Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арт-сядзіба пачынае праект «Беларускамоўныя»


19 верасьня ў «Арт-сядзібе» (Машэрава,18) стартуе праект «Беларускамоўныя». Яго ўдзельнікі штотыдзень будуць расказваць, як быць беларускамоўнымі.

Сёньня адбудзецца сустрэча зь лідэрам гурту Znich Алесем Таболічам і студэнткай гістарычнага факультэту БДУ Марынай Дубатоўкай.

Кіраўнік «Арт-сядзібы»​ Алесь Сьнег сказаў карэспандэнту Свабоды, што праект будзе доўгатэрміновым.

Алесь Сьнег
Алесь Сьнег

«Мы будзем запрашаць па двое гасьцей, у тым ліку зорак, якія размаўляюць па-беларуску. Яны раскажуць пра свой досьвед быць беларускамоўнымі. Калі і чаму чалавек перайшоў на родную мову? Ці шмат людзей павёў за сабой? Якія праблемы былі, каго натхнілі? Апроч таго, ёсьць шмат беларускамоўных сем’яў — у такім разе будзем запрашаць усю сям’ю. Можна паслухаць і задаць пытаньні», — сказаў Алесь Сьнег.

Паводле кіраўніка «Арт-сядзібы», праект «Беларускамоўныя» прымеркаваны да чарговага перапісу насельніцтва, які пройдзе ў Беларусі ў 2019 годзе.

«Мы стараемся натхніць, каб тыя, хто прыйдуць на сустрэчу, зрабілі наступны крок — пайшлі на курсы беларускай мовы. Праект павінен навучыць не баяцца і пачаць размаўляць па-беларуску. Каб людзі прыходзілі і бачылі, што гэта ня так складана, як можа здавацца», — сказаў Алесь Сьнег.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG