Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТУТ вам ня там. За што прэсуюць незалежных журналістаў


Ператрус у інфармацыйным агенцтве БелаПАН. Менск, 7 жніўня 2018 году
Ператрус у інфармацыйным агенцтве БелаПАН. Менск, 7 жніўня 2018 году

Ператрусы ў офісе інтэрнэт-парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, затрыманьні журналістаў сьведчаць пра чарговы крок рэпрэсій супраць незалежных мэдыя.

Інфармацыя Сьледчага камітэту і камэнтар дырэктаркі БелТА Ірыны Акуловіч пра прычыны ператрусаў выклікаюць шэраг пытаньняў.

За большасьць тых навінаў, якія выдае БелТА, хутчэй трэба даплачваць людзям і арганізацыям, якія будуць іх чытаць.

Звычайная справа, што інфармацыйныя агенцтвы маюць платную падпіску. Але ў выпадку зь БелТА сытуацыя трохі іншая. За большасьць тых навінаў, якія выдае гэтае агенцтва, хутчэй трэба даплачваць людзям і арганізацыям, якія будуць іх чытаць. Тым больш, паводле прадстаўнікоў БелТА, карыстальнікі платнай падпіскі атрымліваюць інфармацыю толькі на 15 хвілін раней, чым яна зьявіцца на сайце. Цікава было б паглядзець сьпіс тых структур, якія плацяць за іхнія навіны грошы. Не выключаю, што, як і зь дзяржаўнымі газэтамі, існуе добраахвотна-прымусовая падпіска дзяржаўных структур на інфармацыю БелТА. Калі ўжо так патрэбныя тыя навіны, то Tut.by зусім ня бедная арганізацыя, каб заплаціць 300 даляраў у месяц за такую паслугу.

Яшчэ ўразіла такая інфармацыя Сьледчага камітэту. Аказваецца, цягам двух гадоў адбылося 15 тысяч выпадкаў несанкцыянаваных падключэньняў да інфармацыі. Гэта ў сярэднім па 20 узломаў у суткі. То бок журналісты незалежных мэдыя суткамі выкрадалі дзяржаўную таямніцу пра колькасьць надояў, намалотаў збожжа ці пра чарговы рост прадукцыйнасьці працы. Гэта нагадвае, як савецкія газэты 1930-х гадоў шмат пісалі, як капіталістычныя краіны накіроўваюць у СССР тысячы шпіёнаў, каб труціць калгасную жывёлу.

Таксама ўзьнікае пытаньне: чаму так лёгка ўзламаць сайт галоўнага дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва краіны? Чаму гэта заўважылі толькі праз два гады?

Нават калі ўся інфармацыя пра прычыны ператрусаў і затрыманьняў адпавядае сапраўднасьці, дзеяньні СК не адэкватныя маштабу злачынства.

Але дапусьцім, што ўся інфармацыя Сьледчага камітэту пра прычыны ператрусаў і затрыманьняў адпавядае сапраўднасьці, журналісты Tut.by і БелаПАН сапраўды кралі інфармацыю БелТА. Нават у такім разе дзеяньні праваахоўнага органа не адэкватныя маштабу злачынства.

Каля двух дзясяткаў супрацоўнікаў Сьледчага камітэту прыходзяць у офіс найбуйнейшага ў краіне інфармацыйнага рэсурсу, вядуць ператрус, паралізуюць яго працу. Рэдактарак, журналістаў затрымліваюць на трое сутак. Нібы гаворка ідзе пра тэрарыстаў. Няўжо ў Сьледчага камітэту няма больш працы, там так шмат незанятых супрацоўнікаў, каб на шараговую справу мабілізоўваць такі штат?

Відавочна, улады не асьцерагаюцца нэгатыўнага рэзанансу ў грамадзтве. А абсалютная большасьць камэнтатараў на сайце Tut.by, у сацыяльных сетках падтрымліваюць незалежных журналістаў. Таксама ўлады не баяцца непазьбежнай адмоўнай міжнароднай рэакцыі на свае дзеяньні.

З пачатку году ўлады не хаваюць сваёй занепакоенасьці тым, што яны страцілі кантроль над беларускай інфармацыйнай прасторай.

На мой погляд, незалежна ад рэальных фармальных падстаў, цяперашнія дзеяньні праваахоўных органаў — гэта жэст палітычны. З пачатку году ўлады не хаваюць сваёй занепакоенасьці тым, што яны страцілі кантроль над беларускай інфармацыйнай прасторай. Таму робяць ліхаманкавыя захады, каб гэтую непрыемную сытуацыю памяняць. Зімой Лукашэнка зьмяніў трох рэдактараў галоўных дзяржаўных мэдыя. Заблякавалі «Хартыю». Прынялі новы, больш жорсткі закон аб СМІ. Пачалі перасьлед гендырэктара інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Алеся Ліпая. Генэральны пракурор Беларусі Аляксандар Канюк анансаваў увядзеньне адказнасьці за ілжывую інфармацыю ў інтэрнэце.

І вось новы рашучы рэпрэсіўны крок супраць галоўных незалежных інфармацыйных рэсурсаў. Таму нэгатыўная рэакцыя грамадзтва ня моцна хвалюе ўлады. Наадварот, няхай баяцца. Трэба, каб ня толькі незалежныя СМІ, але і камэнтатары ў сацыяльных сетках трохі сьцішыліся, схаваліся ў бульбу, уключылі самацэнзуру.

А тое, што падставай для перасьледу стала нібыта эканамічнае злачынства, дык гэта сёньня трэнд. Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка таксама судзяць не за прафсаюзную дзейнасьць, а нібыта за няcплату падаткаў. Барані божа, ніякай палітыкі, толькі эканамічныя злачынствы. Цікава, ці шмат людзей у гэта верыць?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG