Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новае для беларускіх турыстаў, якія едуць ва Ўкраіну. 13 парад


Кіеў, плошча Незалежнасьці © Shutterstock.com
Кіеў, плошча Незалежнасьці © Shutterstock.com

У беларускі санаторый у Крыме законна ня трапіш, а за футра на мяжы давядзецца сплаціць мыта.

Шмат гадоў Украіна прыцягвала беларусаў недарагімі і разнастайнымі курортамі і санаторыямі Крыму, адпачынкам на ўзьбярэжжы Азоўскага мора або ў санаторыях Трускаўца. У 2014 годзе, пасьля анэксіі Крыму і крывавых падзей на плошчы Незалежнасьці ў Кіеве, колькасьць беларускіх турыстаў істотна зьнізілася. Але цяпер, нават нягледзячы на неспрыяльны інфармацыйны фон наконт падзеяў ва Ўкраіне, беларусы зноў усё часьцей выбіраюць для турызму ўкраінскі кірунак. Паводле ўкраінскай статыстыкі, летась Беларусь па колькасьці турыстаў ва Ўкраіну заняла другое месца.

Што трэба ведаць аб падарожжах ва Ўкраіну і транзытам праз украінскую тэрыторыю, каб не сапсаваць сабе адпачынак?

Новыя правілы на мяжы

Украінскія памежнікі, ілюстрацыйнае фота
Украінскія памежнікі, ілюстрацыйнае фота

​Перад паездкай лепш вызначыцца, празь які памежны пункт пропуску ехаць, каб не траціць час на чэргі. На афіцыйным сайце Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны ў рэжыме on-line можна пабачыць колькасьць машын на кожным беларуска-ўкраінскім памежным пункце пропуску.

Пры часовым уезьдзе ва Ўкраіну аўтамабіль дэкляраваць ня трэба. Максымальны тэрмін знаходжаньня на ўкраінскай тэрыторыі для машыны з замежнай рэгістрацыяй — адзін год (раней — 2 месяцы). Памежны ды мытны кантроль адбываецца адначасова, а выходзіць з транспартнага сродку на памежным пункце пропуску забаронена — памежнікі падыходзяць да аўтамабіляў і забіраюць дакумэнты для праверкі. Калі да асобаў турыстаў і іхнага багажу няма заўваг, дакумэнты вяртаюць, тым самым дазваляючы ўезд на тэрыторыю краіны. Сродкі самаабароны, як і ў Беларусі, для ўвозу забароненыя.

За футра давядзецца сплаціць мыта

Ілюстрацыйнае фота. Украінскія мытнікі ў аэрапорце «Барыспаль» правяраюць пашпарты
Ілюстрацыйнае фота. Украінскія мытнікі ў аэрапорце «Барыспаль» правяраюць пашпарты

Сёлета са студзеня ва Ўкраіне дзейнічае яшчэ адно новаўвядзеньне — без падатку праз украінскую тэрыторыю можна перавозіць тавары, сумарны кошт якіх не перавышае 500 эўра, а вага — 50 кіляграмаў. Пры ўвозе тавараў праз паветраныя пункты пропуску на дзяржаўнай мяжы Ўкраіны бязмытны парог складае 1000 эўра.

На пачатку новага турыстычнага сэзону празь няведаньне новай нормы дзьве беларускія турысткі папоўнілі ўкраінскі бюджэт — абедзьве везьлі з адпачынку ў Эгіпце футры, кошт якіх украінскія мытнікі ў аэрапорце ацанілі ў больш як 3 тысячы даляраў. У адной беларускі футра канфіскавалі, другая вымушана была сплаціць мытны збор і штраф за парушэньне мытных правілаў, выбраўшы «зялёны» калідор для праходжаньня мяжы. «Чырвоны» калідор і дэкляраваньне тавараў зьменшылі б іхныя выдаткі.

Праверце аптэчку

Перад падарожжам трэба зрабіць рэвізію аўтамабільнай аптэчкі — магчыма, яна ў вас яшчэ з тых часоў, калі ў ёй належала мець марганцоўку. Ад 2013 году ўвозіць марганцоўку ва Ўкраіну забаронена: пэрманганат калію ўключаны ў сьпіс наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў, іх аналягаў або прэкурсараў. Згодна з артыкулам 305 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны спроба ўвозу марганцоўкі будзе кваліфікавацца як кантрабанда наркотыкаў з пакараньнем ад штрафу з канфіскацыяй да пазбаўленьня волі на тэрмін ад 3 да 8 гадоў. Пры кваліфікацыі парушэньня будзе ўлічвацца колькасьць выяўленага парашку.

Грошы

Украінскія грыўні
Украінскія грыўні

​Ва Ўкраіне адзіная разьліковая грашовая адзінка — грыўня. У большасьці крам ды на вялікіх базах адпачынку можна разьлічыцца банкаўскай карткай.

Але калі вы аддаяце перавагу валютнай гатоўцы, то лепш зьвяртацца ў афіцыйныя пункты абмену ў вялікіх гарадах, празь якія будзе праходзіць ваш шлях, і не карыстацца больш прывабнымі, на першы погляд, прапановамі канвэртацыйных цэнтраў або фізычных асобаў — заўсёды ёсьць шанец натрапіць на махляроў, або яшчэ горш — быць прыцягнутым да адказнасьці за незаконныя валютныя апэрацыі: незаконныя скупка, продаж, абмен, выкарыстаньне валютных каштоўнасьцяў як сродку плацяжу караюцца штрафам ад 510 да 680 грыўняў (ад 20 да 26 даляраў у эквіваленце) з канфіскацыяй той сумы грошаў, якая абменьвалася. Летась двое грамадзян Беларусі такім чынам «зьменшылі» свой бюджэт на адпачынак.

Страхаваць ня толькі аўтамабіль, але і сябе

Усім вядома, што для выезду за мяжу Беларусі трэба мець на аўтамабіль «зялёную карту». Але страхаваньне здароўя і жыцьця падарожнікі часта ігнаруюць, па старой памяці думаючы, што Ўкраіна не замежжа. Пры нейкім лёгкім захворваньні мэдычную дапамогу ва Ўкраіне можна атрымаць як на бясплатнай, так і на платнай аснове. Але на выпадак надзвычайнай сытуацыі лепш мець страхоўку.

З роўмінгам ці без?

Ілюстрацыйнае фота. Штаб-кватэра мабільнага апэратара «Київстар» у Кіеве
Ілюстрацыйнае фота. Штаб-кватэра мабільнага апэратара «Київстар» у Кіеве

​Ва Ўкраіне паслугі мабільнай сувязі значна таньнейшыя, чым у Беларусі. І на першай жа пасьля перасячэньня мяжы запраўцы можна без прад’яўленьня пашпарта набыць за 25-40 грыўняў стартавы пакет любога мабільнага апэратара. Потым папоўніць рахунак і перайсьці на тарыфную праграму з інтэрнэтам: у залежнасьці ад апэратара, на 4 тысячы MБ ці 10 ГБ зь бясплатным доступам да праграм BiP, fizy, lifebox, Viber, Skype, WhatsApp, Telegram — гэтага будзе дастаткова для пастаяннай сувязі з радзімай на працягу месяца. Кошт такога тарыфу не перавышае 200 грыўняў. Гэта непараўнальна з коштам роўмінгу ў беларускіх апэратараў — як на тэлефанаваньні, так і на інтэрнэт. Асабліва дарагі ў беларускіх апэратараў мабільны інтэрнэт-роўмінг, пасьля паездкі яны могуць выставіць рахунак каля тысячы даляраў за 500 мэгабайт.

Лепей без «георгіеўскіх» стужак і без сымболікі СССР

Украінскія нацыяналісты спальваюць георгіеўскія стужачкі падчас сьвяткаваньня Дня Перамогі ў Кіеве, 2016 год
Украінскія нацыяналісты спальваюць георгіеўскія стужачкі падчас сьвяткаваньня Дня Перамогі ў Кіеве, 2016 год

​Перад паездкай ва Ўкраіну лепш адмовіцца ад «упрыгожваньня» свайго аўта грамадзка-палітычнай сымболікай. І найперш — «георгіеўскімі» стужкамі і савецкай сымболікай, забароненымі ва Ўкраіне. Беларускае грамадзянства не ўратуе ад адказнасьці — за «георгіеўскую» стужку давядзецца або сплаціць штраф 850–2550 грыўняў (ад 30 да 100 даляраў у эквіваленце), або адседзець да 15 сутак арышту. Летась за такую стужку аштрафавалі двух беларускіх грамадзян, аднаго зь іх — на максымальную суму.

Дарогі пачалі рамантаваць

Пасьля беларускіх дарог украінскія стануць выпрабаваньнем не толькі для аўтамабіля, але і для кіроўцы. Крытычны стан аўтамабільных дарог прызнае і ўкраінскі ўрад — 97 адсоткаў іх патрабуюць капітальнага рамонту.

Адразу адрамантаваць усе дарогі ня проста для любой краіны — летась найбольш распаўсюджаным быў ямачны рамонт, сёлета — поўная рэканструкцыя. Таму на трасах трэба быць пільнымі і не заўсёды паддавацца на прапановы навігатара. Перад тым, як выбраць маршрут, варта параіцца зь іншымі турыстамі, зь мясцовымі людзьмі, вывучыць водгукі пра выбраныя трасы ў сеціве. І быць гатовым да затораў, якія пэрыядычна ўзьнікаюць на трасе Кіеў — Адэса каля Белай Царквы.

Новыя правілы дарожнага руху

​Пры гэтым для ўкраінскіх аўтамабілістаў кепскія дарогі або часовыя дарожныя знакі аб будаўнічых работах не падстава, каб прытрымлівацца хуткаснага рэжыму, нягледзячы на тое, што са студзеня ва Ўкраіне парушэньні правілаў дарожнага руху караюцца больш жорстка. Перавышэньне хуткасьці больш як на 10 кілямэтраў (летась было 20 кілямэтраў) караецца штрафам да 3,4 тысячы грыўняў (да 130 даляраў у эквіваленце). Пры гэтым максымальная хуткасьць у населеных пунктах зьніжаная да 50 кілямэтраў на гадзіну. У той жа час пры руху ўначы ў населеных пунктах максымальна дапушчальнай застаецца хуткасьць у 60 км/г.

Хабар лепш не прапаноўваць

Ілюстрацыйнае фота. Украінская патрульная паліцыя
Ілюстрацыйнае фота. Украінская патрульная паліцыя

​Пасьля ліквідацыі ДАІ ва Ўкраіне працуе дарожная паліцыя. Ёй дазволена кантраляваць хуткасьць аўтамабіляў радарамі. Калі вас спыніць паліцыя, трэба быць гатовым да таго, што для праверкі могуць найперш запатрабаваць сэртыфікат аб праходжаньні аўтамабілем тэхнічнага агляду. Украінская паліцыя добра ведае, што хоць у Беларусі, у адрозьненьне ад Украіны, тэхагляд абавязковы, але многія кіроўцы адмаўляюцца яго праходзіць, бо транспартны збор надта вялікі.

Калі пакараньне незваротнае, хабар украінскай паліцыі лепш не прапаноўваць. Замест аднаго пратаколу складуць адразу два. Згодна з украінскім заканадаўствам, за прапанову хабару супрацоўніку праваахоўных органаў давядзецца сплаціць дадатковы штраф — ад 1700 да 3400 тысячы грыўняў, а максымальнае пакараньне — пазбаўленьне волі на тэрмін да двух гадоў.

Беражыце нумары

Як і ў мінулыя гады, машыны з замежнай рэгістрацыяй ва Ўкраіне ўсё часьцей становяцца аб’ектам магчымасьці «падзарабіць» — злачынцы скручваюць нумары, часам пакідаюць запіску з нумарам мабільнага тэлефона, сумай выкупу і далейшай інструкцыяй для аўтаўладальніка. За вяртаньне нумароў звычайна прапануюць сплаціць ад 3 да 5 тысяч грыўняў (115–190 даляраў у эквіваленце). Але перш чым званіць зладзеям, лепш старанна агледзець тэрыторыю ў радыюсе 15–20 мэтраў — часьцей зьнятыя нумары пакідаюць недалёка ад месца злачынства. Калі не знайшлі, лепш зьвярнуцца да паліцыі, каб атрымаць даведкі для перасячэньня мяжы без нумароў пры вяртаньні дадому. Але, каб такім чынам не сапсаваць сабе адпачынак, лепш карыстацца платнымі аўтастаянкамі — гэта можа каштаваць ад 15 да 20 грыўняў у суткі.

Моўнае пытаньне

Ілюстрацыйнае фота. Удзельнікі флэшмобу з нагоды Дня ўкраінскай пісьменнасьці і мовы. Львоў, 9 лістапада 2017 году
Ілюстрацыйнае фота. Удзельнікі флэшмобу з нагоды Дня ўкраінскай пісьменнасьці і мовы. Львоў, 9 лістапада 2017 году

Украінцам вельмі падабаецца беларуская мова, таму даволі часта пры знаёмстве яны могуць папрасіць размаўляць на роднай мове. Адмову сказаць хаця б некалькі слоў па-беларуску ўкраінцы могуць успрыняць са зьдзіўленьнем ці абурэньнем, а то і запытаць, чый Крым.

Ці патрэбны вам палітычныя дыскусіі на адпачынку — справа асабістая, але варта памятаць, што паводзіны кожнага асобнага чалавека, як і ягоныя меркаваньні, стануць часткай агульнага вобразу беларусаў як нацыі.

Крым закрыты для курортнікаў

Ілюстрацыйнае фота. Кантрольна-прапускны пункт «Чангар»
Ілюстрацыйнае фота. Кантрольна-прапускны пункт «Чангар»

​Крым па-ранейшаму застаецца закрытым для беларускіх адпачывальнікаў. Згодна з нацыянальным заканадаўствам Украіны, уезд і выезд замежных грамадзян і асоб без грамадзянства на гэтую тэрыторыю ажыцьцяўляецца толькі на падставе спэцыяльных дазволаў праз кантрольныя пункты «Каланчак», «Чаплынка» ды «Чангар».

Падставы для атрыманьня дазволу — пражываньне ў Крыме блізкіх сваякоў або сямейнікаў, наведваньне месца пахаваньня родных, сьмерць блізкіх сваякоў або чальцоў сямʼі.

У Дзяржаўнай міграцыйнай службе Ўкраіны Свабодзе патлумачылі, што наяўнасьць у беларускага грамадзяніна пуцёўкі ў санаторый «Белоруссия», які знаходзіцца ў Місхоры і ёсьць уласнасьцю Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта Беларусі, ня ёсьць падставай для атрыманьня дазволу на наведваньне Крыму.

«Пастанова Кабінэту міністраў зьмяшчае дакладны пералік падстаў, паводле якіх выдаецца дазвол. Турыстычныя мэты, адпачынак і аздараўленьне ў яго ня ўключаныя. Ня мае значэньня, што гэта за ўстанова і каму яна належыць. Галоўнае, што тэрыторыя Ўкраіны анэксаваная і яе наведваньне ў абыход украінскага заканадаўства ёсьць парушэньнем», — падкрэсьліў прэсавы сакратар Дзяржаўнай міграцыйнай службы Ўкраіны Сяргей Гунько.

Згодна з украінскім заканадаўствам, наведваньне Крыму праз тэрыторыю Расеі можа скончыцца забаронаю на ўезд ва Ўкраіну. На гэты момант у «чорных сьпісах» Украіны — больш як 300 грамадзян Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG