Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскі тэатар паставіў Быкава. Рэжысэрка: «Хачу зразумець, як працуе масавае замбаваньне»


У Магілёве студэнтка Расейскага дзяржаўнага інстытуту сцэнічных мастацтваў Каміля Хусаінава паставіла свой дэбютны спэктакль паводле апавяданьня Васіля Быкава «Жоўты пясочак». Гэтай беларускамоўнай пастаноўкай Магілёўскі драматычны тэатар распачынае 14 верасьня новы сэзон. Напярэдадні Свабода пагутарыла з рэжысэркай.

Плач для шасьці галасоў

Творчасьць Васіля Быкава, кажа Каміля, змушае задумвацца. Простай мовай Быкаў перадае трагізм сытуацыі, у якой апынуліся героі апавяданьня «Жоўты пясочак». Гэтага ж рэжысэрка хоча дасягнуць і на сцэне.

Каміля Хусаінава зрабіла эскіз спэктаклю разам з акторамі магілёўскага тэатру на адным з фэстываляў «М.@рт.кантакт». На яго цёпла адрэагавала крытыка. Жанр пастаноўкі вызначаны як «плач для шасьці галасоў».

Каміля Хусаінава
Каміля Хусаінава

Сярэдні ўзрост актораў, занятых у спэктаклі, меншы за трыццаць гадоў. Квіткі на тры дні паказу раскупленыя.

Апавяданьне «Жоўты пясочак» Васіль Быкаў напісаў у 1995 годзе. Героі твору — сьмяротнікі, якіх вязуць на расстрэл з турмы НКВД як «выкрытых ворагаў народу». У «варанку» шасьцёра: селянін-аднаасобнік Аўтух Казёл; былы чэкіст Сурвіла; паэт Фелікс Гром; былы белагвардзеец Валяр’янаў, крымінальнік Зайкоўскі ды партыец-бальшавік Шастак. Да магілы, якую яны самі сабе выкапаюць, іх суправаджае і будзе расстрэльваць малады чэкіст Косьцікаў. Дарогаю нявольнікі разважаюць пра свае жыцьці. Усе яны гінуць, і нават Косьцікаў прадракае сабе сьмерць праз расстрэл.

Чаму «Жоўты пясочак»

«Мяне кранула, што ў апавяданьні гаворыцца пра ўнутраную свабоду чалавека, якая не залежыць ад дзяржаўнага ладу ці яшчэ ад нечага, — кажа Каміля Хусаінава. — Для мяне гэта важна ў цяперашні пэрыяд майго жыцьця, і мне хацелася гэтым падзяліцца.

Фрагмэнт спэктакля. Чэкіст Косьцікаў (на пярэднім пляне) перад выкананьнем расстрэльнага прысуду. У спэктаклі ён застрэльваецца
Фрагмэнт спэктакля. Чэкіст Косьцікаў (на пярэднім пляне) перад выкананьнем расстрэльнага прысуду. У спэктаклі ён застрэльваецца

Сюжэт, безумоўна, трагічны, — адзначае яна. Нам апавядаецца гісторыя, каб мы задумаліся, ці трэба паводзіцца так, як гэта робяць героі, ці неяк іначай.

Мяне дзівіць, як цэлая краіна магла апынуцца пад уладаю тыраніі, і мне незразумела дагэтуль, як працуе мэханізм масавага замбаваньня».

Што ўразіла ў апавяданьні?

«Мяне ўразіла абсурднасьць сытуацыі. Цэнтральнае месца сюжэту: зьняволеныя штурхаюць машыну, якая вязе іх на расстрэл. Яны гэта робяць не таму, што ім пагражаюць (іх жа шасьцёра, а ахоўнік зь пісталетам адзін і сам пабойваецца арыштантаў), а паводле сумленьня: штурхаюць машыну, бо ня могуць гэтага не рабіць.

Фрагмэнт спэктакля. Шасьцёра «ворагаў народу», асуджаных на расстрэл
Фрагмэнт спэктакля. Шасьцёра «ворагаў народу», асуджаных на расстрэл

Гэты абсурд і на сцэну захацелася перанесьці, бо, як па мне, то гэта дужа тэатральная гісторыя, — кажа рэжысэрка. — Для трупы дужа важна паказаць жорсткасьць сытуацыі, але пазьбегчы празьмернай эмацыйнасьці.

Самае складанае было ў пастаноўцы, каб акторы паверылі, што трагедыю ня варта граць праз трагедыю. Твор і так жорсткі, і калі быў першы прагон, то акторы крыкам заходзіліся. Але гледачу цяжка перадаць крыкам жарсьці. Нам жа важна, каб глядач зразумеў саму сытуацыю».

Паводзіны якога героя найбольш памятныя?

«Гэта аднаасобнік Аўтух, — адказвае Каміля. — Ён адзіны да самага канца не разумеў, што адбываецца. Ён у разгубленасьці. Астатнія проста баяліся сабе прызнацца ў тым, што іх вязуць расстрэльваць. Аўтух жа шчыра не разумее, чаму і за што».

Чаму беларуская мова

«Мова, якой напісаны „Жоўты пясочак“, простая, нават у нечым наіўная, як мне здаецца. Пэрсанажы таксама наіўныя. Таму ў творы супадзеньне мовы і спосабу граньня. Мне гэта дужа падабаецца. Быкаў праз прастату мовы здолеў перадаць трагізм сытуацыі. Мне гэтага хочацца дасягнуць у спэктаклі.

Фрагмэнт спэктакля. Селянін-аднаасобнік адмовіўся ісьці ў калгас. Яго раскулачылі і расстралялі
Фрагмэнт спэктакля. Селянін-аднаасобнік адмовіўся ісьці ў калгас. Яго раскулачылі і расстралялі

Я чытала апавяданьне адразу на беларускай мове, — успамінае рэжысэрка. — Праблемаў з разуменьнем не было. Калі шмат даводзіцца чытаць па-беларуску, то пачынаю неўпрыкмет для сябе і думаць па-беларуску».

Радавод з рэпрэсіямі

«У майго прапрадзеда была мануфактура, млын у Арэнбурскай губэрні, і яго раскулачылі. Той з маіх родных, каму пашанцавала ацалець, потым пераехалі ў Казахстан. Там аселі. Мае дзед і бабка вярнуліся ў Арэнбурскую вобласьць. Там я была гады тры са свайго жыцьця, і разам з тым адчула повязь з родным краем, адчула, як па-асабліваму пахне стэп.

Такіх гісторыяў было шмат, — кажа ў канцы гутаркі рэжысэрка. — Людзей вырывалі з родных мясьцін і выпраўлялі за край, і там даводзілася ім выжываць. Некаторым шанцавала».

Каміля Хусаінава нарадзілася ў 1987 годзе ў Кызылардзе (Казахстан). З 1988 году жыла ў Менску. Пяць гадоў адвучылася ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў па спэцыяльнасьці «Рэжысура драматычнага тэатру». Ад 2015-га вучыцца ў Санкт-Пецярбургу на чацьвёртым курсе Расейскага дзяржаўнага інстытуту сцэнічных мастацтваў. Спасьцігае рэжысуру ў майстэрні Генадзя Трасьцінецкага. Спэктакль «Жоўты пясочак» — першая яе прафэсійная тэатральная праца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG