацы з украінскім бокам у кампаніі МЗКЦ, у бюро продажаў для ВПК краін СНД пацьвердзіць адмовіліся, параіўшы напісаць запыт на імя генэральнага дырэктара.

Новы раздражняльнік для Расеі

Як падкрэсьліў аналітык Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч, супраца ўкраінскага прадпрыемства з МЗКЦ трымалася ў таямніцы як мінімум тры гады.

Ігар Тышкевіч
Ігар Тышкевіч

«Чуткі пра тое, што ў частцы ўкраінскай тэхнікі (у прыватнасьці шасі для „Громаў-2“) можна заўважыць сьлед МЗКЦ, хадзілі даўно. Але далей спрэчак у сетках справа не прасоўвалася. Лягічна, бо для Расеі такая супраца — вялікі раздражняльнік. Крэмль беспасьпяхова спрабаваў купіць МЗКЦ, потым адмовіцца ад яго прадукцыі, распрацаваўшы ўласнае шасі для ракетных комплексаў. Расейская „Платформа-О“ нават на паказ Пуціну прыяжджала ў якасьці грузу на іншым цягачы».

На думку Ігара Тышкевіча, абнародаваньне супрацы Беларусі і Ўкраіны ў абаронным комплексе можа сьведчыць як пра тое, што беларускае кіраўніцтва больш ня ўтойвае свайго ўдзелу ў распрацоўках новых тыпаў узбраеньня для Ўкраіны, так і пра тое, што вытворца дапусьціў уцечку інфармацыі.

Да нядаўняга часу беларускае прадпрыемства МЗКЦ арыентавалася выключна на расейскі рынак. На ягоных плятформах перасоўваецца практычна ўся ўдарная сіла расейскіх Узброеных сілаў — ракетныя комплексы «Искандер», «Смерч», «Торнадо», «Тополь», «Тополь-М», «Ярс», «Рубеж», С-300 і С-400.

Аднак летась у траўні ў Набярэжных Чаўнах адбылася дэманстрацыя цягачоў «Платформа-О» вытворчасьці заводу спэцыяльных аўтамабіляў «Ремдизель» — структурнага падразьдзяленьня КамАЗу. Аналітыкі зрабілі выснову пра расейскую альтэрнатыву, якая мусіць пасунуць беларусаў з трывалых пазыцый.

Расея хацела купіць МЗКЦ, але не дамовіліся

Незадоўга да таго прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў заявіў пра паступовы перанос вытворчасьці аўтамабільнага шасі з МЗКЦ на КамАЗ. Асноўнай прычынай названа тое, што Беларусь адмаўляецца прадаваць завод.

Дзьмітрый Мядзьведзеў
Дзьмітрый Мядзьведзеў

«Тры гады прадавалі нам МЗКЦ, але так ні пра што і не дамовіліся. Ня хочуць прадаваць — ня трэба, мы на КамАЗе наладзім аналягічную вытворчасьць», — сказаў кіраўнік расейскага ўраду.

У 2011 годзе Расея прапанавала інтэграваць МЗКЦ у свой вайскова-прамысловы комплекс праз набыцьцё кантрольнага пакету акцый. Але бакі так і не сышліся ў ацэнцы актываў і суме інвэстыцый. Неўзабаве Аляксандар Лукашэнка заявіў, што гатовы за кошт расейскіх грошай мадэрнізаваць прадпрыемства, правесьці дадатковую эмісію акцый, але пры гэтым не перадаючы нічога ва ўласнасьць. «Калі ў расейцаў ёсьць мазгі і грошы, хай самі вынаходзяць», — заявіў ён.

Была яшчэ прапанова памяняць завод на нафтавае радовішча ў Расеі з аб’ёмам здабычы ня меней за 10 мільёнаў тон за год — палова ад таго, што трэба, каб загрузіць магутнасьці беларускіх НПЗ. Але ў Маскве падлічылі: беларусы ад такой угоды будуць мець 3 мільярды даляраў на год — нашмат больш, чым каштавала б прыватызацыя МЗКЦ. Ніводзін варыянт, прапанаваны Беларусьсю, Расею не задаволіў. Размовы вакол продажу стратэгічнага прадпрыемства змоўклі.

«Яна (супраца зь Беларусьсю ў галіне ВПК.— РС) вельмі абмежаваная, але адбываецца. Дэталі камэнтаваць ня буду», — сказаў у красавіку ў інтэрвію Свабодзе намесьнік міністра эканамічнага разьвіцьця і гандлю Ўкраіны Юры Броўчанка. Раней былі шырока вядомыя факты выкарыстаньня шасі Менскага аўтамабільнага заводу ў вытворчасьці вайсковай тэхнікі ва Ўкраіне.

Беларусы даўно пастаўляюць тэхніку для Ўкраіны, — экспэрт

На думку незалежнага вайсковага аналітыка Аляксандра Алесіна, ніякай сэнсацыі ў такой супрацы Менска і Кіева няма — беларусы даўно пастаўляюць тэхніку для Ўкраіны.

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

«Ніхто не абвяргае, што мы пастаўляем машынакамплекты МАЗ, зь якіх зьбіраюць армейскія „Багданы“ для Ўзброеных сіл Украіны. Нават арганізаваны цэлы завод, які працуе на нашых камплектуючых. Ну і ня першая ўжо станцыя на шасі МЗКЦ. Для Азэрбайджану мы пастаўлялі зэнітна-ракетныя комплексы „Бук МБ“, у складзе якіх былі ўкраінскія радыёлякацыйныя комплексы „Іскра“ на беларускім шасі. Па вялікім рахунку, гэта проста колы, на іх можна хоць экскаватар, хоць малацілку ставіць. Так званыя вырабы двайнога прызначэньня».

Экспэрт лічыць, што выкарыстаньне беларускіх плятформаў для ўкраінскай РЛС ня будзе вялікім раздражняльнікам нават у Расеі — з улікам таго, што гэта не наступальная зброя.

«Тыя ж МАЗы былі большым раздражняльнікам, таму што Расею напружвала іх колькасьць, — мяркуе аналітык. — Да таго ж украінцы мантавалі на МАЗаўскія шасі браніраваныя кунгі і перавозілі байцоў у раёны баявых дзеяньняў. Вось гэта для расейцаў было значна большай праблемай. А радыёлякацыйная станцыя — гэта зброя абароны, якая непасрэдна на лініі фронту ўдзелу не бярэ. Думаю, асаблівых інфармацыйных усплёскаў гэта ня выкліча. Прынамсі ня ёсьць сэнсацыяй, бо факт дастаткова вядомы».

Сёлета ў лютым у Дзяржаўным вайскова-прамысловым камітэце Беларусі заявілі, што ўзаемадзеяньні ў гэтай сфэры з Украінай не рэалізуюцца, бо, маўляў, Беларусь — пляцоўка для вырашэньня канфлікту на Данбасе і не павінна ствараць дадатковыя праблемы. У Кіеве гэтую заяву фактычна абверглі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG