Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускую «лібэралізацыю» ацэняць у Варшаве


Ілюстрацыйнае фота. Беларускі АМАП затрымлівае ўдзельнікаў акцыі супраць прысуду лідэрам незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку
Ілюстрацыйнае фота. Беларускі АМАП затрымлівае ўдзельнікаў акцыі супраць прысуду лідэрам незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку

«Беларусь: рэпрэсіі за фасадам «лібэралізацыі» — такі назоў носіць дыскусія, якая пройдзе 13 верасьня ў Варшаве ў рамках штогадовай канфэрэнцыі АБСЭ па чалавечым вымярэньні.

Арганізатарам мерапрыемства выступае фонд «Беларускі дом», які зарэгістраваны ў Польшчы. Падчас абмеркаваньня галоўнымі стануць дзьве тэмы — рэпрэсіі беларускіх уладаў супраць незалежных журналістаў і незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці РЭП.

«Урад Беларусі імітуе лібэралізацыю, а за праэўрапейскім фасадам працягваюцца рэпрэсіі», — гаворыцца ў анонсе дыскусіі.

Удзельнічаць у ёй запрошаныя беларускія і замежныя экспэрты. Сярод іх — старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец, прафэсар Альбэрцкага ўнівэрсытэту (Канада) Дэйвід Марплз, прэзыдэнт польскага Фонду міжнароднай салідарнасьці Мацей Фалькоўскі ды іншыя. Мадэратарам выступіць галоўны рэдактар вэб-сайту «Gazeta Wyborcza» Раман Імельскі.

​Штогадовая канфэрэнцыя па чалавечым вымярэньні АБСЭ праходзіць у Варшаве з 10 па 21 верасьня. Гэта найбуйнейшае агульнаэўрапейскае мерапрыемства па правах чалавека, на якім службовыя асобы дзяржаўных ведамстваў, міжнародныя экспэрты, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці і праваабаронцы падводзяць вынікі выкананьня ўзятых на сябе дзяржавамі-ўдзельніцамі АБСЭ абавязацельстваў у галіне чалавечага вымярэньня. На працягу двух тыдняў удзельнікі абмяркоўваюць становішча спраў у галінах, якія тычацца дэмакратыі, правоў чалавека і асноўных свабодаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG